Прыкмета лета. У мінулую суботу ў «Вялікім камяні» закрылася Міжнародная сельскагаспадарчая выстава «Белагра-2021»

Гэта была ўжо 31-я спецыялізаваная выстава лепшых дасягненняў у сферы сельскай гаспадаркі. Лепшых не толькі ў Беларусі і паходжаннем не адзіна з нашай краіны. Пра тое, што форум мае даволі шырокі міжнародны размах, станавілася зразумелым яшчэ на аддаленым падыходзе да выставачнага поля. Сігналізавала пра гэта шарэнга флагштокаў з узнятымі на іх сімваламі краін-удзельніц. Іх было 16: Германія, Нідэрланды, Францыя, Вялікабрытанія, Кітай і іншыя. Шырокім у плане прадстаўленых рэгіёнаў і тэматычна з’яўлялася экспазіцыйнае поле Расійскай Федэрацыі і, канешне ж, Беларусі. А яшчэ – BELARUSаў.

Зроблена ў нас

Усё гаварыла за тое, што Мінскі трактарны завод выступіў у якасці франтмэна, з’яўляўся тварам 31-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра». Як інакш тлумачыць афармленне галоўнага выставачнага фасада? Магутных памераў лагатып брэндаBELARUS на фоне фірменнага чырвонага – першае, што сустракала наведвальнікаў выставы і фарміравала дэбютныя ўражанні пра яе. І нават не юбілейныя 75 гадоў з моманту заснавання завода – нагода для такой пільнай увагі. Вядомасць, запатрабаванасць беларускай маркі на сусветных рынках, дзе, як мінімум, кожны дзясяты трактар наш, дастатковая надзейнасць, рэсурснасць і працаздольнасць мінскай тэхнікі нават у самых стрэсавых умовах эксплуатацыі з’яўляюцца складнікамі, у тым ліку, і выставачнага поспеху.

Рухаючыся па экспазіцыйнай пляцоўцы МТЗ, можна было прачытаць этапы станаўлення, развіцця, асаблівасці мадэльнай дынамікі мінскай маркі. У якасці экспанатаў выступалі як самыя старыя (з 50-х гадоў мінулага стагоддзя) машыны, так і самыя апошнія – на перспектыву – распрацоўкі завода. Усё больш і больш увагі прадпрыемства надае развіццю малафарматнай тэхнікі.

Рознага прызначэння, аснашчаныя адпаведнымі задачам рабочымі органамі трактары і трактарчыкі ўтваралі цэлы экспазіцыйны рад, карысталіся павышанай глядацкай увагай, станавіліся аб’ектамі для фотасесій. Многія з пытанняў да прадстаўнікоў завода тычыліся іменна малышоў-BELARUSаў.

Як, што, чый рухавік, колькі каштуе і іншыя з ліку спажывецкіх пытанні.Мінскі аўтамабільны сваю выставачную стаўку будаваў на пазіцыях, якія б зацікавілі, у першую чаргу, аграрыяў. Напрыклад, сустрэў знаёмага ў кампаніі такіх жа, як і ён сам, аматараў аўтамабільнага спорту.

– Прыйшлі мэтанакіравана, каб паглядзець, а пры магчымасці і паспрабаваць руль ралійных МАЗаў. Асабліва «капотніка», якога ўжывую бачыць яшчэ не даводзілася. На жаль, сёлета аўтамабілі
каманды «МАЗ-СПОРТаўта» на выставе прадстаўлены не былі. Але не расчараваліся: і без таго было на што і на каго паглядзець, – расказаў Аляксандр.

Акрамя названых кітоў айчыннай вытворчасці, тэхнічную Беларусь на форуме прадстаўлялі «Гомсельмаш», «Амкадор», «Бабруйскаграмаш», Рэспубліканскае аб’яднанне «Белаграсэрвіс» і многія іншыя буйныя і не вельмі прадпрыемствы.

З больш як чатырохсот прадстаўленых на «Белагра-2021» кампаній каля паловы фарміравалі айчынныя ці з беларускім удзелам вытворчыя, навуковыя, навукова-практычныя і іншага кшталту структуры.

«Белферма», а таксама птушыная і рыбная фермы

Што да «Белфермы», то падвыстава з такой назвай выступала ў якасці асобнай і асобай лакацыі «Белагра». У яе рамках значылася, у тым ліку, правядзенне конкурсу на лепшую племянную карову малочнай пароды. Але адбылося тое не ў наш час і без удзелу ляхавіцкай малочнай жывёлагадоўлі.

ААТ «Жарабковічы» з поўным правам можна аднесці да ліку пастаянных удзельнікаў выставы. Як і шэраг папярэдніх гадоў, на «Белагра-2021» гаспадарка прадстаўляла вопыт і плады сваёй работы ў галіне племянной авечкагадоўлі. Дэманстраваліся бараны парод мерыналандшаф і прэкас з Канюхоўскай авечкафермы. Трэба заўважыць, што і названы від, і пастаўленыя побач прадстаўнікі іншых відаў сельскагаспадарчай жывёлы з’яўляліся дастаткова прыцягальнымі для глядацкага інтарэсу выставачнымі экспанатамі.

Проста паглядзець многіх не задавальняла: імкнуліся сфатаграфавацца побач з жывёлай, а ў выпадку дазволу нават зайсці ў клетку… Такі, свайго роду, кантактны атракцыён асаблівую папулярнасць заваяваў сярод юных наведвальнікаў выставы.

Падобны ажыятаж назіраўся і ў птушыных радах, уздоўж клетак, дзе ўтрымліваліся трусы, – з-за рук жадаючых дакрануцца да далікатнага пяшчотна-белага нетаропкага камячка складана было зрабіць фотаздымак.

Мелася на «Белагра» і свая «рыбацкая вёска», дзе размясціліся структуры, якія займаюцца развядзеннем ці заняты нейкім іншым звязаным з рыбай промыслам. Агульнае ў іх не толькі рыбная тэма, але факт таго, што працуюць у структуры дзяржаўнага аб’яднання «Белмеліявадгас».

Некаторыя з прадпрыемстваў у абмен на невялікія грошы прапаноўвалі юшку, а адно і ўвогуле –платную рыбалку. За тры рублі з міні-басейна з рыбай дазвалялася рукамі вылавіць адну з іх.

Кожны раз у адзін і той жа час

Штогадова спецыялізаваная выстава «Белагра» выступае спадарожнікам першых момантаў лета. На гэты раз супадзенне абсалютнае – дзень у дзень. Падчас выставы давялося пазнаёміцца з зацікаўленым суразмоўцам.

Кожны год імкнуся «выкрасці» ў работы адзін дзень спецыяльна для паездкі на «Белагра». На гэты раз без канкрэтных, патрэбных для справы намераў. Прыехаў проста за атмасферай… Між іншым, давялося паставіць на паўзу ўборку траў. Жывёльны статак у мяне хоць і невялікі, але кармоў патрабуе. І нямала, – распавёў сваю выставачную гісторыю наведвальнік з Гомельшчыны.

За апошнія гады «Белагра» прайшла праз некалькі рабочых пляцовак. Сёлетнім месцам аграпрыцягнення ўпершыню стаў выставачны цэнтр Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.