Працуе ў СШ №2 г.Ляхавічы настаўніца Валянціна Маслюк

Кожны ўрок любімай настаўніцы Валянціны Маслюк вучні чакаюць з нецярпеннем

Таленавітаму вучню пашчасціла сустрэць таленавітага настаўніка. Гэты дуэт мэтанакіравана, крок за крокам штурмаваў вяршыні любімага прадмета — біялогіі. Даследавалі, аналізавалі, вывучалі, іншы раз і спрачаліся. Вынік не прымусіў сябе чакаць. На абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 11-класніца СШ № 2 Паліна Арлоўская ўдастоена дыплома ІІІ ступені па біялогіі. Нялёгкі, але такі цікавы і пазнавальны шлях да школьнай алімпійскай вяршыні пройдзены пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Валянціны Маслюк. Пад заслужаныя апладысменты прысутных настаўніца і вучаніца атрымалі ўзнагароды на нядаўнім раённым фестывалі «Сузор’е талентаў».
Творчая, захопленая сваёй справай, шчырая і надзвычай добразычлівая — такой Валянціну Навумаўну ведаюць вучні і калегі, родныя і сябры.
Яна любіць сваіх і гарэзлівых, і спакойных выхаванцаў і не ўяўляе жыцця без школы, якая за доўгія гады работы стала роднай. У песні, як і ў адносінах да вучняў, яна раскрываецца неяк па-асабліваму, пяшчотна і гарманічна. Рэпетыцыі і выступленні ў складзе народнага хору настаўнікаў натхняюць і з’яўляюцца добрым стымулам для далейшай творчасці. Голас Валянціны Маслюк — адной з актыўнейшых удзельніц хору — гучыць моцна і прыгожа.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *