ТБЗ «Ляховичский» начал сезонные работы

Участак па нарыхтоўцы торфу, які ўжо шмат гадоў на ТБЗ «Ляхавіцкі» узначальвае Уладзімір Комса, распачаў сезонныя работы: сёлета належыць нарыхтаваць 240 тысяч тон торфу. Іменна столькі патрэбна заводу, каб з кастрычніка па май наступнага года выпускаць торфабрыкеты. Сёння на балоце працуе больш як 30 адзінак тэхнікі і каля паўсотні работнікаў участка. Прадпрыемства да пачатку сезона атрымала яшчэ 2 энерганасычаныя трактары, якія адразу выйшлі на палі здабычы.
— Крыху стрымліваюць работу дажджы, якія падтапляюць падрыхтаваныя яшчэ летась участкі, — расказвае намеснік дырэктара торфабрыкетнага завода Уладзімір Гунько. — Аднак час марна не траціцца, здабываем торф на прыгодных для работы палях. Спрыяе прадуманая арганізацыя працы, высокая адказнасць, прафесіяналізм як начальніка ўчастка Уладзіміра Комсы, так і яго падначаленых. Рабочы сезон на гэтым ўчастку працягнецца да верасня, а калі паспрыяе надвор’е, то, магчыма, і далей.
Тым часам і на заводзе кіпіць работа: пачалі капітальны рамонт цэхаў і вытворчых участкаў. Плануецца замена скрабковага транспарцёра над прэсамі ў цэху па выпуску брыкетаў, у кацельні будзе заменена канвеерная стужка, адрамантуецца вагонаперакульнік. У цэлым, намечаны шэраг мерапрыемстваў і работ, выкананне якіх дазволіць працаваць больш прадукцыйна, эканоміць сыравінныя і паліўна-энергетычныя рэсурсы.
Як расказаў Уладзімір Гунько, лета — спрыяльны час для пошуку новых рынкаў збыту і заключэння кантрактаў на пастаўку торфабрыкету спажыўцам. Пашыраюцца стасункі з замежнымі партнёрамі, павялічваецца колькасць заявак ад прадпрыемстваў і арганізацый рэспублікі. Намеснік дырэктара ТБЗ «Ляхавіцкі» напамінае і гаспадарам прыватных сядзіб, вяскоўцам, што народная мудрасць вучыць рыхтаваць сані летам, каб не было праблем пры наступленні халадоў.
Гэта толькі так называецца, што на торфабрыкетным спыніліся работы. На справе тут усё ідзе сваёй чаргой: на кожным вытворчым участку стараюцца, каб наступны сезон быў паспяховым.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *