Вакцынацыя з выездам. На Ляхавіччыне плануецца прышчапіць каля 60 працэнтаў насельніцтва

Актыўна прадаўжаецца вакцынацыя супраць каранавіруса. Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталія Ціханава, на Ляхавіччыне плануецца прышчапіць каля 60 працэнтаў насельніцтва. Па стане на 19 мая, першы этап вакцынацыі прайшлі 1029 чалавек, 817 ужо атрымалі па дзве неабходныя дозы.

Загадчык паліклінікі Анатолій Панько расказаў, што землякі прышчап-
ляюцца вакцынамі расійскай і кітайскай вытворчасці. Паміж першай і другой ін’екцыяй вытрымліваецца 21 дзень. Праводзяць працэдуру як ва ўстановах аховы здароўя, так і падчас выезду спецыялізаваных медыцынскіх брыгад у арганізацыі і на прадпрыемствы. Так, у мінулы чацвер прышчэпачны медыцынскі дэсант высадзіўся ў будынку райвыканкама. Жаданне абараніцца ад COVID-19 выказалі 28 супрацоўнікаў розных падраздзяленняў і службаў, усе яны атрымалі расійскі прэпарат «Спутнік V».
– Перахварэла ўжо каранавірусам, на сабе адчула, наколькі інфекцыя небяспечная, таму, вырашыла прышчапіцца. Тым больш што працую пастаянна з людзьмі, і рызыка падхапіць інфекцыю зноў высокая. Муж таксама вакцынаваўся, – адзначае начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
– Перад вакцынацыяй абавязковы агляд урача. У кожнага вымяраецца тэмпература, ціск, сатурацыя, збіраецца інфармацыя пра хранічныя хваробы, расказваецца пра магчымыя пабочныя ўскладненні. Сярод асноўных рэкамендацый у пасляпрышчэпачны перыяд вылучу наступныя: нельга мачыць месца ўколу пяць дзён, тыдзень не ўжываць алкаголь, два тыдні не хадзіць у лазню, – гаворыць загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі Яўгеній Мудрагелаў.
Дарэчы, праз 21 дзень для ўвядзення другога кампанента вакцыны медыцынская брыгада зноў прыедзе ў райвыканкам.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.