Апрабавалі «Хованкі ў лабірынце». Вучні СШ № 2 прынялі ўдзел у квэст-гульні

Цікава і актыўна правесці час, разгадаць загадкі, а яшчэ паспрабаваць сябе ў прафесіі прадаўца-кансультанта, паштавіка, камплектоўшчыка і іншых… Мінулы панядзелак у вучняў СШ № 2 выдаўся багатым на ўражанні.

Рабяты прынялі ўдзел у квэст-гульні «Хованкі ў лабірынце» ў рамках праекта «Устойлівы горад, дзе хочацца жыць», у якім удзельнічае каманда СШ № 2 «Гэта мой час»

Настаўнікі сумесна са школьнікамі падрыхтавалі чатыры квэсты рознай накіраванасці. Першы – «Хованкі ў лабірынце» – прафарыентацыйны. Ён дапамог рабятам свядома падысці да выбару будучай прафесіі. Хлопцы і дзяўчаты змаглі не толькі даведацца пра прафесію, але і на кароткі час паспрабаваць сябе ў ролі спецыяліста па паштовай дзейнасці, настаўніка, прадаўца-кансультанта, спецыяліста банка, пакаёўкі, камплектоўшчыка.

«Полем бою» квэст-гульні стаў райцэнтр. Рабятам трэба было па падказках здагадацца, пра якую арганізацыю ідзе гаворка, а там іх чакалі яшчэ адна падказка і заданне. Квэст трэба было прайсці за максімальна кароткі час.

Хутка рабяты змогуць апрабаваць і іншыя квэсты. На паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі, зніжэнне негатыўнага ўздзеяння на здароўе, павышэнне якасці жыцця насельніцтва малой радзімы накіраваны экаквэст. Папоўніць веды пра Ляхавіччыну рабяты змогуць, прыняўшы ўдзел у гістарычным квэсце, а сямейны квэст дапаможа далучыць бацькоў да сумеснага баўлення часу са сваімі дзецьмі.

– У стварэнні праекта мы адштурхоўваліся ад даследаванняў айчынных і замежных псіхолагаў. Яны лічаць, што падлеткавы ўзрост з’яўляецца адным з самых складаных перыядаў у жыцці чалавека.

-Падлетак шукае сябе, сваё прызначэнне ў жыцці метадам спроб і памылак. Гэты перыяд вельмі насычаны падзеямі, неабходнасцю здзяйснення учынкаў, прыняцця рашэнняў. Таму важна дапамагчы дзецям вызначыцца з будучай прафесіяй ці хаця б зразумець, які напрамак табе падабаецца; задумацца аб экалогіі, яшчэ раз успомніць пра гісторыю месца, дзе нарадзіўся і вырас, і, вядома ж, добра правесці час з аднагодкамі ці бацькамі. Дзякуй арганізацыям і прадпрыемствам горада, якія дапамаглі ў арганізацыі квэста, – гаворыць настаўнік СШ № 2, адна са стваральнікаў квэст-гульні Вольга Ланкуць.

Пра тое, наколькі цікавае і карыснае такое правядзенне вольнага часу, можна пісаць доўга, але красамоўней кажуць вочы школьнікаў, што гараць, зацікаўленасць і стараннасць, з якой рабяты выконвалі кожнае заданне.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.