Настасся і “Беларусь”

Напрыканцы красавіка ў Рэспубліканскі Палац культуры з усіх рэгіёнаў Беларусі з’ехаліся юныя таленты на фінал ІІІ адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Шаную цябе, Белая Русь”, прысвечанага 65-годдзю Вялікай Перамогі. На ім не толькі прадстаўніча, але і паспяхова выступілі самадзейныя артысты Ляхавіччыны. Журы і гледачам запомнілася выступленне танцавальнага калектыву харэаграфічнага аддзялення Ляхавіцкай школы мастацтваў (кіраўнік Ганна Буйкевіч), вакалістаў Уладзіміра Туціна з вёскі Жарабковічы і Андрэя Цямчыка – удзельніка эстраднай студыі клуба “Юнацтва” (кіраўнік Уладзімір Равінскі) Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Гэтыя канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.
Пасля феерычнага выступлення салісткі Навасёлкаўскага СДК Настассі Рамановіч (кіраўнік Таццяна Пішч) і харэаграфічнага калектыву школы мастацтваў (кіраўнік Надзея Чынько) доўга не сціхалі апладысменты. Кампазіцыя “Беларусь” зачаравала прысутных меладычнасцю, грацыёзнасцю, выдатнай манерай выканання і энергетыкай, якая зыходзіла ад маладых артыстаў. Знакамітая салістка вядомага народнага ансамбля “Бяседа” Таццяна Лазоўская высока ацаніла вакальныя даныя і артыстызм маладой спявачкі з аграгарадка Навасёлкаўскага: “Мне вельмі спадабалася. Дзяўчына з Ляхавіччыны спявала прыгожа, каларытна. Твор вельмі ёй пасуе”. Прадстаўнічае журы адзначыла выступленне Насці Рамановіч і танцавальнага калектыву дыпломам ІІІ ступені і статуэткай “Ліра” – сімвалам конкурсу.
Для 22-гадовай студэнткі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Насці Рамановіч – гэта важкая і значная перамога, якая ў чарговы раз пацвердзіла яе таленавітасць. Дзяўчына захапілася спевамі з дзяцінства, у чатырохгадовым узросце ўпершыню выступала. Цяпер яна заўсёды знаходзіць свабодную ад заняткаў хвіліну, каб заняцца любімымі спевамі, з задавальненнем удзельнічае ў рэпетыцыях і выступленнях народнага ансамбля “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК.
“Песня – гэта мае жыццё, напоўненае чароўнымі гукамі і рознакаляровымі фарбамі. Душа так і просіцца спяваць”, – гаворыць Настасся.
Наталля ГАРАХОВІЧ, вядучы метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *