Агра – клас!Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Самсановіч сустрэўся з навучэнцамі гарадскіх школ

У мінулы чацвер у СШ № 2 прайшла сустрэча начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзіміра Самсановіча з навучэнцамі гарадскіх школ.

Тэма падымалася важная: старшакласнікі зусім хутка апынуцца перад нялёгкім выбарам – з якой прафесіяй звязаць сваё жыццё. А хто, як не спецыяліст, які не адзін дзясятак гадоў займаецца вызначэннем стратэгіі аграрнай адукацыі, падрыхтоўкай кадраў для аграпрамысловага комплексу, можа даць парады і адказы на пытанні будучым спецыялістам.

Уладзімір Самсановіч расказаў рабятам, як зараз справы з кадравым складам у аграрнай сферы, якіх спецыялістаў не хапае.

– Трэба разумець, што цяпер, каб працаваць у сельскай гаспадарцы, патрэбны не сіла, а веды. Зараз у аграрнай сферы мінімізавана ручная праца, за чалавека многія аперацыі робяць робаты і тэхніка. Таму мы чакаем высакакласных спецыялістаў, – адзначыў прадстаўнік Мінсельгасхарчу.

Таксама Уладзімір Самсановіч расказаў пра асноўныя паказчыкі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства ў краіне. Ён адзначыў, што яны штогод растуць, а па некаторых мы абышлі такія краіны, як Германія і Вялікабрытанія. Яшчэ адно пытанне, на якім засяродзіў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў, – адукацыя для юных аграрыяў. Куды паступаць і якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя, якія перавагі даюць агракласы, якую падтрымку аказвае дзяржава маладым спецыялістам – на ўсе гэтыя пытанні старшакласнікі атрымалі кампетэнтныя адказы.

– Мы робім усё для таго, каб будучым спецыялістам аграпрамысловай сферы было камфортна і цікава вучыцца, каб веды выкарыстоўваліся на практыцы, і са сцен аграрных навучальных устаноў выходзілі спецыялісты з высокім узроўнем ведаў, – падвёў вынік Уладзімір Самсановіч.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.