Пытанні задаюць настаўнікі. У Ляхавіцкай гімназіі працавала інфармацыйна-прапагандысцкая група

Сустрэчы бываюць розныя. Напрыклад, калі мы сустракаемся з сябрамі і сваякамі, расказваем пра свае справы, дзелімся перажываннямі і сумненнямі, радаснымі падзеямі. А ёсць сустрэчы асаблівай важнасці: калі ад вырашэння абмеркаваных на іх пытанняў залежыць камфорт і бяспека многіх людзей, прыгажосць і ўтульнасць нашай маленькай радзімы.

У мінулы чацвер у гімназіі працавала інфармацыйна-прапагандысцкая група. З калектывам навучальнай установы сустрэўся старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз. Тэма сустрэчы – «Захаванне гістарычнай памяці аб Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне».

Сёлета Беларусь будзе адзначаць сумны юбілей – 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч нагадала землякам пра падзеі, якія давялося перажыць Ляхавіччыне падчас ваенных дзеянняў.

Таксама яна расказала, што ў гэтым годзе святкаванне Дня Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь і Дня Перамогі прыпадае на адзін дзень – 9 мая. А ўсе мерапрыемствы пройдуць упершыню за апошнія некалькі гадоў на Кургане Славы.

– Чалавек, які забыўся сваю  гісторыю, не мае будучыні. Мы па-
вінны заўсёды памятаць пра подзвіг нашых продкаў. Зусім нядаўна была зроблена спроба перапісаць гісторыю, забыць тое, чым мы павінны ганарыцца. Я ўдзячны людзям, якія не пабаяліся адстаяць сваю краіну, – адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.

Кіраўніку раёна было адрасавана некалькі пытанняў. Настаўнікаў цікавілі,у тым ліку, ацэнка перспектыў рэгіёна, яго моцныя бакі і праблемы.

– Моцных бакоў шмат: гэта і працавітыя людзі, і выдатныя спецыялісты, і зямля. Памылкі здараліся з-за няправільных часам рашэнняў, якія можна выправіць, – выказаў сваё бачанне сітуацыі Мікалай Мароз.

Настаўніка гісторыі Міхаіла Курловіча клапаціў лёс яго роднай вёскі Свяціцы. Са слоў педагога, цяпер у вёсцы ўжо не засталося кваліфікава-ных работнікаў, усе з’ехалі працаваць у іншыя вёскі Ляхавіччыны або ў іншыя раёны.

– Часам аднаўляць больш складана, чым будаваць нешта новае, але гэта рабіць ніколі не позна. У вёсцы засталіся і кладчыкі, і цесляры, і механізатары. Трэба крыху часу, каб даць населенаму пункту другое дыханне, – адказаў Мікалай Мароз.

Таксама з калектывам гімназіі абмяркоўваліся пытанні вакцынацыі, стану ачышчальных збудаванняў, добраўпарадкавання і азелянення райцэнтра.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота аўтара.