У строй гатовы! У сёлетні майскі прызыў у армейскі строй з Ляхавіччыны стануць каля 30 юнакоў

Прызыўніку, які адпраўляецца на ваенную службу, у адпаведнасці з заканадаўствам, неабходна выканаць пэўны алгарытм: атрымаць павестку, прайсці медагляд, прыбыць на пасяджэнне прызыўной камісіі і г. д., у рэшце-рэшт з’явіцца на месца збору. Менавіта гэтым у красавіку – маі заняты юнакі, якія хутка зменяць цывільнае адзенне на ваенную амуніцыю.

Адзін з важных момантаў, калі прадстаўнікі воінскіх часцей прыязджаюць у ваенкаматы для камплектацыі армейскіх злучэнняў. Пабывалі «купцы» з пагранічных і ўнутраных войскаў, падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый і ў адасобленай групе Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.
Да ваеннаслужачых гэтых падраздзяленняў прад’яўляюцца больш высокія патрабаванні па стане здароўя і маральна-дзелавых якасцях. Калі прызыўнік прыцягваўся да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці, для яго закрыта служба ў гэтых войсках.
– У сёлетні майскі прызыў у армейскі строй з Ляхавіччыны стануць каля 30 юнакоў, з якіх дзевяць маюць вышэйшую адукацыю, астатнія – сярэднюю спецыяльную ці іншую падрыхтоўку. Усе да службы гатовы, – адзначае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна Арцём Кірута. 
Да таго ж некаторыя з нашых землякоў вырашылі пайсці на службу ва Узброеныя Сілы па кантракце. Для гэтага неабходны адпаведная спецыяльнасць, вакансія і сабраны камплект дакументаў. Два гады да іх будуць прад’яўляцца патрабаванні, як да салдатаў тэрміновай службы, але з вызначаным графікам і зарплатай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.