Нямала цікавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня абароны дзяцей,прайшло на Ляхавіччыне /фота/

Удзельніцы конкурсу "Міс малютка-2013".

Па стане на 1 студзеня 2013 года ў Беларусі пражывалі 1 741 800 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (больш як 18 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва). У 2012 годзе нарадзілася 115900 дзяцей, з якіх 59700 хлопчыкаў.
Беларусь у рэйтынгу краін, спрыяльных для нараджэння дзяцей, займае 33 месца са 160 краін свету і першае сярод краін СНД. Упершыню за мінулы год у рэспубліцы колькасць дзіцячага насельніцтва павялічылася на 21 тысячу чалавек.

Гарэзлівыя і задумлівыя, вясёлыя і спакойныя, няўрымслівыя і пяшчотныя, гаманлівыя і дапытлівыя — такія яны розныя і такія падобныя — нашы дзеці. Самае галоўнае, самае бясцэннае ў нашым жыцці. Дзеля іх мы жывём, ствараем, працуем, робім жыццё такім, каб нашчадкам жылося лепш і лепш. Падтрымка сем’яў з дзецьмі і стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця маленькіх грамадзян — прыярытэтны накірунак сацыяльнай палітыкі Беларусі.
Нямала цікавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня абароны дзяцей, які адзначаецца ў першы дзень лета, прайшло і на Ляхавіччыне.
1 чэрвеня ў гарадскім Доме культуры выбіралі самую-самую дзяўчынку падчас конкурсу «Міс малютка-2013». Ажыятаж вакол «прыгожай» праграмы быў надзвычай высокім. 10 юных ляхавічанак змагаліся за галоўны тытул. Іх падтрымлівалі і падбадзёрвалі мамы, таты, бабулі, дзядулі, настаўнікі, сябры і аднакласнікі, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы да конкурсу: прыдумвалі прэзентацыю, стваралі разам «подыумныя» ўборы і г.д. Дарэчы, гэта таксама можна назваць адным з плюсаў праграмы, якая яшчэ больш аб’яднала і здружыла сем’і, дарослых і дзяцей.
Ад моманту з’яўлення ўсіх удзельніц конкурсу на сцэне да фіналу — вызначэння пераможцы — эмоцыі ў зале, як гаворыцца, білі праз край. Як жа стараліся дзяўчынкі падчас іспытаў «Візітоўка», «Свет маіх захапленняў», «Авангардная модніца», «На бале ў Папялушкі»!
Аднак, конкурс ёсць конкурс, няхай і дзіцячы, таму без пераможцы ніяк. І вось яно, канчатковае рашэнне журы, якога так чакалі і ўдзельніцы, і гледачы. Карону пераможцы і званне «Міс малютка-2013» атрымала Паліна Герус. Але без тытулу не засталася ні адна дзяўчынка. Вікторыя Савасцянік разам з прызам сімпатыі гледачоў прызнана «Міс какетка», Ксенія Ланкуць — «Міс крыштальны галасок», Уладзіслава Яўсей — «Міс артыстызм», Таццяна Бруй — «Міс усмешка», Анастасія Жук — «Міс радасць», Ангеліна Янушкевіч — «Міс сціпласць», Мелання Янушкевіч — «Міс пяшчота», Таццяна Міхаленка — «Міс грацыя», Дар’я Сяргей — «Міс зачараванне». І, канешне, усе яны атрымалі падарункі і шчырыя апладысменты, а гледачы — цудоўны настрой.

Востраўскае трыа: Крысціна Петухова, Даніла Зелянеўскі і Таццяна Ламанос.

На наступны дзень, 2 чэрвеня, свята дзяцінства прадоўжылася (праўда, замест запланаванага гарадскога парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча — у ГДК: у планы арганізатараў актыўна ўмяшаўся дождж). Прайшло традыцыйнае раённае свята дзіцячай творчасці «Вясёлка дзяцінства».
На сцэне ГДК ва ўсю ўладарылі хлопчыкі і дзяўчынкі: спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах, спрабавалі сябе ў ролі акцёраў і дэкламатараў. Пра што спяваюць нашы юныя землякі? Напрыклад, Алена і Дзмітрый Гуліцкія — пра кошку, Крысціна Петухова і Дар’я Мароз — пра тату, Ганна Капуста — пра родны горад, Ульяна Адамовіч — пра амазонак, Лізавета Суравец — пра робата, Таццяна Сковыш — пра Беларусь, Анастасія Свянтэцкая — пра дзяўчыну-вясну, Вольга Кісель — пра казку. Без апладысментаў і падарункаў, падрыхтаваных аддзеламі па справах моладзі, культуры, адукацыі райвыканкама, райкама ГА ”БРСМ”, раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, не застаўся ні адзін удзельнік святочнага канцэрта.
А яшчэ сёлетняя «Вясёлка дзяцінства» паўдзельнічала ў зборы сродкаў на лячэнне дзяўчынкі Карыны, якой паспрабуюць дапамагчы ў кітайскай клініцы.
Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у гульнях і конкурсах, палюбавацца выставай дзіцячай творчасці, на якой сярод іншых былі прадстаўлены работы выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама падсілкавацца ў дзіцячым кафэ.
Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Падчас конкурсу

Маленькія артысты з Тухавіч з мастацкім кіраўніком Лідзіяй Барэйкінай.

Падчас свята

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *