У Ляхавіцкім раёне прайшоў семінар па пытаннях кормавытворчасці

У СВК «Ляхавіцкі» гэту сянажную траншэю закрылі за 2 дні.

СВК «Жарабковічы» — гаспадарка, бадай, з самай урадлівай у раёне зямлёй. Натуральна, што ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур тут можа і павінна адпавядаць бальнасці глебы. Першы ўраджай года — травяны. Што ўкосіш, нарыхтуеш на зіму, тое будзеш мець ад малочнага статка ў стойлавы перыяд яго ўтрымання; чым корміш сёння, наколькі збалансаваны рацыён — таксама відавочна па надоях. Надоі і ў разліку на карову, і валавыя ў гэтым сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве надзвычай сціплыя для ягоных магчымасцяў. Сучасныя тэхналогіі вытворчасці малака тут укараняюць марудна. Пра будаўніцтва новых фермаў ці рэканструкцыю існуючых — не толькі памяшканняў — гаворыцца шмат, але па вялікім рахунку — толькі гаворыцца. Вельмі шкада, шчыра заўважу, што гэта — пра Жарабковічы, пра цудоўны куточак, у спадчыннасці якога так многа здабыткаў, што даўней гучалі далёка за межамі раёна. Людзі тут працавітыя, землі, паўтару, шчодрыя, сады ў салаўіных спевах, дамы пад вясёлымі дахамі і… нейкі застой у стаўленні да развіцця не паддаецца ніякай логіцы…
З якой нагоды гэтыя думкі з настальгічнымі ноткамі? Ды пастфактумам — пасля раённага семінара па пытаннях кормавытворчасці, які мелася правесці на базе СВК «Жарабковічы». Не таму, што дрэнна кампанія арганізавана — у мінулую пятніцу, у семінарскі дзень, яна тут яшчэ не пачыналася. Удзельнікі вытворчай нарады далей мехдвара не трапілі. Кіраўнік гаспадаркі Віталій Бусько запрашаў паглядзець гатовую да работы кормаўборачную тэхніку, якая дагэтуль не на травяных палетках. На пытанне старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука, чаму ў гаспадарцы не пачалі касавіцу, адказаў пытаннем, маўляў, а чаму мы павінны касіць? Мы не будзем касіць, пакуль «не стане на пагоду».
Такую пазіцыю праўлення СВК і яго старшыні зразумець цяжка. Відавочна: касіць трэба, і трэба было пачаць гэта днямі раней. Дажджы — не апраўданне прастою. Тым больш, што існуюць такія рэчывы, як кансерванты — яны, па запэўніванні спецыялістаў райсельгасхарчу, не дадуць сапсавацца корму. Гэта важная акалічнасць, і не ўлічваць яе, не карыстацца перавагамі сённяшніх магчымасцей не проста не сучасна — не тэхналагічна. Чакаць ля мора пагоды — іншымі словамі, сухога надвор’я ў вільготны май — ці апраўдана такое чаканне? У Віталія Іванавіча на гэты конт сваё перакананне. І жартам, і ўсур’ёз ён яго агучвае: яшчэ не час, умовы не тыя. Толькі вось пастаўленыя аблвыканкамам задачы дня па корманарыхтоўках і вызначаныя тэрміны застаюцца ў гэтым СВК па-за ўвагай.
Сёлета сітуацыя з зялёным жнівом наступная: мы можам і павінны забяспечыць статак кармамі высокай якасці з разліку 24,2 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву жывёлы на стойлавы перыяд утрымання. Ёсць магчымасць паспець зрабіць тры ўкосы. Менавіта такую задачу паставіў абласны выканаўчы камітэт. Пры граматнай арганізацыі, аператыўнасці першы ўкос траў магчыма завяршыць да 1 чэрвеня, другі — у сярэдзіне ліпеня, трэці прыпадае на пачатак верасня. Гэта задача, якую належыць рашыць. Інакш «непаспяваючыя» зноў будуць мець праблемы з надоямі, а, значыць, не атрымаюць, не заробяць «жывыя» грошы, якія так патрэбны для ўмацавання эканомікі гаспадарак і паляпшэння дабрабыту працаўнікоў — чытай, для павелічэння іх зарплаты.
Удзельнікі раённага семінара накіраваліся пабачыць, як арганізавана нарыхтоўка кармоў у СВК «Ляхавіцкі». А па дарозе спыніліся на полі з купкоўкай, якое належыць СВК «Жарабковічы». Гэты ранні злак ужо выкінуў суквецце. Прамаруджванне з уборкай мае месца. На тыдзень спазніліся, пракаментавалі спецыялісты. Але яшчэ больш трывожыць тое, што не планавала, ва ўсякім разе ў мінулую пятніцу, кіраўніцтва гаспадаркі выводзіць кормаўборачную тэхніку на сенажаць.
А ў СВК «Ляхавіцкі» люба-дорага паглядзець на тое, як шчыруюць на корманарыхтоўках тутэйшыя працаўнікі. На вачах удзельнікаў семінара запаўнялася сянажная траншэя на 1200 тон. Старшыня гаспадаркі Аляксандр Вітко заўважыў, што пачалі сёння (у пятніцу), а заўтра закончым. Побач з гэтай параўнаўча невялікай яшчэ дзве рэканструююць у адну. Усё, як гавораць, радком, усё ладком. Касавіцу тут пачалі на пачатку мінулага тыдня. Вельмі спадзяюцца, што корманарыхтоўчая кампанія пройдзе арганізавана і ў аптымальныя тэрміны. Для гэтага зрабілі і робяць усё неабходнае.
Акрамя такой вось пазітыўнай ілюстрацыі спецыялісты райсельгасхарчу падрыхтавалі наглядны матэрыял у тэму. Галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Каплыноў папярэдзіў пра тыя страты, якія непазбежныя пры парушэннях тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў з-за спозненых тэрмінаў, незахавання тэхналагічных параметраў, няправільнага захоўвання. Свае рэкамендацыі далі іншыя спецыялісты сельскай гаспадаркі.
А завяршыўся семінар высновай, якую лаканічна выказаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, гаворачы пра кармы, корманарыхтоўку, зялёны канвеер: «Вось дзе пачынаецца эканоміка гаспадаркі».
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *