Час блізкага. З 25 мая па 5 чэрвеня абавязковае ўключэнне блізкага святла фар

І сёлета напрыканцы навучальнага года і напачатку летніх канікулаў з 25 мая па 5 чэрвеня ДАІ праводзіць традыцыйны для гэтай пары года спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увага – дзеці!».

Асноўнае патрабаванне да вадзіцеляў – абавязковае ўключэнне блізкага святла фар ці наяўнасць дзённых хадавых агнёў транспартных сродкаў незалежна ад часу сутак (пункт 166.9 Правілаў дарожнага руху).
Дарэчы, за парушэнне правілаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: папярэджанне ці штраф у памеры да трох базавых велічынь.
Таксама пільная ўвага надаецца захаванню вадзіцелямі скорасных рэжымаў, выкананню правілаў праезду пешаходных пераходаў і бяспечнай перавозцы дзяцей. Вадзіцелі павінны быць асабліва ўважлівыя пры праездзе каля ўстаноў адукацыі, а таксама на нерэгулюемых пешаходных пераходах, увага – і на правілы перавозкі дзяцей.
Галоўная мэта акцыі – папярэджанне і прафілактыка дзіцячага дарожнага траўматызму. Статыстыка засведчвае сумныя лічбы: з пачатку 2021 года на тэрыторыі Брэстчыны адбылося 16 ДТЗ з удзелам дзяцей, адзін непаўналетні загінуў, 15 траўмаваны.
Бацькам таксама неабходна паклапаціцца пра дарожную бяспеку сваіх дзяцей. У прыватнасці, нагадаць дарожную грамату і вучыць уменню правільна ацэньваць дарожную сітуацыю, а самім захоўваць правілы перавозкі дзяцей.
Аляксандр АНІКЕВІЧ,  старшы дзяржаўтаінспектар  АДАІ РАУС.