Як Тушык прынёс “серабро”. Школьніца з Начаўскай СШ заняла другое месца на рэспубліканскім конкурсе


Кожная работа, прадстаўленая на раённы этап рэспубліканскага агляду-конкурсу “Выратавальнікі вачамі дзяцей” – гэта дзіцячы погляд на асновы бяспекі жыццядзейнасці. Творчы конкурс быў арганізаваны РАНС, аддзелам па адукацыі райвыканкама, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа, райкамам БРСМ і камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама. Хлопчыкі і дзяўчынкі у розных жанрах і тэхніках расказалі пра складаную і небяспечную працу выратавальнікаў. Журы прыемна здзівілі арыгінальнасць і крэатыўнасць падачы тэмы рабятамі.
Супрацоўнікі РАНС разам з іншымі арганізатарамі конкурсу адправіліся ва ўстановы адукацыі для ўручэння ўзнагарод пераможцам (“ЛВ” пісаў пра іх раней).
Крыху пазней стала вядома, што творчы погляд юных ляхавічан адзначаны на абласным этапе. У намінацыі “верш” “Выратавальнікам можы быць толькі Чалавек” “бронза” ў навучэнкі Ліпскай СШ Дамінікі Міранчук. Казка “Пра Тушыка і хлопчыка Неслуха” прынесла трэцяе месца школьніцы Начаўскай СШ Анастасіі Ясінскай. А на рэспубліканскім конкурсе Насціна работа заняла другое месца. 16 красавіка дзяўчынка пабывала ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі, дзе прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў.
Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.