Запрашэнне з ляхавіцкім каларытам. Сярод удзельнікаў Міжнароднага вясенняга кірмашу турыстычных паслуг «Адпачынак-2021» і дэлегацыя Ляхавіцкага раёна

Тэматыка ХХІІІ Міжнароднага вясенняга кірмашу турыстычных паслуг «Адпачынак-2021», што прайшоў з 23 па 25 красавіка ў сталіцы, – падарожжа, медыцынскі, гастранамічны і экатурызм, гасцінічны сэрвіс, іншае.

Новыя і традыцыйныя маршруты ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» прадставілі дзясяткі беларускіх тураператараў і паўтара дзясятка з іншых краін. Сярод шматлікіх удзельнікаў – і дэлегацыя нашага раёна, якая прэзентавала турыстычную прывабнасць Ляхавіччыны.
Галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука расказала, што ляхавіц-кая экспазіцыя ўключала экскурсійную двухдзённую праграму «Ляхавічы ў люстэрку стагоддзяў». Адрасавана яна аматарам і знаўцам гісторыі, прыхільнікам палацава-паркавага мастацтва і ўсім, хто цікавіцца таям-ніцамі і легендамі пра мінулае раёна. Маршрут, працягласць якога 50 кіламетраў, пачынаецца ў касцёле Успення Божай Маці, праходзіць праз Дараўскі Дом народных рамёстваў, храм свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Малым Падлессі, сядзібу Бохвіцаў у Флер’янове, комплекс былой сядзібы Чарноцкіх у Начы і завяршаецца ў сядзібе Рэйтанаў у Грушаўцы.
На Ляхавіччыне набірае папулярнасць прамысловы турызм. Таму напрыканцы турмаршруту гасцям прапануюць пабываць на льнозаводзе –  прадпрыемстве, якое не толькі вырошчвае даўгунец, а і нарыхтоўвае насенне, вырабляе і рэалізуе паліўныя брыкеты. Тут жа можна набыць і тавары з лёну.
Адметнасць ляхавіцкай турпрапановы для аматараў гастратурызму – пернік ад райпо, які і пакаштаваць смачна, і можна падарыць у якасці сувеніра на памяць пра раён. У гасцей выставы, для якіх была арганізавана яго дэгустацыя, ён карыстаўся павышаным попытам.
– Кірмаш турыстычных паслуг «Адпачынак» – цудоўная магчымасць расказаць пра гісторыка-культурную спадчыну Ляхавіччыны, запрасіць на экскурсійныя маршруты гасцей і турыстаў. У нас ёсць што паказаць і чым ганарыцца, – падкрэсліла Таццяна Шчука.
Дарэчы, на выставе сярод гасцей былі заяўлены і нашы землякі з Падлаззя Андрэй і Вольга Саванчукі, якія прэзентавалі прадукцыю ўласнай гаспадаркі – «Падлаззеўскія сыры».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.