З 17 мая па 8 чэрвеня праводзіцца рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню» пад дэвізам «Не — тытунёваму дурману!»

Згодна даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод з курэннем звязана каля 4,9 мільёнаў смерцяў ва ўсім свеце, і гэты паказчык расце. Кожны другі курэц рызыкуе заўчасна памерці ад сардэчна-сасудзістых (у тым ліку інфаркту міякарда і інсульту), анкалагічных або бронха-лёгачных захворванняў. Пры росце распаўсюджанасці курэння смяротнасць практычна падвоіцца ўжо да 2020 года.
Курэнне тытуню абумоўлівае прыкладна 90 працэнтаў усіх выпадкаў раку лёгкіх, 75 — хранічных бранхітаў і эмфізем, 35 — выпадкаў ішэмічнай хваробы сэрца. Ступень рызыкі смерці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў на 58 працэнтаў вышэй у курцоў, чым у тых, хто не курыць. Айчынная статыстыка ў гэтых адносінах не адрозніваецца ад еўрапейскай. Па даных 25-гадовага назірання за 4500 мужчын г. Мінска, інфаркт міякарда ў курцоў развіваўся ў 1,8 разы, а мазгавы інсульт у 1,4 разы часцей, чым у тых, хто не курыць.
Вельмі вялікая небяспека ўздзеяння другаснага тытунёвага дыму пры курэнні іншых людзей (пасіўнага курэння) штогод абумоўлівае 600000 выпадкаў смерці, у тым ліку 60 працэнтаў у жанчын. Курэц уяўляе пагрозу не толькі свайму здароўю, але і здароўю ўсёй сям’і.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе шэсць найбольш важных эфектыўных стратэгій барацьбы супраць тытуню:
— павышэнне цэн на тытунёвыя вырабы;
— забарона на рэкламу, якая стымулюе продаж і спонсарства;
— абарона людзей ад пасіўнага курэння;
— папярэджанне ўсіх і кожнага аб небяспецы, звязанай з тытунём;
— прапанова дапамогі тым, хто хоча кінуць курыць;
— дасканалы маніторынг эпідэміі і мер прафілактыкі.
Комплексная рэалізацыя стратэгій накіравана на папярэджанне курэння сярод моладзі, дапамогу ў пераадоленні гэтай звычкі, абарону ад пасіўнага курэння. Дарэчы, Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца аб’яўлена зонай, свабоднай ад курэння.
Аматарам цыгарэт варта ведаць, што 98 працэнтаў смерцяў ад раку гартані, 96 — ад раку лёгкіх, 75 — ад хранічнага бранхіту і эмфіземы лёгкіх абумоўлены курэннем (актыўным і пасіўным). Тытунёвы дым утрымлівае больш за 4000 хімічных злучэнняў і больш за 40 з іх садзейнічаюць развіццю раку, а таксама яды, уключаючы нікацін, цыанід, мыш’як, фармальдэгід, вугле- кіслы газ, вокіс вугляроду, сінільную кіслату і г.д.
Нікацін — адзін з мацнейшых вядомых ядаў (у гаспадарцы выкарыстоўваецца як інсектыцыд). Пасля пранікнення цыгарэтнага дыму ў лёгкія нікацін трапляе ў мозг ужо праз сем секунд. У цыгарэтным дыме прысутнічаюць радыёактыўныя рэчывы: палоній, свінец, вісмут. Тэмпература тлеючай цыгарэты 700-900 градусаў. Працяглае і ўпартае раздражненне слізістай абалонкі бронхаў тытунёвым дзёгцем прыводзіць да перараджэння эпітэліяльных клетак і ўзнікнення раку лёгкіх прыкладна праз 20 гадоў. Значыць, калі зараз колькасць курцоў павялічылася, то праз 20 гадоў, адпаведна, узрасце і колькасць хворых. Акрамя таго, курэнне аказвае не толькі мясцовае, але і агульнае ўздзеянне на арганізм, паніжаючы яго супраціўляльнасць.
У пачатку мінулага стагоддзя рак лёгкіх быў надзвычай рэдкай хваробай. Сёння гэта хвароба можа расцэньвацца, як эпідэмія ХХІ стагоддзя, адной з важнейшых прычын якой з’явілася значнае павелічэнне колькасці курцоў. Рак лёгкіх вельмі лёгка папярэдзіць, але цяжка вылечыць. Пачатак курэння ў маладым узросце прыносіць дадатковую рызыку развіцця хваробы. Штогод у свеце ад раку лёгкіх памірае 1,2 млн. чалавек.
Да 60 гадоў у 2 працэнтаў курцоў ужо ў наяўнасці злаякасныя пухліны ў лёгкіх. Тытунёвы дым уяўляе небяспеку не толькі для курцоў, але і для тых, хто побач. У членаў сям’і курца гэта захворванне ўзнікае ў 1,5-2 разы часцей, чым у тых сем’ях, дзе ніхто не курыць. Пасіўнае курэнне пры кантакце з курцом на рабоце павышае рызыку развіцця захворвання на 17 працэнтаў.
Асаблівую небяспеку ўяўляе спалучэнне курэння і работы на шкоднай вытворчасці, таму што курэнне ва ўмовах павышанага ўтрымання, напрыклад, асбесту ў паветры павялічвае рызыку захворвання ў 80-90 разоў.
Мужчыны, якія кураць усё жыццё, маюць кумулятыўную рызыку 15,9 працэнтаў памерці ад раку лёгкіх да 75 гадоў. Для тых, хто кінуў курыць з 60, 50, 40, 30 гадоў гэты паказчык зніжаецца адпаведна да 9,9, 6, 3 і 1,7 працэнта.
Кумулятыўная рызыка памерці ад раку лёгкіх да 75 гадоў у жанчын, якія пастаянна курылі, роўная 9,5 працэнта і змяншаецца да 5,3 і 2,2 для тых, хто кінуў курыць ва ўзросце 60 і 50 гадоў, адпаведна.
І яшчэ адзін аспект. Чалавек, які выкурвае ў дзень пачак цыгарэт, траціць на іх каля 5000-10000 рублёў. Палічыце, колькі атрымліваецца за год…
Таццяна МАЛЯР,
намеснік
галоўнага ўрача ЦРБ.

One thought on “З 17 мая па 8 чэрвеня праводзіцца рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню» пад дэвізам «Не — тытунёваму дурману!»

  • 29/05/2013 в 01:21
    Permalink

    Очень хорошая акция. Услышали бы её те, кто курит в подъездах, на улице, отравляяя жизнь окружающим. Вот бы хоть на один день в рамках акции запретили продавать в магазинах сигареты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *