Як «Тальмінавічы» серадняком сталі. За кароткі час МТФ «Тальмінавічы» перастала быць слабым звяном у вытворчасці малака

Аператары машыннага даення Людміла Траяноўская і Святлана Аляшкевіч.

Яшчэ некалькі гадоў назад ад рагуліных надояў на малочнатаварнай ферме ў Тальмінавічах у літаральным сэнсе плакаць хацелася. Паказчыкі адзначаліся як самыя нізкія сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Шкада было і кароў, і тутэйшых работнікаў, якія імкнуліся працаваць як мага лепш, але пры такіх умовах – скразнякі ў памяшканнях, кармавая база вельмі слабая, адпаведна прадукцыйнасць працы нізкая – пра зарплаты жывёлаводам заставалася толькі марыць. Яшчэ крыху – і, напэўна, ад тутэйшай гаспадаркі засталіся б толькі назва і ўспаміны пра колішняе заможнае жыццё сельгаспрадпрыемства. Аднак, лёс наканаваў гаспадарцы новага гаспадара, а тутэйшым працаўнікам – шанц працаваць і жыць дастойна. У 2019 годзе былое КСУП «Тальмінавічы» стала падраздзяленнем ААТ «Жарабковічы», малочнатаварная ферма з аналагічнай назвай – адной з дзевяці жарабковіцкіх.

Загадчыца МТФ «Тальмінавічы» Наталля Князюк і тэхнік-асемянатар Алена Бортнік.

– Прайшло два гады, як «Тальмінавічы» далучыліся да «Жарабковічаў». За гэты час змянілася многае. Адрамантавалі памяшканні, прывялі ў парадак тэхніку. Змянілася агратэхніка, прыйшлі іншыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлю, словам, зрухі да лепшага істотныя, – гаворыць начальнік тутэйшага ўчастка Дзмітрый Дыдышка, які з невялікім перапынкам працуе ў ААТ больш за 15 гадоў.
– Тры гады назад ад кожнай каровы мясцовыя жывёлаводы атрымлівалі ў дзень па тры-чатыры кілаграмы малака, летась паказчык склаў 18 кілаграмаў, сёлета пакуль 17. Паляпшаецца і якасць сырадою, прадаём яго на перапрацоўку вышэйшым гатункам. Задача нумар адзін – выйсці і на «экстру». Цяпер МТФ «Тальмінавічы» – моцны серадняк сярод нашых фермаў і комплексаў. За мінулы год ад кожнай каровы тут надаілі па 6023 кілаграмы малака. Для параўнання, самы высокі паказчык у нашага малочнага лідара фермы «Чашчы» – 7770 кілаграмаў. Яшчэ адзін красамоўны факт на карысць станоўчых змяненняў: на гэтым малочнатаварным участку атрымліваем 94 цяляці на 100 кароў, – адзначае намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.
Што ж паспрыяла такім істотным зрухам? Аказваецца, дастаткова было збалансавана накарміць жывёлу, паклапаціцца пра запас якасных і спажыўных кармоў, стварыць добрыя ўмовы для ўтрымання кароў і, канешне, камфорт для жывёлаводаў, каб тальмінавіцкія працаўнікі адчулі, што іх праца важная, што яны не забыты і не пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі.
Галоўны складнік паспяховасці, упэўнена Алена Навалочка, – людзі: працавітыя, добрасумленныя, адказныя. Аператары машыннага даення Людміла Траяноўская і Святлана Аляшкевіч якраз з такіх работнікаў.
– На ферме працую другі год, да гэтага дзевяць гадоў была даяркай у СВК «Ляхавіцкі». Перайшла сюды, бо жыву ў Тальмінавічах, дзеці ходзяць у мясцовую школу – мне зручна.
Ні разу не пашкадавала, зарплата добрая, як і ўмовы працы, – запэўнівае Людміла Траяноўская.
Яе напарніца Святлана Аляшкевіч дадае:
– Выдатна, што атрымалі шанц стаць часткай «Жарабковічаў». Цяпер на работу ідзём з інтарэсам і задавальненнем, бо ведаем, што наша праца дастойна аплачваецца. Імкнёмся не падводзіць наш калектыў. А яшчэ прыемна адчуваць павагу і да сябе, і да сваёй працы. Здаецца, і сіл прыбаўляецца.
Каманда на тальмінавіцкай ферме хоць і невялікая (усяго 15 чала-
век), але дружная, зладжаная, узаемазамяняльная. Узначальвае МТФ Наталля Князюк.
– На «Тальмінавічы» прыйшла ў 2015 годзе памочнікам загадчыка фермы. Гаспадарцы давялося перажыць не лепшыя часы. Але цяпер усё па-іншаму. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы – паўтысячы, дойны статак – 200 рагуль. Важна, што кіраўніцтва гаспадаркі паверыла ў людзей. Не проста дало нам надзею на лепшае, заўтрашні дзень, але і зрабіла для гэтага ўсё неабходнае. Таму мы не маем права не апраўдаць такі давер. Кожны ў адказе за свой участак работы. На асаблівым кантролі – і дысцыпліна, рады любой канструктыўнай ініцыятыве, усё гэта і спрыяе поспеху, – падкрэслівае Наталля Князюк.
Сярод лепшых працаўнікоў загадчык фермы называе аператараў машыннага даення Людмілу Траяноўскую і Святлану Аляшкевіч, даглядчыкаў Івана Шпака і Уладзіміра Рокача, цялятніцу Святлану Асос, слесараў Аляксандра Кунцэвіча, Віктара Рудніцкага, Мікалая Канапацкага.
А тым часам новенькае аўто, набытае за ўласныя сродкі «Жарабковічаў», прывозіць тутэйшых працаўнікоў на чарговую працоўную змену – да вячэрняй дойкі застаюцца дзясяткі хвілін. Завяршаецца яшчэ адзін звычайны працоўны дзень на МТФ «Тальмінавічы». Тутэйшыя працаўнікі будуць зноў рупліва шчыраваць, каб надоі былі яшчэ больш унушальнымі. Імкнуцца ёсць да чаго і дзеля чаго: вытворчыя паказчыкі спрыяюць больш высокай зарплаце і, адпаведна, паляпшэнню дабрабыту людзей. А ў планах гаспадаркі – замена даільнага абсталявання, рэканструкцыя і рамонт памяшканняў, іншыя новаўвядзенні. Рэалізуецца задуманае, значыць палепшацца ўмовы працы, а з імі і каэфіцыент карыснага дзеяння жывёлаводаў.
У пацвярджэнне таго, што «Тальмінавічы» «Жарабковічам» не чужыя, – той факт, што клапоцяцца ў ААТ не толькі пра сённяшніх працаўнікоў, але і пра пенсіянераў. Яны хоць і выходзілі на заслужаны адпачынак з іншых гаспадарак, але сёння жывуць на тэрыторыі, якая стала зонай адказнасці ААТ «Жарабковічы». Такая ўвага дарагога вартая.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.