У адзінстве Першамая. І для сучаснікаў гэты дзень асаблівы, пазначаны ў календары як Свята працы

Актыўныя і ініцыятыўныя, энергічныя  і натхнёныя, прыгожыя
і шчырыя, цікаўныя і надзейныя.
Такія яны, прафсаюзныя лідары Ляхавіччыны: старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў Тамара Пракап’юк, старшыні пярвічак камунгаса Іна Смаршчок,
лясгаса Алена Тарлюк.

Яркае сонца, мора бела-ружовай квецені, рознакаляровыя паветраныя шары, гучная музыка, дэманстрацыі і ўрачыстыя парады, безліч шчырых усмешак  і шматлюдныя маёўкі. Такія асноўныя асацыяцыі ў многіх прадстаўнікоў мінулых пакаленняў з першым днём апошняга месяца вясны. І для сучаснікаў гэты дзень асаблівы, пазначаны ў календары як Свята працы.

Гістарычна склалася, што Першамай непарыўна звязаны менавіта з прафсаюзамі. Яны – тая грамадская арганізацыя, асноўная мэта якой – абарона правоў і законных інтарэсаў працоўных. Кожны з нас сваёй сумленнай працай уносіць уклад у агульны росквіт і развіццё краіны. І не важна, хто ў якой галіне шчыруе, рэалізоўвае сябе. Мы разам робім, ствараем, дасягаем, стараемся, каб жыццё станавілася лепшым, дзяржава развівалася і рухалася наперад. Наша сіла – у адзінстве, нездарма 2021-ы аб’яўлены  Годам народнага адзінства. Агульная энергія, згуртаванасць, салідарнасць, накіраваныя менавіта на стваральнасць і добрыя справы, дапамогуць вырашыць любыя задачы.
Рэспубліканскія форумы і раённыя сходы, жніво і конкурс прафесійнага майстэрства, дабрачынныя акцыі і сустрэчы ў працоўных калектывах, маніторынгі і вучоба актыву, спартакіяды і турыстычныя злёты – прафсаюзы заўжды ў гушчыні падзей. Давайце разам перагорнем старонкі альбома добрых спраў самых актыўных прафсаюзных арганізацый раёна.

Па закліку сэрца

Пра ўзрастаючую ролю прафсаюзаў на Ляхавіччыне сведчыць і тое, што толькі з пачатку гэтага года ў раённым аб’яднанні прафсаюзных арганізацый істотнае папаўненне. Створана 11 новых пярвічак: дзве ў дзяржаўных органах і дзевяць –  прыватнай формы ўласнасці.

У вялікай дружнай прафсаюзнай сям’і раёна – 7331 чалавек, яны аб’ядналіся ў 82 пярвічкі. Прафсаюзны клопат – забеспячэнне сацыяльных гарантый,  абарона правоў работнікаў, стварэнне ўмоў для бяспечнай працы і актыўнага адпачынку. І калі пярвічкі, напрыклад, Ляхавіцкай ЦРБ, малочнага завода, жылкамунгаса, ААТ «Жарабковічы» заўжды вылучаліся актыўнасцю, ініцыятыўнасцю, то за апошні час у палку неабыякавых, энергічных, крэатыўных істотнае прыбаўленне. Асабліва вылучаюцца прафсаюзныя пярвічкі ПМК-13, Ляхавіцкага лясгаса.
У нашым раёне выдатныя прафсаюзныя лідары – актыўныя, мэтанакіраваныя, з вызначанай цвёрдай грамадзянскай
і жыццёвай пазіцыяй. І не толькі таму, што пасада абавязвае, але і па закліку сэрца. Назаву лепшых з лепшых. Ірына Чура – старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК (дарэчы, яе партрэт занесены на абласную Дошку гонару Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК), Людміла  Буцько – райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Ірына Брэус – работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Увогуле, усе нашы прафсаюзныя райкамы вылучаюцца актыўнасцю і клопатам пра людзей. І ад старшыні залежыць многае. Паспяхова працуюць і старшыні пярвічак райбальніцы Сяргей Памазанскі, жылкамунгаса Іна Смаршчок, малочнага завода Вольга Анікей, ТЦСАН Таццяна Дыдышка, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць, ТАА «Трансэлектракамплект» Яўгеній Сяргей, лясгаса Алена Тарлюк,
ААТ «Жарабковічы» Людміла Мікуліч.

Тамара ПРАКАП’ЮК,  старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Заўсёды побач

Жыццёвае крэда прафсаюза, які аб’ядноўвае ў сваіх радах работнікаў аграпрамысловага комплексу, – абавязкова быць заўсёды і ва ўсім побач з работнікамі. Выслухаць, падтрымаць, дапамагчы, абараніць – менавіта гэта нашы вызначальныя дзеянні, калі ў прафсаюз звяртаюцца людзі за вырашэннем пытанняў наконт аплаты працы, прадастаўлення водпуску, выдзялення пуцёвак на аздараўленне, звальнення ці аднаўлення на працоўным месцы  і іншых.

Актыўна ўдзельнічаем і ў распрацоўцы калектыўных дагавораў, якія заключаюцца ад імя работнікаў прафсаюзамі з кіраўніком прадпрыемства ці арганізацыі. Асаблівая ўвага – на сацыяльныя гарантыі для працаўнікоў, пытанні аховы працы.
Адказныя сельскагаспадарчыя кампаніі (сяўба, касавіца, жніво), падвядзенне вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны, конкурсы прафесійнага майстэрства – прафсаюзы спяшаюцца на палявы стан, на фермы і ў мехмайстэрні, каб павіншаваць перадавікоў з працоўнымі перамогамі, уручыць  падарункі.
З году ў год удзельнічаем у дабрачыннай акцыі «Прафсаюзы – дзецям», аказваем дапамогу мнагадзетным сем’ям у падрыхтоўцы да новага навучальнага года, арганізоўваем навагоднія ранішнікі для дзяцей, чые бацькі –  работнікі арганізацый, што ўваходзяць у склад прафарганізацыі работнікаў АПК. Летам прафарганізацыі выдзялялі сродкі на патанненне дзіцячых пуцёвак у аздараўленчыя лагеры.
Не забываем і пра ветэранаў працы і прафсаюзнага руху, якія зараз на заслужаным адпачынку.
Канешне, прыемна, што па выніках мінулага года Ляхавіцкая раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК адзначана як лепшая на Брэстчыне ў пытаннях калектыўна-дагаворнага рэгулявання і сацыяльнага партнёрства.

Ірына ЧУРА, старшыня раённай арганізацыі работнікаў АПК.

Кожны аспект – важны

Немагчыма ўявіць жыццё працоўнага калектыву без прафсаюзаў. Гісторыя раённай арганізацыі нашай галіны пачалася ў 1952 годзе. За амаль 70-гадовую гісторыю яна стала надзейным сацыяльным партнёрам, абаронцай сацыяльных і працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў.

У склад раённай арганізацыі цяпер уваходзяць 23 пярвічкі, якія аб’ядналі 1573 чалавекі, у тым ліку – 525 ветэранаў педагагічнай працы.
Прафсаюзны аўтарытэт ствараецца канкрэтнымі справамі. Дзякуючы актыўнай і мэтанакіраванай пазіцыі райкама прафсаюза, узмоцнена сацыяльная абарона работнікаў, канкрэтызаваны і замацаваны асобныя гарантыі па тэрмінах заключэння кантрактаў і дадатковыя меры стымулявання працы, дадатковыя гарантыі маладым спецыялістам і іншае.
Прафсаюзная работа шматвектарная, прадугледжвае розныя аспекты, а яе поспех і выніковасць у многім залежаць ад ініцыятыўнасці лідараў пярвічак. Так, пярвічка СШ № 1 (старшыня Таццяна Абражэвіч) – сярод лідараў па арганізацыі грамадскага кантролю па ахове працы, на яе рахунку – неаднаразовыя перамогі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах па энергазберажэнні, ахове працы. Цікавыя падыходы ў рабоце з ветэранамі працы ў пярвічак СШ № 2 (старшыня Людміла Трыбухоўская) і Востраўскай СШ (старшыня Людміла Юнік). На працягу многіх гадоў пярвічка дзіцячага сада № 3 (старшыня Іна Арлоўская) захоўвае традыцыі арганізацыі вольнага часу работнікаў у форме тэатральных фестываляў, а Тухавіцкай СШ (старшыня Людміла Русакевіч) практыкуе творчыя агеньчыкі. У пярвічак дзіцячага сада № 2 (старшыня Таццяна Лапцева) і Дараўскага ВПК (старшыня Наталля Дуброўка) можна пераймаць вопыт у наладжванні сацыяльнага партнёрства з кіраўніцтвам устаноў. Пералічваць прафсаюзныя фішкі можна бясконца.
Ганарымся і бяром прыклад з нашых калег-педагогаў, якія зараз на заслужаным адпачынку, але і сёння іх энергіі, настрою, празе да жыцця можна па-добраму пазайздросціць. З 1992 года пры раён-
най прафарганізацыі паспяхова дзейнічае савет ветэранаў, які цяпер узначальвае Таццяна Пятух. У 2016 годзе пры райкаме прафсаюза створаны маладзёжны савет,старшынёй абрана Кацярына Гачко.

Людміла БУЦЬКО, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.