Экзаменоўка сандружын адбылася ў Ляхавіцкім раёне /фота/

Пераможцы — сандружына ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі».

Створаныя на шэрагу прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна добраахвотныя санітарныя дружыны з’яўляюцца, калі дарэчна будзе такая характарыстыка, структурамі «дзяжурнай» гатоўнасці. Гатовымі пасля зусім нядоўгіх збораў прыйсці на дапамогу ў любы па сітуацыі неабходны для гэтага час. Спаборніцтвы, што традыцыйна прыпадаюць на другую палову мая, з’яўляюцца генеральным элементам праверкі тэарэтычных ведаў, практычных навыкаў удзельнікаў дружын, іх каманднай зладжанасці.
Другі год экзаменацыйным палігонам для гэтага становяцца ваколіцы Кургана Славы, дзе ў мінулую пятніцу і сабраліся 6 добраахвотных санітарных каманд раёна. СВК «Ляхавіцкі», «Шлях новы», «Жарабковічы», дзяржпрадпрыемства «Нача», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» і «ТБЗ «Ляхавіцкі» дэлегавалі сваіх прадстаўніц за перамогай у спаборніцтвах.
Але галоўнае не ў гэтым, як заўважыла памочнік урача Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі Таццяна Русакевіч, якая і займалася падрыхтоўкай да «сесіі» санкаманды брыкетнага завода: «Прызавое месца — прыемны бонус, але самамэтай гэта не з’яўляецца. Галоўнае — падтрымка гатоўнасці сандружын аператыўна і правільна спраўляцца са сваімі функцыямі. У ходзе падрыхтоўкі да спаборніцтваў удзельнікі каманд яшчэ раз успамінаюць тэорыю, шліфуюць практыку аказання першай медыцынскай дапамогі людзям з рознымі траўматычнымі пашкоджаннямі, хто — па сцэнарыі — пацярпеў у ачагах радыёактыўнага, бактэрыялагічнага, хімічнага паражэння і іншае. Каманду нашу складаюць у асноўным вопытныя сандружынніцы, у актыве якіх не адзін такога кшталту палявы выхад. Але ёсць і навічкі — трое дзяўчат упершыню бяруць удзел у падобным мерапрыемстве».
Стартавым этапам спаборніцтваў стаў конкурс мастацкай самадзейнасці ці, кажучы абсалютна дакладна, конкурс строю і песні. Усе страявыя «каробкі» выглядалі варта і, візуальна дастаткова роўна: трымалі раўненне ў калонах і шарэнгах, страявы крок і спявалі ў такт яму. Але, як вызначыліся па завяршэнні суддзі, прадстаўніцы Тухавіч аказаліся крыху «раўнейшымі» за іншых. Яны выйгралі конкурс строю, аддаўшы другое і трэцяе месцы камандам СВК «Шлях новы» і ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» адпаведна.
Ільнозавод жа ўзяў сваё ў конкурсе камандзіраў. Прадстаўніца прадпрыемства Аксана Кісцень выйшла пераможцай названага этапу спаборніцтваў. У прызавую тройку ўвайшлі таксама Наталля Палуян з торфабрыкетнага завода і Таццяна Пішч з СВК «Шлях новы».
Конкурс насценнага друку на тэму здаровага ладу жыцця прынёс перамогу сандружынніцам ДП «Нача». Падрыхтаваная і «выдадзеная» камандай СВК «Шлях новы» газета атрымала другі прыз спабор-ніцтваў, а СВК «Ляхавіцкі» — трэці.
Так больш-менш падрабязна таму, што гэтыя конкурсныя выпрабаванні ацэньваліся, канешне, у залік агульнага выніку, аднак, і асобна. Прычым, і ў літаральным сэнсе: у кожным з іх пераможца, напрыклад, атрымліваў, у тым ліку, і 250 тысяч рублёў прызавых.
У разліку ж на агульнакамандную перамогу неабходна было паказаць яшчэ і клас у палявых выпрабаваннях. Засведчыць на этапе веданне шырокай тэорыі, навыкі аказання першай дапамогі пры траўмах, умоўных паражэннях людзей у ачагах бак-, хім-, радыёактыўнага паражэння, дэманструючы пры гэтым уменне карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы і іншае.
У выніку сандружына ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» захавала за сабой званне лепшай у раёне яшчэ як мінімум на год. Грамата райвыканкама, 900 тысяч рублёў прызавых і права прадстаўляць Ляхавіччыну на аналагічных абласных спаборніцтвах — у якасці ўзнагароды тухавіцкім сан-дружынніцам.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *