Шчасце, закладзенае генетыкай пераможцаў. Пераможнае 9 Мая на Ляхавіччыне адзначылі ўрачыста, патрыятычна, узнёсла

Юных патрыётаў выхоўваюць у ДС № 2 г. Ляхавічы.

Пераможнае 9 Мая на Ляхавіччыне адзначылі ўрачыста, патрыятычна, узнёсла. Мы адзіныя ў жаданні жыць у міры і згодзе.


БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Гэты дзень, упэўнена, кожны пражывае па-асабліваму… Гэта адчуванне вялікай радасці, міру і свабоды, адчуванне, што заўтра будзе, і кожны сам можа яго стварыць такім, якім жадае. Мы вольныя выбіраць – вучыцца, любіць і сябраваць, працаваць, ствараць сем’і, падарожнічаць, можна памыліцца і пачаць спачатку.
У нас так многа мірных дзён!

Узнёслы настрой, які, здаецца, генетычна закладзены ў нашчадках пераможцаў, панаваў напярэдадні і непасрэдна ў сам святочны майскі дзень.


Яшчэ напрыканцы працоўнага тыдня ўрачысты мітынг-рэквіем «Памятаем сэрцам», прысвечаны 76-й гадавіне Вялікай Перамогі, сабраў на плошчы Перамогі кіраўніцтва раёна, працоўныя калектывы, маладое пакаленне,каб чарговы раз аддаць даніну памяці тым, хто набліжаў доўгачаканую Перамогу. Словы шчырай падзякі тым, чые партрэты ў бяссмертным палку, тым, хто сёння можа падзяліцца ўспамінамі падзей з 1945-га. Віншаванні і наказ берагчы самае святое –
мір і незалежнасць – прагучалі ад старшыні дэпутацкага корпуса
раёна Леаніда Калбаса. Сардэчныя віншаванні са святам Вялікай Перамогі адрасаваў прысутным старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Мікалай Юрлевіч.
Кветкі да помніка, хвіліна маўчання… Дзякуй за мір.
«Забег адважных» пачаў суботнюю раніцу на стадыёне «Колас». На грудзях – галоўны сімвал-бутаньерка з яблыневым цветам, у сэрцы – безліч эмоцый – ляхавічане ўсіх узростаў, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, сталі ўдзельнікамі рэспубліканскай  акцыі.

Кветкава-сонечнае 9 мая стала яшчэ больш цёплым ад атмасферы, якая перамясцілася на галоўны цэнтр урачыстых падзей – Курган Славы. Яшчэ больш людзей, яшчэ большы маштаб – здаецца, так і атрымалася. У паветры фраза «Са святам!» лунала і не пераставала гучаць.
Таэтралізаваны мітынг-рэквіем акунуў у ваенныя часы. Брэсцкая крэпасць як сімвал няскоранасці савецкага народа, Хатынь як напамін пра незагойную рану, боль, што запёкся ў сэрцы кожнага беларуса, нашы юнакі і дзяўчаты, што дачасна сталі дарослымі, нашы героі, што з песняй і вінтоўкай баранілі родны парог, – у кожнай тэатралізацыі, пастаноўцы – гонар і пашана сённяшніх патрыётаў.
Моцна гучалі словы-напамін пра подзвіг, што здзейснілі нашы дзяды і прадзеды, і як важна сёння берагчы тое, за што яны былі гатовы, а многія аддалі сваё жыццё. Шчырыя словы і він-
шаванні ад старшыні райвыканкама Мікалая Мароза прагучалі падчас урачыстага мітынгу.
Пра галоўную каштоўнасць – нашу незалежнасць, пра тое, што сёння беларусы – шчаслівы народ, які цэніць суверэнітэт і працягвае рабіць усё, каб Беларусь і далей квітнела, прымнажала свае дасягненні, гаварыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Жалнерчык.
Вакол Кургана, як і належыць, патрыятычна-ўзнёсла. Ваенная тэхніка стала галоўнай фотазонай для ляхавічан, а для самых маленькіх – экспанатам, дзе можна да ўсяго датыкнуцца сваімі рукамі і ўсюды залезці.
Вакол імправізаванага акопа – самыя што ні ёсць ваенныя
будні: вось яны, юнакі на лініі фронту – у руках аўтамат, страшна і жудасна, грэе толькі роднае фота ў кішэні гімнасцёркі… А нам у жыцці выпаў шчаслівы білет – быць толькі гледачом гэтай імправізаванай сцэны ў мірны час. Ім жа, героям той вясны, дастаўся зусім іншы жыццёвы білет.
Шумна, ярка, паказальна – гэта пра выступленні разведвальна-дэсантнай групы  38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырвана-сцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады.

А яшчэ былі танцы і песні, што дарылі аматарскія калектывы Ляхавіччыны. І ў гэты дзень яны гучалі грамчэй і званчэй – радасць Перамогі і сёння праз 76 гадоў – самая галоўная навіна, віншаванне, адчуванне.
Палявая кухня, спартыўныя спа-борніцтвы, конкурсы, атракцыёны – усё гэта як дапаўненне да святочнага дня. Шыкоўная прапанова райспажыўсаюза не пакінула нікога незадаволеным.
Расквеціўся сквер ля фантана – там прайшоў фестываль фарбаў. А ўвечары ў райцэнтры запаліла танцавальна-забаўляльная праграма.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.