Пяцёрка з радужнай прапіскай. Сям’я ляхавічан Івана і Алены Ламаносаў будуе сваё шчасце на вуліцы Радужнай

Ляхавічане Іван і Алена Ламаносы – людзі крэатыўныя і рашучыя. Дзецям імёны далі адметныя – нераспаўсюджаныя: Ангеліна, Арсеній і Златаслава. Не баяцца спрабаваць і эксперыментаваць,
нават полюсна змяніць прафесію на інжынерную: Іван перакваліфікаваўся з фельчара, а Алена з настаўніка хіміі і біялогіі.
Зараз гаспадыня ў водпуску па доглядзе за двухгадовай Златаславай,
а галава сям’і працуе інжынерам-механікам у сялянскай (фермерскай) гаспадарцы «ЖарСк», якую заснаваў разам з цесцем Мікалаем Скрыцкім.

Гісторыя Івана і Алены пачалася ў пачатковай школе. Жартуюць, што ўсё жыццё яны разам і побач. Абодва з Галаўнінцаў і хадзілі ў адзін клас. Але сапраўдныя пачуцці выказаны акурат на школьным выпускным вечары. Час толькі ўмацаваў адносіны, нават адлегласць на час службы ў арміі перанеслі стойка. І аднойчы – 18 гадоў назад – у цудоўны летні дзень 7 чэрвеня згулялі вяселле.
Жаданне мужа жыць ва ўласным доме раздзяляла і жонка. І той за справу ўзяўся сур’ёзна. Нават калі штосьці не ўмеў, то выручалі імкненне і зацікаўленасць усё рабіць сваімі рукамі. Так паступова побач з домам узвёў гараж, з’явілася альтанка, вырас прыгожы сад і радуе ўраджаем агарод.
У доме Ламаносаў цёпла і ўтульна. Яны расказваюць пра сваё жыццё, у якім важка гучыць слова кожнага. У іх заведзена, што разам вырашаюць праблемы, плануюць справы і радуюцца поспехам.
У адным з пакояў стварылі своеасаблівую фотагалерэю, на якой здымкі ўсяго сямейства. Сярод іншых выдзяляецца партрэт бацькі, што алоў-
кам намалявала старэйшая дачка Ангеліна – адзінаццацікласніца. Яна для мамы сапраўдная памочніца. Прыгожа малюе, іграе на гітары, майстарскі робіць прычоскі і манікюр. Калі Златаслава капрыз-
нічае – сястра ўмомант яе супакоіць. І на агародзе ў Ангеліны свае грады, за якімі даглядае з вясны да восені. Нараджэнне Златаславы ўспрыняла як падарунак ад бацькоў, якія спраўдзілі яе жаданне. Таму з задавальненнем гуляе з малой, нават не баялася яе нована-
роджаную купаць.
Арсеній – шасцікласнік СШ № 2, а ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў вучыцца ігры на акардэоне ў пятым класе і ўжо мае ўзнагароды. З апошніх – заваяваў званне лаўрэата II ступені на адкрытым дыстанцыйным конкурсе «Гарэзлівыя гармонікі». Да таго вельмі любіць дапамагаць бацьку і хоча ва ўсім быць падобным на яго. А яшчэ таксама, як тата, класна кіраваць разнастайнай тэхнікай. Разам у гаражы круцяць гайкі, майструюць і выразаюць лобзікам з дрэва, падразаюць дрэвы ў садзе і г. д. Арсеній пра бацькоў гаворыць
з гонарам, што яны самыя лепшыя, разумныя і дзяцей заўсёды разумеюць.
Ангеліна дадае, што з братам ведаюць: любяць іх моцна.
Цэнтр і настрой сям’і – Златаслава, якую з любоўю называюць наша Слава ці Злата. Маленькая, але, як сапраўдная жанчына, ужо любіць прыгожа апранацца. Асабліва падабаюцца галаўныя ўборы. Іх адразу пазбаўляюцца бабулі з дзядулем, калі прыходзяць наведаць унукаў.
Раніца ў сям’і пачынаецца са смачнага водару, шлейф якога цягнецца з кухні. Гэта завіхаецца мама: прачынаецца раней за ўсіх, каб прыгатаваць дамашнім сняданак.
У меню абавязкова каша і што-небудзь мясное – свежапрыгатаванае.
У шчаслівай пяцёркі шмат агульных інтарэсаў.
Ім цікава разам адпачываць, ездзіць на экскурсіі і прагулкі, адзначаць святы, на якія збіраецца не менш за два дзясяткі гасцей. На Новы год Алена абавязкова выпякае торт, а вось на дні нараджэння дзяцей заказвае – робіць з мужам дзецям такі цікавы сюрпрыз, каб застава-
ліся прыемныя ўспаміны. Фірменная страва бацькі – шашлык, які ён гатуе па асаблівым рэцэпце.
Любіць – значыць глядзець у адным напрамку, выраз вядомы. Вось і ў Ламаносаў усе погляды сыходзяцца на сям’і і інтарэсах кожнага з дама-
чадцаў.
– Якая формула ідэальнай сям’і, і якой яна павінна быць? Упэўнена, у кожнага свой погляд на выхаванне. Дзяцей прывучаем да самастойнасці і адказнасці. Яны ведаюць, што ў любой сітуацыі могуць да нас звярнуцца за парадай і дапамогай, – дзеліцца мнагадзетная маці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.