Рыбацкія байкі

Шчупак-паляўнічы
Бацька майго сябра Пятрусь — мужчына высокага росту і вельмі дужы — мог адначасова несці два мяхі збожжа пад пахамі. Ён быў заўзяты рыбак. У той час у Шчары вадзілася шмат рыбы, прычым вялікай. Аднойчы жыхары нашай вёскі пачалі скардзіцца, што на рэчцы знікаюць свойскія качкі. Пятрусь вырашыў, што ласуецца качкамі шчупак. Рыбак заўважыў месца, дзе рыбіна звычайна палявала, і справай гонару палічыў яе злавіць. Спачатку ставіў сеткі — адну, другую, але яны не вытрымлівалі націску шчупака — ірваліся. Тады Пятрусь зрабіў адмысловую прыладу. І пачалося паляванне… Аднойчы шчупак, як гаворыцца, клюнуў. Больш за гадзіну тузаліся Пятрусь і рыба. І толькі тады, калі шчупак страціў усе сілы, рыбак змог выцягнуць яго на бераг.
Калі Пятрусь нёс рыбіну дамоў, перакінуўшы праз плячо, хвост яе даставаў да зямлі. Бачыў сам.
А качкі пасля гэтага больш на рэчцы не знікалі.
Курыны бартар
Гэты выпадак з майго дзяцінства.
Асаблівых прыстасаванняў для рыбалкі, як цяпер, тады не было, таму ў ход ішло ўсё, што пад рукой. Вудзільна, напрыклад, вырэзвалі з арэшніку, для лёскі прыстасоўвалі звіты ў тры конскі волас, паплавок рабілі з гусінага пяра. Адным з галоўных рыбацкіх дэфіцытаў былі кручкі. Даставалі іх, хто як мог: камусьці прывозілі з горада, іншыя выменьвалі на розныя рэчы. Але быў адзін даволі надзейны пастаўшчык — вадзіцель райкамаўскай машыны. Ён прывозіў на сход у вёску раённае начальства і не забываў пра кручкі. Адбываўся бартар: вясковыя хлапчукі прадпрымальнаму вадзіцелю прыносілі курыныя яйкі (іншы раз яшчэ цёплыя, прама з-пад курыцы). А ён у абмен на яйка даваў 2 кручкі. Дамоў вадзіцель вяртаўся не з адным дзясяткам яек.
Набыўшы такім чынам дэфіцыт, я пайшоў на чарговую рыбалку. На жаль, яна хутка скончылася — пачалася навальніца. Вярнуўся без улову дамоў. Вудачку паставіў пад страху. Пасля дажджу вырашыў прадоўжыць рыбалку, пайшоў па вуду, а там… на кручку сядзіць курыца (я ж забыў зняць чарвяка з кручка). Спроба злавіць курыцу і адабраць у яе дэфіцытны кручок закончылася крахам: лёска абарвалася, і кручок разам з чарвяком апынуўся ў курыным страўніку. Маці на мае ўгаворы зарэзаць курыцу і дастаць кручок, вядома ж, не згадзілася. А курыца, як ні ў чым не бывала, працягвала несці яйкі.

На спінінг трапіў злодзей
Гэта гісторыя здарылася ў адным з авіяцыйных гарнізонаў. То ў аднаго, то ў другога суседа з кватэр пачалі знікаць рэчы: электрабрытва, лётная куртка… Зварот у міліцыю вынікаў не даў, зла-дзеяў не знайшлі. І тут сусед, які стаў чарговай ахвярай крадзяжу, выпадкова знайшоў сваю куртку на другім паверсе ў скрыні з пяском. Сталі мы сачыць за лесвіцай, каб злавіць злодзея ўласнымі сіламі. Мяркуючы, што аматар чужых рэчаў прыйдзе за схаванай курткай ноччу, гаспадар кватэры, якая знаходзілася побач са скрыняй, прапанаваў злавіць зламысніка… на спінінг. Канец лёскі ён прапусціў праз шчыліну ў скрыні, замаскіраваў і прымацаваў да маланкі курткі. Затым працягнуў лёску да дзвярэй сваёй кватэры і паставіў катушку спінінга на стопар.
Сапраўды, злодзей прыйшоў за курткай ноччу. Выцягваючы здабычу са скрыні, ён нацягнуў лёску, і ў кватэры затрашчаў спінінг. Гаспадар уключыў у пад’ездзе сігнал гучнага бою. Амаль імгненна расчыніліся дзверы іншых кватэр, і злодзей убачыў перад сабой раззлаваных мужчын, якія загарадзілі яму ўсе шляхі да адступлення.
Злодзеем аказаўся качагар з мясцовай кацельні. Пасля міліцыянеры падчас вобыску знайшлі ў яго многія ўкрадзеныя рэчы.

Вынаходнікі
Перад палётамі мы адпачывалі ў прафілакторыі часці, на беразе вадаёма, у якім было шмат карпа. Аднак, рыбачыць, як і купацца ў возеры, забаранялася. На супрацьлеглым беразе знаходзілася вучэбная база студэнтаў-іхтыёлагаў, і за возерам пастаянна вяліся назіранні.
Спаць не хацелася. Мы любаваліся з акна прыгожым пейзажам і ўбачылі двух хлапчукоў, якія сядзелі на беразе вадаёма, апусціўшы босыя ногі ў ваду. Праз кароткія прамежкі часу яны хадзілі ў бліжэйшы хмызняк. Штосьці падазронае і незвычайнае было ў іх паводзінах. Падышлі бліжэй і ўбачылі, што хлопчыкі прымацоўвалі кавалак лёскі з кручком і нажыўкай да нагі і апускалі яе ў ваду. Калі карп хапаў нажыўку, хлапчукі рабілі нагой падсечку, і рыба аказвалася на кручку. Рабяты былі задаволены сваім вынаходніцтвам, а мы, дарослыя, узялі сабе на ўзбраенне яшчэ адзін варыянт лоўлі рыбы.

Рыбачка Маша
Аднойчы летняй раніцай лавіў з кладачкі рыбу непадалёку ад Набярэжнай. Прыгажосць — птушкі спяваюць, карась нядрэнна ловіцца. І раптам — гучны усплёск, быццам хтосьці ў ваду скокнуў ці кінуў вялікі камень. Падумаў, што гэта андатра парушыла спакой. Праз нейкі час усё паўтарылася зноў. Тут я заўважыў, што на бераг з вады выскачыла суседская кошка Машка з невялікай рыбінай у зубах і пабегла дамоў. Як высветлілася, кошка сядзела на кладачцы, сачыла за рыбай: калі тая па вадзе набліжалася да яе — кідалася ў ваду, лавіла і несла карміць сваіх кацянят.
Мікалай СТРАМАВУС,
в. Набярэжная.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *