З сям’і ўсё пачынаецца. На Ляхавіччывне падведзены вынікі сямейнага конкурсу

«Мая сям’я – мая краіна» – рэспубліканская акцыя, прымеркаваная Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны да Дня сям’і. Да яе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з раённымі арганізацыямі «Белай Русі» і Таварыства Чырвонага Крыжа далучыўся творчым анлайн-конкурсам
«Усё пачынаецца з сям’і!».

Сем’і, сярод якіх і чатыры мнагадзетныя, дасылалі фотаздымкі і відэаролікі з песнямі. Журы было няпроста выбраць лепшыя работы – настолькі нашы землякі адказна і крэатыўна паставіліся да выканання ўмоў конкурсу.
У вакальнай намінацыі «мая сям’я, якая спявае» перамагла мнагадзетная сям’я Васілія і Веранікі Шадураў з Пранчакоў. Другое месца – у сям’і Аляксандра і Вольгі Шалікаў. Сям’я Андрэя і Іны Крукоў на трэцім месцы.
Лепшае сямейнае фота «шчаслівыя разам» – у сям’і ляхавічан Дзмітрыя і Вольгі Багушэвічаў. На другім месцы сям’я Уладзіміра і Святланы Марцінкевічаў, а замкнула тройку лідараў сямейства Алега і Алены Ярашаў.
У мінулую пятніцу ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей ТЦСАН панавала ўрачыстая атмасфера – на цырымонію ўзнагароджання запрасілі пераможцаў творчага спаборніцтва і яго ўдзельнікаў. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Равінская шчыра павіншавала канкурсантаў са святам і падкрэсліла вялікую ролю дзяржавы ў падтрымцы сем’яў. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначыла высокі ўзровень работ, якія атрымалі пераможны статус. Падарункі сем’ям былі ўручаны ад раённых арганізацый «Белай Русі» і Таварыства Чырвонага Крыжа.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак павіншавала канкурсантаў прыемнымі сувенірамі.
Пару слоў пра тых, хто заслужыў першае месца. Сям’я Васілія і Веранікі Шадураў нарадзілася 15 гадоў назад. Іх шчасце – мнагадзетнае: Глеб, Алеся, Аксіння. Сямейная пяцёрка ўсё робіць разам: працуюць, адпачываюць і падарожнічаюць. Праўда, з-за паўтарагадовай Аксінні паездкі пакуль пастаўлены на паўзу. Спявае ў сям’і Алеся, якая вучыцца ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў па класе цымбалаў, а астатнія яе горача  падтрымліваюць. Таму з інтарэсам вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе.
Сямейнаму саюзу Дзмітрыя і Вольгі Багушэвічаў – дзевяць гадоў. Яны стараюцца як мага больш часу праводзіць разам з дзецьмі і з радасцю прыдумваюць для сыноў Сашкі і Даніка цікавыя сюрпрызы. Асабліва хлопцы любяць гуляць з бацькам у футбол і займацца з канструктарам. А калі да сумеснага прагляду мультфільмаў далучаецца мама, сеанс становіцца яшчэ больш захапляльным. Шчаслівыя моманты і дасягненні фіксуюць на фотакадрах. Калі сабраць усе сямейныя фотаздымкі разам, атрымаецца не адзін дзясятак альбомаў. Для конкурсу яны маглі прадаставіць веер здымкаў – на кожным іх хлопчыкі. Пяцігадовы Сашка і двухгадовы Данік – браты-сябры. Малодшы стараецца капіраваць старэйшага, і разам ім весела.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.