Асцерагайцеся ўкусу кляшча

З прыходам вясны ў лячэбных установах з’яўляюцца першыя ахвяры ўкусаў кляшчоў – пераносчыкаў клешчавага энцэфаліту і Лайм-барэліёзу. У 2009 годзе з укусамі кляшчоў у лячэбныя ўстановы раёна звярнуліся 102 чалавекі. Зарэгістравана за 2009 год у раёне два выпадкі захворвання Лайм-барэліёзам (па вобласці – 179 выпадкаў Лайм-барэліёзу, 35 выпадкаў клешчавага энцэфаліту).
Клешчавы энцэфаліт – вострае віруснае захворванне. Пасля ўкусу кляшча захворванне клешчавым энцэфалітам можа развіцца ў перыяд ад некалькіх гадзін да 26 дзён (у сярэднім 7-14 дзён). Пачынаецца яно, як правіла, востра, з дрыжыкаў, галаўнога болю ў лобнай частцы, агульнага недамагання, магчымы лёгкія болі ў вобласці мышц шыі, канечнасцяў, ваніты, ірвота, іншы раз пачырваненне твару. Тэмпература ў першыя 3-5 дзён не перавышае 38 градусаў. У гэты перыяд, не прыкмеціўшы ўкусу кляшча, многія не звяртаюцца за медыцынскай дапамогай або займаюцца самалячэннем, прыняўшы гэта за прастуду. Аднак дзён праз 8-9 зноў развіваюцца галаўны боль, намнога мацнейшы папярэдняга, болі ў мышцах спіны і шыі, з’яўляецца святлабоязь, пачуццё аглушанасці, тэмпература павышаецца да 39-40 градусаў.
Лайм-барэліёз – вострае бактэрыяльнае захворванне, якое пераходзіць у хранічнае. Скрыты перыяд хваробы можа працягвацца ад 2 да 30 дзён, часам 6 месяцаў.
Захваральнасць мае востры пачатак і грыпападобнае цячэнне. На месцы прысмоктвання кляшча праз 1-2 тыдні (часам праз месяц) з’яўляецца выразная чырвоная пляма (у сярэдзіне святлей), якая павялічваецца, потым такія ж кольцы з’яўляюцца ў іншых месцах. У вобласці плямы адзначаюцца моцная пякота, сверб, боль. Калі не лячыцца, хвароба становіцца хранічнай. На позніх стадыях развіваюцца цяжкія паражэнні органаў і сістэм: артрыты, стойкія атрафічныя змяненні скуры, паражэнне нервовай сістэмы. Гэта можа прывесці да працяглай непрацаздольнасці, у цяжкіх выпадках – да інваліднасці.
Заражэнне чалавека гэтымі інфекцыямі можа адбыцца не толькі праз укус кляшча ў лесе, але і пры заносе кляшчоў у жыллё разам з сухім галлём, травой, букетамі лясных кветак, на адзенні і хатнімі жывёламі. Пры гэтым кляшчы могуць спакойна перапаўзці на чалавека і прысмактацца. Заразіцца клешчавым энцэфалітам можна таксама пры пападанні віруса на слізістыя губ, вачэй, носа, рота, праз забруджаныя рукі пасля раздаўлівання кляшча пры яго зняцці, а таксама пры ўжыванні ў ежу сырога казінага малака, асабліва ў вясенне-летні перыяд.
Каб засцерагчы сябе ад укусу кляшча, кожны павінен выконваць пэўныя меры перасцярогі:
— адпраўляючыся ў лес, на пашу ці сенакос, апраніце адзенне і абутак, якія максімальна абараняюць цела ад пранікнення кляшчоў. Шчыльна зашпіліце каўнер, сцягніце манжэты рызінкай, кашулю запраўце ў штаны, штаны ў шкарпэткі і ў гумавыя боты;
— праводзьце сама- і ўзаемаагляды праз кожныя 2 гадзіны знаходжання ў лесе і пасля выхаду для выяўлення і зняцця кляшчоў;
— для адпуджвання кляшчоў выкарыстоўвайце спецыяльныя сродкі – рэпеленты, якія можна купіць у аптэках або магазінах;
— для змяншэння колькасці кляшчоў выдаляйце ламачча, праводзьце вырубку непатрэбных кустарнікаў і скошванне травы;
— не дапускайце выпасу коз у лясной зоне, своечасова здымайце з іх кляшчоў, малако ўжывайце ў ежу толькі гатаванае.
Пры выяўленні кляшча, які прысмактаўся, трэба і яго, і скуру вакол змазаць спіртавым растворам, затым з дапамогай баваўнянай ніткі, завязаўшы вузел на цельцы кляшча, расхістваючымі рухамі ўлева-ўправа выцягнуць яго са скуры. І знятых кляшчоў нельга давіць рукамі, а лепш за ўсё спальваць. Месца ўкусу апрацаваць любым спіртавым растворам і добра вымыць рукі. Звярніцеся да ўрача-інфекцыяніста, які назначыць пры неабходнасці прафілактычнае лячэнне.
Віталій ЦІХАНАЎ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *