Сола для фартэпіяна. Ураджэнка Ляхавіцкага раёна прызнана лаўрэатам I ступені і намінантам на Гран-пры VI Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў «Музыкі святло»/LIGHT OF MUSIC 2021

Для кагосьці музыка – хобі, а для нашай зямлячкі з Тухавічаў Ангеліны Ваўчок – два ў адным: і натхненне, і будучая прафесія.

Ангеліна – чацвёртакурсніца Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа, дзе навучаецца па спецыяльнасці «харавое дырыжыраванне (народны хор)». Актыўна выступае ў складзе народнага ансамбля народнай музыкі «Дзівосы» і ўжо мае дастаткова важкі творчы вопыт і дасягненні. Так, напачатку красавіка ў дуэце з аднакурсніцай прызнана лаўрэатам I ступені і намінантам на Гран-пры VI Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў «Музыкі святло»/LIGHT OF MUSIC 2021, што праходзіў у сталіцы. У ім спаборнічалі вакалісты з Польшчы, Кіпра, Даніі, Балгарыі і іншых краін.
У Рэспубліканскім конкурсе мастацтваў «Музычны феерверк» у намінацыі «вакальны жанр (народныя спевы)» дуэт Ангеліны з навучэнцам каледжа  ва ўзроставай катэгорыі 16 – 19 гадоў заваяваў дыплом і званне лаўрэата I ступені. На I Міжнародным конкурсе вакалістаў Voicepremium-2021 у Ангеліны ў дуэце дыплом лаўрэата II ступені. Папоўніў скарбонку званняў і ўзнагарод і VII Міжнародны фестываль-конкурс «Новыя вяршыні-2021», што праходзіў у Мінску. Народныя спевы сола, а таксама выкананне ў дуэце прынеслі нашай зямлячцы дыпломы лаўрэата I ступені. Заслуга ў гэтых перамогах, лічыць Ангеліна, у многім належыць яе выкладчыцы па вакале Таццяне Нішкевіч.
І гэта не ўвесь паслужны спіс Ангеліны Ваўчок. Дзяўчыне падабаецца спяваць і іграць на фартэпіяна. Ад каледжа яны выязджаюць з канцэртамі і выступаюць на розных пляцоўках. Ангеліна любіць сцэну, радуецца, калі апладысменты гучныя. Яна эмацыянальна перажывае песню, умее стварыць яркі сцэнічны вобраз, перадаць пачуцці, і калі спявае сола, і ў хоры ці ў ансамблі.
Калі камусьці даспадобы эстрадныя творы, то Ангеліна выбірае народныя. Лічыць, што яны закранаюць струны душы, падымаюць настрой і натхняюць. Майстар-клас для навучэнкі музкаледжа ў тым ліку і выступленне ансамбля «Бяседа».
З песняй і музыкай яна паўсюдна. І калі рыхтуецца да заняткаў, і калі
прыязджае ў родныя Тухавічы да бацькоў. Да ўсяго, захапляецца яшчэ і танцамі – народнымі і сучаснымі.
Зараз чацвёртакурсніца рыхтуецца да здачы дзяржаўных экзаменаў. Пасля атрымання дыплома плануе паступаць далей – да свайго прафесійнага заўтра ставіцца вельмі адказна. Прытым добра памятае тых, хто ўлюбіў у музыку і дзякуючы каму без яе ўжо не ўяўляе свайго жыцця, – настаўнікаў Тухавіцкай  школы мастацтваў Аляксандру Абрамаву і Івана Банецкага.
– Творчая, руплівая і старанная, а яшчэ вельмі таленавітая – такая яна, Ангеліна Ваўчок, – адзначае выкладчык па класе вакалу музычнага каледжа Таццяна Нішкевіч. – Упартая праца на працягу навучання дала свой плён – конкурсы, у якіх апошні год удзельнічала мая навучэнка, прынеслі прызавыя месцы. Дзяўчына за паспяховую вучобу занесена на Дошку гонару каледжа, – падкрэслівае Таццяна Аляксандраўна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.