Па маршруце безбар’ернага асяроддзя. Ляхавічы сталі адным з гарадоў Брэсцкай вобласці, дзе прайшоў рэспубліканскі маніторынг па вырашэнні праблем людзей з інваліднасцю

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

15 красавіка на маршруце міжведамаснай рабочай групы быў наш райцэнтр. Прадстаўнікі Міністэрства працы і сацабароны, а таксама Міністэрства адукацыі, структурных падраздзяленняў аблвыканкама вывучалі пытанні, якія тычацца ўсіх ключавых сфер жыццядзейнасці людзей з інваліднасцю.

Прадстаўнікі адукацыйнага ведамства наведалі СШ № 1, якая з 2012 года ў раёне з’яўляецца апорнай па рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пабывалі і ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
У аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН прайшоў круглы стол па праблемах людзей з інваліднасцю. Сярод удзельнікаў – кансультант упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ева Зубкоўская і галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных сацыяльных устаноў камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама
Марына Банчук, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Дзіяна Трысцень, прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання інвалідаў, іншыя.


Святлана Юрлевіч акрэсліла пытанні для абмеркавання: аказанне рэабілітацыйнай дапамогі і розных відаў сацыяльных паслуг людзям з інваліднасцю, забеспячэнне даступнага асяроддзя жыццядзейнасці, пашырэнне ўдзелу людзей з інваліднасцю ў турыстычных, спартыўных і забаўляльных мерапрыемствах. Гаварылі пра тое, што атрымліваецца, над чым трэба папрацаваць, як ажыццяўляецца па данай тэме ўзаемадзеянне з іншымі арганізацыямі і структурамі.
Як гэта работа вядзецца на Ляхавіччыне, прысутным падрабязна расказала загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Святлана Несцяровіч. Яна спынілася на выкананні ў мінулым годзе ў нашым раёне Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Беларусі палажэнняў Канвенцыі па правах інвалідаў на 2017 – 2025 гады. Ажыццяўленне эфектыўных мер па сацыяльнай абароне, забеспячэнні роўнасці і паўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства – мэта дзяржаўнай сацыяльна арыентаванай палітыкі ў адносінах да людзей з інваліднасцю. У раёне пражываюць 1744 чалавекі, якія
маюць I, II ці III групу інваліднасці. У 82-х сем’ях выхоўваюцца 85 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. У раёне наладжана эфектыўная работа па павышэнні якасці, даступнасці і эфектыўнасці аказваемых гэтай катэгорыі насельніцтва сацыяльных паслуг. Рэалізоўваюцца адпаведныя дзяржаўныя праграмы, праекты, укараняюцца інавацыйныя формы жыццядзейнасці і многае іншае. Аказваецца такая дапамога, каб чалавек, у якога маецца інваліднасць, не адчуваў сябе ізаляваным ад грамадства. Асаблівая ўвага надаецца развіццю і ўдасканаленню навыкаў камунікацыі, самаабслугоўвання, аднаўленню страчаных па прычыне захворвання ўменняў. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў і мер стварэння безбар’ернага асяроддзя – аказанне медыка-сацыяльных паслуг пажылым грамадзянам і інвалідам I, II групы, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння. Штогод удасканальваецца рэабілітацыйная дапамога. Тыя, хто мае патрэбу, забяспечваюцца крэсламі-каляскамі розных відаў, смартфонамі, гадзіннікамі з сінтэзатарамі мовы, прыстасаваннямі для праслухоўвання агучанай літаратуры. Маецца паслуга пракату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Прадастаўляюцца паслугі сядзелкі. Назначаецца дапамога па інваліднасці, сацдапамога для кампенсацыі сродкаў на набыццё падгузнікаў, выплачваецца аднаразовая сацдапамога і г. д. У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН працуюць шэсць клубаў і чатыры гурткі.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначыла, што спецыялісты ТЦСАН ведаюць амаль кожную сям’ю, дзе жыве чалавек з інваліднасцю, і адказна абследуюць іх сацыяльна-бытавыя ўмовы. Інваліды I і  II групы атрымліваюць дапамогу і сёстраў міласэрнасці, што працуюць ад Чырвонага Крыжа.
Сярод узнятых праблем – дапамога сям’і ў прафесійным самавызначэнні дзіцяці з інваліднасцю. Вялікае значэнне ў гэтым мае ўзаемадзеянне медыкаў, педагогаў, упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама.
Аб арганізацыі супрацоўніцтва ТЦСАН з грамадскімі аб’яднаннямі расказала спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Жанна Прывольнева. Дарэчы, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак адзначыла неабходнасць распаўсюджвання тэматычных буклетаў, распрацаваных аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН па праблемах людзей з інваліднасцю, сярод школьнікаў і бацькоў.
Дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская падкрэсліла, што больш за год назад дзеля выпрацоўкі і ажыццяўлення ўзгодненых дзеянняў у адносі-
нах да інвалідаў, накіраваных на прафілактыку інваліднасці, рэабілітацыю і стварэнне для іх роўных магчымасцяў, рашэннем райвыканкама створаны міжведамасны савет па праблемах інвалідаў.
Урач-эксперт ЦРБ Наталля Гарбачова расказала, што ў на-
прамку прафілактыкі інваліднасці праводзіцца вялікая работа. Сярод комплексу мер – стварэнне міжраённага кардыялагічнага цэнтра ў Баранавічах. Работа наладжана так, што хуткая дапамога прыязджае да пацыента, медыкі робяць кардыяграму, і пры паказаннях машына адразу накіроўваецца, мінаючы прыёмны пакой у ЦРБ, у цэнтр. Пры інфаркце міякарда, ішэмічнай хваробе сэрца, каб чалавек не атрымаў стойкую непрацаздольнасць, важна не ўпусціць час.
Галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука падзялілася распрацаваным інклюзіўным экскурсійным маршрутам «Горад для ўсіх. Славутасці Ляхавіччыны» працягласцю чатыры кіламетры.
Кансультант упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ева Зубкоўская і галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных сацыяльных устаноў камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Марына Банчук адзначылі важнасць той работы, якая праводзіцца на Ляхавіччыне па падтрымцы інвалідаў, і ацанілі яе станоўча. У той жа час неабходна ўзмацніць псіхалагічную дапамогу людзям з інваліднасцю, па інфармаванні пра іх правы і магчымасці. Асаблівую ўвагу гэтаму павінны надаць і ва ўстановах аховы здароўя. Былі дадзены і іншыя рэкамендацыі.
Удзельнікі маніторынгу азнаёміліся з дзейнасцю аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.