Прафарыентацыя на малую радзіму. Для сёлетніх выпускнікоў школ Ляхавіцкага раёна адбыўся прафарыентацыйны ўрок

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Якія спецыялісты сёння запатрабаваны на Ляхавіччыне, і якая прафесія можа забяспечыць кар’ерны рост, перспектывы працаўладкавання, якія ёсць сацыяльныя гарантыі для маладых спецыялістаў – гэтыя і іншыя пытанні ўзнімаліся падчас прафарыентацыйнага ўрока, які для сёлетніх выпускнікоў школ раёна адбыўся 29 красавіка ў СШ № 2.

Правялі яго старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская. Сярод гасцей – былыя выпускнікі школ раёна: начальнік участка ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Антон Маслоўскі, старшы інспектар групы кадраў РАУС Дзяніс Завадскі і брыгадзір фермы «Гарлеўшчына» ААТ «Нача» Эліна Фёдарава.


Кіраўнік раёна абазначыў напрамак размовы – заўтрашні дзень Ляхавіччыны залежыць ад кожнага з яго жыхароў, у тым ліку і ад сённяшніх адзінаццацікласнікаў. Моладзь пасля заканчэння навучальных устаноў і атрымання дыплома чакаюць на малой радзіме. Ляхавіччыне патрэбны граматныя і адказныя кадры, якія будуць нераўнадушныя да лёсу свайго краю, да эканамічных паказчыкаў і вытворчых дасягненняў арганізацый і прадпрыемстваў. Стаўка на тых, хто і пасля адпрацоўкі і далей застанецца на Ляхавіччыне і будзе садзейнічаць працвітанню і прыгажосці малой радзімы.
– Сёння вы, адзінаццацікласнікі, стаіце перад галоўным выбарам свайго жыцця – выбарам прафесіі, да якога павінны аднесціся вельмі асэнсавана. Выбіраць, лічу, трэба па душы. Цікавішся тэхнікай –
аддавай перавагу тэхнічным спецыяльнасцям, падабаецца займацца на прысядзібным участку – адкрыта дарога ў агранамію, атрымліваецца добра кантактаваць з людзьмі – ідзі ў педагогі, юрысты і г. д. Якую б спецыяльнасць вы ні атрымалі, вашы вопыт,
веды і навыкі будуць запатрабаваны і карысны на Ляхавіччыне, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Напярэдадні сустрэчы, каб выявіць прафесіянальныя інтарэсы без пяці мінут выпускнікоў і вызначыць пытанні для абмеркавання, сярод старшакласнікаў праведзена адпаведнае анкетаванне. Магчымасць пачуць адказ на хвалюючыя іх тэмы і праблемы менавіта ад кіраўніцтва раёна рабяты выкарысталі па поўнай. Пытанні паступалі адно за адным. Датычылі яны, напрыклад, перспектывы развіцця рэгіёна, яго турыстычнага патэнцыялу, арганізацыі вольнага часу юнакоў і дзяўчат, іншага. Старшакласнікі агучылі, што ў райцэнтры няма баскетбольнай пляцоўкі з сучасным пакрыццём. Кіраўнік раёна абяцаў жаданне баскетбалістаў паступова ажыццявіць.
Навучэнца Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча цікавіла, якія якасці неабходна развіваць школьніку, каб стаць паспяховым? Адназначна, мэтанакіраванасць, працавітасць, трываласць, ініцыятыўнасць. Святлана Юрлевіч адзначыла, што патрабуюцца спецыялісты ўпэўненыя, здольныя выконваць пастаўленыя задачы і весці за сабой людзей, тыя, у каго слова не разыходзіцца са справай.
Па выніках анкетавання, 18,5 працэнта выпускнікоў жадаюць стаць настаўнікамі. На пытанне, якіх педагогаў-прадметнікаў не хапае ў мясцовых школах, Святлана Якубоўская засяродзіла ўвагу на запатрабаванасці настаўнікаў фізікі і матэматыкі – 70 працэнтаў працуючых на гэтых пасадах у раёне пенсійнага ўзросту.
Быць паспяховым і запатрабаваным можна і на сваёй малой радзіме, мець пасаду, аўтарытэт і сацыяльныя дзяржаўныя гарантыі. Прыкладамі са свайго жыцця гэта пацвердзілі запрошаныя спецыялісты з розных сфер дзейнасці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.