Канікулы +лета = бяспека

Канікулы – час, які вельмі чакаюць дзеці. Добра, калі рабяты яго праводзяць з карысцю: аздараўліваюцца, займаюцца спортам, чытаюць кнігі, гуляюць з сябрамі, дапамагаюць дарослым. Але ў некаторых лета ператвараецца ў час свавольстваў, якія нярэдка заканчваюцца трагедыяй. На жаль, у час канікулаў павялічваецца колькасць няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей, якія засталіся без нагляду.

Так, у 2020 годзе дзіцячае свавольства стала прычынай пажару, у выніку якога гарэла гаспадарчая пабудова ў вёсцы Галаўнінцы.

Каб мінімізаваць наступствы няшчасных выпадкаў, нагадвайце сваім дзецям правілы абыходжання з агнём і правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях.

Дзеці павінны ведаць свой дамашні адрас і тэлефоны экстранных службаў: 101, 112, 102, 103, 104. Нялішнім будзе каля тэлефона прымацаваць ліст з гэтымі нумарамі і растлумачыць малым, у якіх выпадках на які нумар трэба тэлефанаваць.

Нагадайце дзецям, што ў выпадку пажару неабходна адразу выбегчы на вуліцу і клікаць на дапамогу дарослых і ні ў якім разе не хавацца пад ложак або ў шафу. Растлумачце дзецям, чаму ад агню нельга схавацца, і што тушыць яго могуць толькі выратавальнікі.
Запалкі захоўвайце ў недаступным для дзяцей месцы. Не дазваляйце малым дзецям самастойна карыстацца газавай плітой і электрапрыборамі.

Для таго, каб вывучэнне правілаў бяспекі не пера-тваралася ў нудны працэс, бацькі могуць звярнуцца да дапамогі мультфільма МНС «Цудоўная кніга». У кожнай серыі падрабязна разбіраецца, як сябе паводзіць у той ці іншай надзвычайнай сітуацыі. Знайсці мультфільм вы можаце на афіцыйным yоutube-канале МНС.

Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.