Больш, чым проста «Оскар». У сталіцы ўзнагародзілі пераможцаў і лаўрэатаў XVII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера»

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава (у цэнтры) з прадстаўнікамі Брэстчыны на «Залатой Ліцеры».

Сэрца літаральна сціскаецца ад хвалявання, калі гучыць чарговая намінацыя самай галоўнай і прэстыжнай журналісцкай прэміі краіны – Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера». Вядучыя трымаюць інтрыгу, і вось чаканае аб’яўленне пераможцаў і лаўрэатаў. Гонар, калі сярод лепшых – і наша раёнка, наш «Ляхавіцкі веснік».

17-ы раз конкурс сабраў тых, хто ведае, як словам трапна і красамоўна адлюстраваць рэчаіснасць, аб’ектыўна паказаць, што адбываецца, пры гэтым зберагчы аператыўнасць і аналітычнасць падачы матэрыялаў. І на гэты раз сустрэча творчых людзей краіны адчувалася зусім па-іншаму –  мінулы год зрабіў беларускую журналістыку больш упэўненай, як гаворыцца, «з зубамі», здольнай даць годны адказ фэйкавым укідам, моцнай, смелай, момантамі дзёрзкай. Як падрэслівалася неаднойчы падчас сустрэчы, экзамен мінулагоднімі падзеямі нашы СМІ вытрымалі.
Як адзначыў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, змяніліся і СМІ, і спажыўцы кантэнту. Цяпер яны ўжо зноў цягнуцца за словам прафесійнага, сапраўднага журналіста, таму што «наеліся» новай грамадзянскай журналістыкі, фэйкаў. Ростам прафесіяналізму і адрозніваюцца СМІ ад таго мінулага года.
У 2021 годзе журы адглядзела-ацаніла каля 400 творчых работ-праектаў перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў і персаналій у 25 намінацыях.
У сваё прафесійнае свята – Дзень друку – атрымаць віншаванні і словы падзякі ад аўтарытэтных людзей, увогуле быць у гэтай прафесійнай атмасферы – ужо само па сабе вялікае журналісцкае шчасце. А бязмернасць эмоцый пацвярджае той факт, што наш «Ляхавіцкі веснік» сярод лаўрэатаў у дзвюх намінацыях – «лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі» і «лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця».
За запаветнай статуэткай, якая сапраўды лепшая за любы «Оскар», на сцэну падымаліся і калегі з Бярозы. «Веснікаўцы» шчыра віншуюць галоўнага рэдактара Віктара Дулевіча (на здымку) і калектыў «Маяка» з перамогай у намінацыі «лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі».
А раёнка шчаслівая, што ацэнена на такім высокім узроўні.
А яшчэ сапраўды здзівіла атмасфера моцнага журналісцкага сяброўства – шчырыя апладысменты ў адрас пераможцаў і гонар за шыкоўныя, глыбокія, змястоўныя праекты, газетныя рубрыкі, інтэрнэт-ідэі калег з усёй Беларусі.
Маргарыта КУХТА.