З любоўю да песні.На тры дні нашы Ляхавічы са звычайнага райцэнтра ператварыліся ў абласную творчую сталіцу

Сярод удзельнікаў песеннага форуму – народны вакальны ансамбль «Імпрэза» Навамышскай ДШМ Баранавіцкага раёна.
БОЛЬШЕ ФОТО С ПЕСЕННОГО ФОРУМА В  ГРУППЕ ГАЗЕТЫ В ОДНОКЛАССНИКАХ

На тры дні нашы Ляхавічы са звычайнага райцэнтра ператварыліся ў абласную творчую сталіцу. Мы гасцінна прымалі ўдзельнікаў абласнога песеннага форуму «З любоўю да песні»

Яшчэ падчас падрыхтоўкі было відавочна – свята павінна атрымацца. І атрымалася. Адметнае, феерычнае, цікавае! Сумаваць не давялося ні дзецям, ні дарослым. Сапраўды, гэтыя тры дні далі надзвычайны зарад бадзёрасці Ляхавічам і ляхавічанам.

Урачыстае адкрыццё абласнога песеннага форуму адбылося вечарам 4 чэрвеня. Але конкурсная праграма пачалася яшчэ да афіцыйнай часткі. У гарадскім Доме культуры за права звацца лепшымі змагаліся дзіцячыя вакальна-харавыя калектывы з розных рэгіёнаў Брэстчыны.
– Віншую ўсіх з такім цудоўным песенным святам, якое зноў завітала ў гасцінныя Ляхавічы. Шчыра ўдзячны ўсім: арганізатарам мерапрыемства, гаспадарам форуму, удзельнікам, журы, гледачам. Хачу пажадаць канкурсантам паспяховых выступленняў і перамог, –адзначыў падчас адкрыцця начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк.
Кіраўнік упраўлення культуры і намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Святлана Юрлевіч узнагародзілі прызёраў і пераможцаў конкурсу сярод дзіцячых вакальна-харавых калектываў. Лепшым стаў узорны хор «Пралеска» ДШМ № 2 з Брэста.
Бязмежна рады перамозе. Рабяты вельмі хваляваліся, хацелася выступіць дастойна, паказаць усё, чаму навучыліся. Падрыхтавалі два нумары – песню беларускага кампазітара «Сэрца матулі» і з рэпертуара сусветна знакамітай шведскай групы «АББА». У сувязі з пандэміяй каранавіруса мы па-сапраўднаму засумавалі без выступленняў. А тут такая выдатная нагода сустрэцца як са слухачамі, так і з іншымі калектывамі. Спадабалася нам і арганізацыя форуму. Усё выдатна, –
расказала кіраўнік калектыву Наталля Ягорава.
Канцэртная праграма «Звонкае лета дзяцінства» сарвала нямала апладысментаў і крыкаў «брава!».
Тым часам «галасіў» сквер каля фантана. Да свабоднага мікрафона запрашаліся барды – удзельнікі конкурсу «Напоўнім музыкай сэрцы» – 18 разнапланавых удзельнікаў. Як жа арганічна ўлілася ў цёплы летні пейзаж песня на ўсе часы «Вальс-Бастон». А выконваў яе культарганізатар Мірнаўскага СДК Баранавіцкага раёна Аляксандр Кучура.
Песня суправаджае мяне заўсёды. Вельмі люблю бардаўскія творы –гэта пра жыццё. Яны шчырыя, сапраўдныя. Выконваю не толькі песні іншых аўтараў, але пішу і сам. Чаму выбраў менавіта такі рэпертуар для конкурснай праграмы? Лічу, што песні ў выкананні Разенбаума і Міцяева – класіка, якую не стамляешся слухаць. Цікава не толькі самому выступаць, але і паспаборнічаць з іншымі выканаўцамі, – гаворыць  Аляксандр Кучура.


Вечарам барды сабраліся на беразе Ведзьмы, дзе падвялі вынікі конкурснай праграмы, узнагародзілі пераможцаў. Імі ў сваіх намінацыях сталі Аляксандр Лазюк, Аляксандр Кучура, Андрэй Шуста з Баранавіцкага раёна, Наталля Галабурда з Драгічына, Вікторыя Лакашук (Кобрын), Андрэй Андрухін (Пінск). І, канешне ж, зноў у цёплай, шчырай атмасферы пад водбліскі  кастра і гітарныя акорды спявалі на радасць гледачам і ўдзельнікі, і журы.
Я даўно прыхільнік бардаўскай песні, калісьці сам захапляўся ігрой на гітары. Люблю песні з сэнсам, якія бяруць за жывое. У раёнцы ўбачыў праграму свята і не мог упусціць такую магчымасць – прыйшоў сюды на канцэрт. Я ў захапленні! Тым больш, атмасфера такая – прырода прыгожая, вакол шмат людзей, – гаворыць ляхавічанін Сяргей Бортнік.
На высокай эстраднай ноце завяршыўся першы песенны дзень. На плошчы Леніна з аншлагам прайшоў канцэрт-дыскатэка «Адпачываем разам». Тон задавалі землякі – аматарскія калектывы мастацкай творчасці і выканаўцы з устаноў культуры Ляхавіччыны.
З раніцы суботы ГДК зноў напоўніўся спевамі. Пачалі конкурсную праграму дарослыя ўдзельнікі – вакальна-харавыя калектывы з акадэмічнай манерай выканання. Пераможцаў вызначалі ў розных намінацыях.
Такая шчаслівая! Перамога стала для мяне нечаканасцю, бо давялося спаборнічаць з таленавітымі калегамі. На суд журы прадставіла арыю Кармэн з аднайменнай оперы. Я дыпламаваная оперная спявачка, стажыравалася ў Беларускім тэатры оперы і балета, часта выступаю з канцэртамі. Уражанняў шмат, рада, што давялося паказаць сваю творчасць новым гледачам у Ляхавічах, якія стварылі такія шыкоўныя ўмовы для ўдзельнікаў форуму, – падзялілася эмоцыямі ўладальніца дыплома І ступені Таццяна Федарцова, якая прадстаўляла РДК аграгарадка Чэрні Брэсцкага раёна.


Прыемна, што сярод прызёраў і нашы землякі-ляхавічане. Народны акадэмічны хор настаўнікаў ГДК заняў другое месца ў сваёй намінацыі. Дарэчы, калектыў быў удастоены гонару выканаць заключную песню ў складзе зводнага хору. Нават далёкі ад музыкі чалавек не мог не захапіцца такім дзіўна-чароўным сугуччам прыгожых галасоў – нумар на біс!
Пасля выканання «Малітвы за Беларусь» – шквал эмоцый. Не перадаць уражанні! Класна, пранікнёна, сакавіта! Шчасце быць часцінкай такога вялікага творчага калектыву. Ганарымся, што трапілі ў зводны хор. Задаволены і другім месцам, тым больш, канкурэнцыя даволі высокая. Думаю, што наш раён дастойна арганізаваў песеннае свята. Гэта адзначаюць артысты з розных раёнаў, – сказала ўдзельніца народнага акадэмічнага хору настаўнікаў Ляхавіцкага ГДК Ірына Тулейка.
Эпіцэнтрам другога дня форуму стала плошча Леніна, дзе з году ў год вызначаецца насычанай праграмай раённае свята дзіцячай творчасці «Вясёлка дзяцінства». Скарысталіся выдатнай магчымасцю прадэманстраваць свае таленты, палёт фантазіі нашы юныя зорачкі – спевакі, танцоры з устаноў адукацыі і культуры Ляхавіччыны. Яны заварожвалі сваімі выступленнямі, і абыякавых сярод слухачоў не было.
Спецыяльна сёння адмянілі запланаваныя хатнія справы і ўсёй сям’ёй прыйшлі на плошчу Леніна. Дзецям тут раздолле. Вакол столькі атракцыёнаў. Купілі сёе-тое з цацак, нават сабе пацеркі. Спадабаўся і дзіцячы канцэрт, там выступала пляменніца. Зазірнулі і ў ГДК. Увогуле, час праляцеў неўпрыкмет. Збіраемся і вечарам прыйсці, – адзначае ляхавічанка Марына.
Некалькі гадзін адпачынку, і горад зноў напоўніўся гулам галасоў, вяселлем і добрым настроем. З першых хвілін захапіў, заваражыў кожным рухам, кожным гукам заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца «Палескія зоры». Потым над Ляхавічамі вячэрнімі загучалі песні ў выкананні вакальна-харавых калектываў вобласці.


Пашанцавала акунуцца ў свет творчасці, натхніцца, паслухаць разнапланавых артыстаў не толькі гараджанам. Парадавалі калектывы з Кобрынскага, Ганцавіцкага, Маларыцкага раёнаў падчас выязных канцэртаў і жыхароў Начы, Русінавічаў, Жарабковічаў, Тухавічаў. А бліжэй да вечара гарадскія царква Узвіжання  Крыжа Гасподняга, касцёлы Найсвяцейшага Сэрца Ісуса Хрыста і Святога Юзафа, а таксама царква Святой Троіцы ў Малым Падлессі напоўніліся рознагалоссем духоўнай музыкі «Песня Песень».
Нядзеля стала гучнай фінальнай кропкай абласнога форуму і таксама багатай на творчыя здабыткі. У ГДК тон задавалі вакальна-харавыя калектывы з народнай манерай выканання. Вечарам на плошчы Леніна гала-канцэртам «Песенны вянок» урачыста завяршыўся фестывальны марафон.
Усе тры дні нязменнай папулярнасцю ў гасцей і ўдзельнікаў песеннага форуму і ў ляхавічан карысталіся атракцыёны, выставы-продажы народных майстроў, кулінарныя прапановы.
Як сведчаць шматлікія водгукі – свята спадабалася! А Ляхавічы чарговы раз пацвердзілі сваю гасціннасць, адкрытасць, шчырасць, уменне сябраваць і ладзіць узорныя мерапрыемствы па фармаце любога ўзроўню.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА  Ў  ГРУПЕ ГАЗЕТЫ У  ОДНОКЛАССНИКАХ