Ляхавіччына: адсеяліся. З захаваннем тэхналогій, якраз уклаліся ў спрыяльныя тэрміны з раннімі зерневымі і зернебабовымі.

Адсеяліся. З захаваннем тэхналогій, якраз уклаліся ў спрыяльныя тэрміны з раннімі зерневымі і зернебабовымі. Цяпер хлебаробу застаецца чакаць і спадзявацца, што веснавая пасяўная кампанія ўвянчаецца важкім коласам. Але адпачываць не даводзіцца, бо новыя клопаты прыспешваюць. Паралельна з пасяўной у многіх сельгаспрадпрыемствах прыступілі да хімапрацоўкі раслін. Самы час удзяліць гэтай справе максімум увагі. Цукровыя буракі, азімыя зерневыя трэба «прапалоць» ад пустазелля, а лён, азімы рапс абараніць ад шкоднікаў. Не пашкодзіла б прыбавіць тэмпаў у рабоце СВК «Тальмінавічы», «Ліпнянка», райаграсэрвісу.
Марудзіць нельга: прыкладна ў канцы мая пачынаецца касавіца — першы і самы галоўны ўкос траў, які закладвае аснову кармавой базы кожнага сельгаспрадпрыемства. Гэтымі днямі трэба ўсім яшчэ раз праверыць гатоўнасць тэхнікі да пачатку кормаўборачнай кампаніі і, калі ёсць неабходнасць, «падцягнуць гайкі».
Як паведаміў галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, сёлета ў раёне плануецца правесці касавіцу на 11700 гектарах угоддзяў. Будзе скошана 3200 гектараў шматгадовых траў і 8500 гектараў сенакосаў і лугоў. Належыць нарыхтаваць 4 000 тон сена, амаль 48 000 тон сенажу.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *