Згода – у веры. Пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях пры Ляхавіцкім райвыканкаме прайшло ў выязным фармаце

Пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях прайшло 31 мая  ў выязным фармаце на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Юрлевіч і пры ўдзеле святароў розных канфесій.

Маршрут пралягаў па Крывошынскім сельсавеце, на тэрыторыі якога дзейнічаюць чатыры рэлігійныя суполкі: два праваслаўныя прыходы (Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Крывошын і царквы Святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх у Свяціцы), рымска-каталіцкі прыход касцёла Святой Марыі ў Ліпску і царква хрысціян веры евангельскай у Заліпенні.


Касцёл Святой Марыі велічна ўзвышаецца ў аграгарадку Ліпск. Сваю гісторыю ён вядзе з сярэдзіны XVI стагоддзя, калі знаходзіўся на забеспячэнні прадстаўнікоў роду Патоцкіх.
Сучасны будынак узведзены замест драўлянага на пачатку XX стагоддзя на сродкі графа Канстанціна Патоцкага і дзякуючы намаганням ксяндза Казіміра Ваньковіча.
Ксёндз касцёла Святой Марыі Вінцэнт Сяўрук расказаў прысутным гісторыю культавага збудавання і пра тое, якія меры прымаюцца па падтрымцы яго стану на належным узроўні. Адрамантаваны дах, ліўневая сістэма, зроблена рэвізія вадасцёкавай сістэмы. Касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каш-тоўнасцяў, таму ўсе дзеянні, якія праводзяцца, папярэдне павінны ўзгадняцца з Міністэрствам культуры.


Такі ж статус мае і храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Крывошыне, дзе таксама пабывала выязная камісія. Дзякуючы намаганням настаяцеля храма Сяргея Шэйко, тут праведзены маштабныя рамонтныя работы. Зроблена ацяпленне, заменена электрыка, замест старога драўлянага пола – бетонная сцяжка. Праведзена істотная рэканструкцыя ўнутранай аддзелкі сцен і зводаў храма. Усе змяненні дакументальна аформлены і ўзгоднены з Міністэрствам культуры. Іерэй Сяргей Шэйко адзначае, што рамонт зроблены з мэтай прывесці храм у першапачатковы гістарычны выгляд.
За гісторыю свайго існавання (пачынаецца яна ў ХVІІ стагоддзі) царква неаднойчы рамантавалася. У архіўных запісах маецца такі факт, што Крывошынская царква была пераабсталявана ў 1866 годзе з касцёла. А настаяцелем храма стаў выхаванец Мінскай духоўнай семінарыі
айцец Аляксандр Бараноўскі, які праслужыў у Крывошыне больш за шэсць дзесяцігоддзяў.


У Заліпенні ў жылым доме знаходзіцца царква хрысціян веры евангельскай, дзе вернікі збіраюцца на службу з пасляваеннага часу. Культавы аб’ект належыць рэлігійнай суполцы, якая прайшла дзяржаўную рэгістрацыю ў 2004 годзе. Службу тут праводзіць пастыр Сяргей Трафімчык, які прыязджае сюды з Баранавіч. Пра дзейнасць рэлігійнай суполкі царквы хрысціян веры евангельскай на Ляхавіччыне расказаў пастыр царквы «Прымірэнне» Віктар Вечар.
Экскурсія па культавых аб’ектах Крывошынскага сельсавета завяршылася пасяджэннем камісіі ў сельвыканкаме. Сімвалічна, што за адным сталом знаходзіліся прадстаўнікі трох канфесій. У Год народнага адзінства, як, дарэчы, і заўсёды, дыялог атрымаўся канструктыўным і шчырым.
Святлана Юрлевіч адзначыла, што ў раёне зарэгістраваны і дзейнічаюць 22 рэлігійныя суполкі, з якіх па сем праваслаўных і каталіцкіх, сем суполак хрысціян веры евангельскай і адна мусульманская. Працуе раённы аддзел грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі». Усе канфесіі і нацыянальнасці жывуць у згодзе і падтрымліваюць добрасуседскія адносіны. Агульнай праблемай з’яўляецца змяншэнне колькасці сельскага насельніцтва – адпаведна і памяншэнне колькасці прыхаджан. Гаварылі на пасяджэнні і пра тэхнічны стан культавых аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, пра неабходнасць захавання храмаў у належным стане, пра тое, што вера аб’ядноўвае людзей і ўзмацняе духоўна.
Старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч спыніўся на этнаканфесійнай атмасферы, якая на тэрыторыі сельсавета характарызуецца міжканфесійнай стабільнасцю і ўстойлівасцю, адсутнасцю напружанасці і канфліктаў на рэлігійнай глебе сярод мясцовых жыхароў. У сельвыканкам не паступала скаргаў на парушэнне правоў на свабоду веравызнання ці неналежную працу свяшчэннаслужыцеляў.
Прававое поле, у якім дзейнічаюць  рэлігійныя арганізацыі, дазваляе забяспечваць свабоднае самавызначэнне і самарэалізацыю асобы ў духоўнай сферы, падкрэсліла Святлана Юрлевіч і падзякавала свяшчэннаслужыцелям за іх уклад у духоўнае развіццё раёна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.