Замова, ці Дарослы погляд на сэнс жыцця

Дзіцячая ўсмешка самая шчырая

За бяззубую ўсмешку з калыскі, за самыя даверлівыя ў свеце вачаняты — дзякуй, Божа!
За маленькія пальчыкі, «перавязачкі», за «агу» — дзякуй! За пяшчоту да слёз, за далучэнне да найвялікшага таінства — усведамлення ўвасобленага ў бездапаможнае немаўля сэнсу жыцця. За ягоны першы крок у выратавальныя абдымкі мамы, таты, за першае слова і любімага слоніка пад падушкай, за домік з кубікаў і школьны званок, які назваў вучнем учора яшчэ толькі малыша…
Замілаванне — гэта канешне. Але найперш — абсалютная адказнасць і вялікая праца, канчатковая мэта якой — вырасціць і выхаваць здаровага, сумленнага, прыстойнага чалавека, асобу, грамадзяніна. Загартаваць у любві, абавязкова мудрай і строгай, укласці ў свядомасць галоўныя біблейскія запаведзі, не эканоміць на дабрыні і пяшчоце, але і не падмяняць толькі імі дзейсны клопат. Таты і мамы, дзядулі і бабулі, педагогі і медыкі, наогул, усе дарослыя, гэта спрадвечная і, мусіць, галоўная задача наша, такі бесперапынны тэст на сталасць і годнасць — мы і нашы дзеці.
Як шкада, што стракаціць жыццё чорна-белым, што ёсць у ім і ў нашым лексіконе такія паняцці і такія з’явы як неўладкаваныя сем’і, цяжкі падлетак, «абавязаныя» бацькі, што ў маленькіх насельнікаў дзіцячых дамоў ёсць усё, акрамя тат і мам… Якое шчасце, што абсалютная большасць малышоў не падазрае нават, як гэта — без бацькоў. І як светла ад таго, што становяцца любячымі мамамі і татамі для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак з дамоў малюткі і дзіцячых дамоў чужыя па крыві, але такія родныя па гатоўнасці любіць па-бацькоўску.
Самая даверлівая і шчырая ўсмешка — дзіцячая, самая горкая слязінка — дзіцячая, самая балючая крыўда — дзіцячая. Нездарма іх называюць кветкамі жыцця: такія ж прыгожыя і такія ранімыя. Памятаеце класічнае: усё багацце свету не вартае адной слязінкі малыша. Гэта не пра тую, што скацілася па ружовай шчочцы, калі не купілі марожанае ці нейкую цацку…
Мама маленькай Карыны стараецца быць вясёлай са сваёй дзяўчынкай, якой хутка споўніцца чатыры гады. Але сэрца яе абліваецца крывёю — дагэтуль дачушка не вымавіла ні слоўца, не абняла за шыю, не зрабіла кроку. У Карынкі ад нараджэння страшны і цяжкі дыягназ: дзіцячы цэрэбральны параліч і частковая атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй. Што маглі для малышкі, нашы медыкі зрабілі, рэсурс вычарпаны. Але надзея на паляпшэнне ёсць — клініка ў Кітаі. Гэты шанц каштуе 14 тысяч долараў, якія неабходна сабраць да 1 кастрычніка 2013 года. Давайце ўсе разам дапаможам маленькай дзяўчынцы скарыстацца гэтым шанцам. У «ЛВ» (№ 36 за 18.05.2013 г.) былі апублікаваны рэквізіты рахункаў, адкрытых у Беларусбанку, на якія можна пералічваць ахвяраванні на лячэнне маленькай ляхавічанкі Карыны Чачоткінай. Пачуем жа крык аб дапамозе і адгукнёмся на SOS! А заўтра ў гарадскім парку па вуліцы Дзесюкевіча, дзе будзе ладзіцца святочная праграма, прысвечаная Дню абароны дзяцей, і супрацоўнікі аддзела культуры дадуць магчымасць усім жадаючым далучыцца да гэтай богаўгоднай і чалавечнай справы: не застанемся староннімі назіральнікамі — пойдзем на голас міласэрнасці.
…Любіць, любіць, любіць. Мудра і бясконца. Вучыць і вучыцца самім. Заўсёды, усё жыццё. Просты і такі зразумелы расклад у самым дарагім, што называецца — МЫ І НАШЫ ДЗЕЦІ. Няхай маленькія беларусы — і каму некалькі хвілін ад нараджэння, і садкоўцы, і школьнікі — будуць здаровымі, радаснымі, шчаслівымі і ад клопатаў і ўвагі самай лепшай у свеце краіны, і ў святле бацькоўскай пяшчоты. Мір нашаму дому.

Благотворительные счета для перечисления средств на лечение Карины Чечёткиной открыты в ОАО «АСБ Беларусбанк» ЦБУ 117 филиал № 802 г. Ляховичи:
— белорусские рубли — № 000004; субкорреспондентский счет № 6100002459060; транзитный счет № 3819990020071;
— евро — № 000002; субкорреспондентский счет № 6101002548404; транзитный счет № 3819990009715;
— доллары США — № 000004; субкорреспондентский счет № 6101002548404; транзитный счет № 3819990009715;
— российские рубли — № 000003; субкорреспондентский счет № 6101002548404; транзитный счет № 3819990009715.
Назначение платежа: лечение ребенка за границей.
Номера электронных кошельков: EasyPay: 43515990 WebMoney: В147327630144
Адрес для денежных переводов: 225370, Беларусь, Брестская обл., г. Ляховичи, ул. Интернациональная, д. 21, кв. 31. Чечёткиной Юлии Юрьевне.
Подробности на http://m.vk.com/club 53418799.
Связаться с нами можно по тел. 8-029-793-97-29 Юля (мама).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *