Зноў запрашае КВЗ

У апошнюю суботу красавіка ў кінатэатр “Кастрычнік” спяшаліся самыя крэатыўныя, неардынарныя, вясёлыя і цікаўныя юнакі і дзяўчаты, каб з гумарам і ўсур’ёз пагаварыць пра вучобу і адпачынак, добраўпарадкаванне і спорт. Каманды “Жыві як гаспадар” (СШ № 1), “Next” (СШ № 2), “Форс-мажор” (гімназіі), “Дзеці Лукіча” (Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа) спаборнічалі ў дасціпнасці, артыстызме, знаходлівасці. Выступалі каманды ў конкурсах “візітоўка”, “размінка”, “дамашняе заданне” “Ляхавіцкая сіліконавая даліна. Мары ці рэальнасць”. Даволі эмацыянальна і яскрава прайшоў і конкурс балельшчыкаў. Ніхто не заставаўся раўнадушным: ні вучні, ні настаўнікі, ні дырэктары школ. Зала не здолела ўмясціць усіх жадаючых.
Кожная каманда была арыгінальнай. “Дзеці Лукіча” вызначаліся незвычайнымі касцюмамі і артыстызмам, а “Форс-мажор” – жартамі і цікавымі гумарэскамі. Гэтыя дзве вясёлыя дружыны падзялілі паміж сабой ІІІ месца. Другой стала каманда СШ № 2, якая пакарыла журы і балельшчыкаў музычным складальні-кам конкурсаў. Дарэчы, лепшым КВЗ-шнікам прызнаны вучань гэтай школы Аляксандр Пунько. Перамогу ў сёлетнім КВЗ святкавала каманда “Жыві як гаспадар”. Асабліва запомніліся жарты пра надзённыя праблемы.
Усе ўдзельнікі і балельшчыкі атрымалі зарад бадзёрасці, энергіі і добрага настрою.
Андрэй ОЗЕРАЎ, дырэктар ДЮСШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *