«Трапіла» ў серабро. Ляхавічанка прывезла ўзнагароду з міжнароднай спартакіяды

З 23 па 25 мая ў горадзе Маладзечна праходзіла VII Міжнародная спартакіяда сярод ветэранаў і кіраўнікоў ветэранскіх арганізацый фізічнай культуры і спорту, прысвечаная Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел восем каманд з Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, а таксама каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Ветэраны спаборнічалі ў такіх відах, як плаванне, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, шашкі, шахматы, настольны тэніс, більярд, дартс і іншыя.

Брэсцкая вобласць вызначылася ў двух відах: шашках і дартсе. Дыплом ІІ ступені па дартсе заваявала наша зямлячка – інструктар-метадыст Русінавіцкага ФАКа Людміла Тарлюк.

– Вельмі хвалююча і прыемна прымаць удзел у такіх спаборніцтвах. Была магчымасць пагаварыць з заслужанымі і праслаўленымі спартсменамі, майстрамі сваёй справы, якія выхавалі не адно пакаленне. Вялікі гонар атрымліваць узнагароду з рук гімнасткі, алімпійскай чэмпіёнкі, заслужанага майстра спорту Антаніны Кошаль, – падзялілася ўражаннямі Людміла Тарлюк.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з архіва Людмілы ТАРЛЮК.