Навучэнка Начаўскай школы заваявала другое месца на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці

Кожны год вучні нашай школы прымаюць актыўны ўдзел у конкурсе “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Мы рыхтуем вершы, апавяданні, казкі, малюнкі і многае іншае. Некалькі гадоў запар на раённым этапе былі адзначаны дыпломамі І ступені казкі і апавяданні маіх аднакласнікаў і мая. Але поспех гэтага года стаў для нас неверагодным. Вучаніца нашага 4 класа Ясінская Анастасія пакарыла самую высокую вяршыню. Яе казка “Пра Тушыка і хлопчыка Неслуха” заняла ІІ месца ў ХХІІІ Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Насця напісала пра казачную сям’ю вогнетушыцеляў, якія сочаць за пажарнай бяспекай у супермаркеце, медустанове і школе. Галоўны герой – Тушык – вогнетушыцель, які толькі трапіў на работу ў школу. Хлопчык Неслух вырашыў пагуляць з вогнетушыцелем, а калі ў школе пачаўся пажар, то Тушык не змог дапамагчы ў бядзе. На шчасце, гісторыя скончылася добра. Але кожны чытач засвоіць урок: з вогнетушыцелямі гуляць нельга.

У пятніцу, 16 красавіка,  Насця ездзіла ў г.Мінск на цырымонію ўзнагароджвання. Пераможцам арганізавалі сапраўднае свята. Рабяты пабывалі на прадстаўленні ў дэльфінарыі “Нема” і заапарку, наведалі выставу лепшых работ конкурса. Дамоў Насця прывязла Грамату і каталог работ-пераможцаў, на старонках якога змешчана і наша казка. Вельмі прыемна, што яе змогуць прачытаць у розных кутках Беларусі. Поспех Насці натхніў усіх нас.

Алег Таўпека, вучань 4 класа, карэспандэнт школьнай газеты “Новы погляд” Начаўскай сярэдняй школы.