Адпачынак у спартыўнай форме. У спартыўна-аздараўленчым лагеры дзённага знаходжання «Каласок» на базе СДЮШАР У спартыўна-аздараўленчым лагеры дзённага знаходжання «Каласок» на базе СДЮШАР ведаюць, як стварыць умовы для юных спартсменаў

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Надышоў час яркіх уражанняў і летніх адкрыццяў – канікулы! У раёне арганізаваны розныя варыянты адпачынку і занятасці школьнікаў. Адзін з іх – спартыўна-аздараўленчы лагер дзённага знаходжання «Каласок» на базе СДЮШАР, дзе 8 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё змены.

Тут добра ведаюць, як стварыць умовы для цікавага правядзення вольнага часу і ўмацавання здароўя юных спартсменаў.
90 адпачываючых падзелены на атрады па чатырох відах спорту: дзюдо, лёгкая атлетыка, гандбол і футбол. У план работы «Каласка» ўключаны вучэбна-трэніровачныя заняткі, але праводзяцца яны ў гульнёвай форме, расказвае начальнік лагера Наталля Богуш.
Трэнеры-выкладчыкі дэталёва прадумалі рэжым трэніровачнага працэсу, зыходзячы з узроставых асаблівасцяў рабят. Прадугледжаны разнастайныя конкурсы, спаборніцтвы, віктарыны і г. д.
За змястоўнасць, насычанасць, карыснасць праграмы адпачынку ў адказе старшы выхавальнік Алёна Будавей і выхавальнік Ангеліна Сліва. Да паслуг хлопчыкаў і дзяўчынак усе памяшканні
СДЮШАР: лёгкаатлетычны манеж, гандбольная і футбольная залы, зала для заняткаў дзюдо, гульнёвыя і іншыя.
Важны складнік – харчаванне, яно тут трохразовае: сняданак, абед і падвячорак. Малодшыя рабяты «сталуюцца» ў агракаледжы, старэйшыя – у рэстаране «Ластаўка». Збалансаванае меню ўключае, акрамя першай і другой страў, сокі, ёгурты, фрукты, салодкасці. Дарэчы, бацькоўская даплата за 19 дзён адпачынку ў залежнасці ад узросту складае: 6 – 7 гадоў – 15 рублёў, 8 – 10 гадоў – 20 рублёў, 11 –13 гадоў – 30 рублёў і 14 – 17 гадоў – 35 рублёў.

Арцемій МАСЯЙКОЎ, дзюдаіст:
– У «Каласку» адпачываю не першы раз. Падабаецца, што можна і трэніравацца, і з сябрамі цікава праводзіць час. Тут асаблівая спартыўная атмасфера.

Аляксей ЧАРНЯЎСКІ, футбаліст:
– Класна, што на канікулах не трэба думаць пра ўрокі, а можна займацца любімай справай –  футболам. У лагеры мы, як у сана-торыі, на ўсім гатовым. Тут табе і абед, і майстар-клас ад трэнера, і мноства сяброў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.