Прыгажосць з-пад пэндзля

Бачыць жыццё з яго шматграннасцю і характэрнымі адценнямі, перадаваць эмоцыі пры дапамозе фарбаў і пэндзля вучыць сваіх выхаванцаў мастак Дзмітрый Бурвель. Яму гэта ўдаецца. Вучні стараюцца спасцігаць усе сакрэты жывапісу, якія даносіць да іх педагог. У дадатак кожны з іх марыць стаць сапраўдным мастаком, таму і шмат працуюць, настойліва і творча. Як вынік – перамогі ў самых прэстыжных конкурсах. Нядаўна ў Мінску ў Палацы Рэспублікі на Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка, на які даслалі свае работы больш як 20 тысяч юных мастакоў з 23 краін свету, вучні Дзмітрыя Бурвеля зноў былі ў ліку лепшых. Малюнак Насці Зялёнка атрымаў дыплом першай ступені, Юлі Бурчыц – дыплом другой ступені. Дзяўчынкі ўзнагароджаны яшчэ і медалямі конкурсу.
Адметнымі былі і работы юных мастакоў педагога Сяргея Чарановіча. Алёна Карпеня, Кацярына Шулякоўская, Лізавета Сідор, Насця Бажко атрымалі дыпломы ўдзель-нікаў выставы. Трэба сказаць, што ўсе гэтыя юныя таленты выхоўваюцца ў дзіцячай мастацкай студыі “Апалон”. Праявілі сябе і навучэнцы Ляхавіцкай школы мастацтваў, з якімі працуе Васілій Грынь. Малюнак Дзіяны Вайшэвіч з вёскі Ліпск атрымаў дыплом трэцяй ступені, а работы Крысціны Віхноўскай, Антаніны Дзенісеня, Насці Дзядзечка, Сяргея Гуліцкага, Веранікі Вялько (усе рабяты жывуць у вёсцы Крывошын) – адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў выставы.
Толькі парадаваліся адной падзеі, як адбылася другая: таленавітых мастакоў з Ляхавіччыны сабралі ў Брэсце на ўрачыстае ўручэнне сертыфікатаў спецыяльнага Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, дзе была арганізавана і выстава работ стыпендыятаў. Да гэтага дня ўпраўленне культуры аблвыканкама падрыхтавала каталог работ “ Маладыя таленты Брэстчыны”. У ім прадстаўлены юныя аўтары з чатырох устаноў вобласці і іх творы, у тым ліку і стыпендыятаў Ляхавіцкай дзіцячай мастацкай студыі “ Апалон “.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *