Рабяты з СШ №1 г. Ляхавічы пабывалі на экскурсіі ў выратавальнікаў

Гэта было сапраўднае свята! Хлопчыкі і дзяўчынкі, што адпачываюць у прышкольным аздараўляльным лагеры дзённага знаходжання “Светлячок” СШ №1, пабывалі на экскурсіі ў РАНС. Выратавальнікі арганізавалі сустрэчу так, каб яна атрымалася адначасова захапляльнай і карыснай. Рабяты змаглі бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй вогнеборцаў, ім расказалі пра будні работнікаў МНС, падзяліліся цікавымі гісторыямі. Падчас экскурсіі ім нагадалі, што з’яўляецца прычынай пажараў і як неабходна сябе паводзіць, каб не трапіць у надзвычайную сітуацыю. А з якім гонарам выхаванцы апраналі баявую амуніцыю, разглядвалі аварыйна-выратавальнае абсталяванне. Пасядзелі ў пажарнай машыне, паспрабавалі – умоўна – патушыць агонь з сапраўднага пажарнага ствала. З супрацоўнікамі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці рабяты развітваліся з багажом яркіх уражанняў і ведамі па асновах бяспекі жыццядзейнасці, а таксама з цудоўнымі тэматычнымі сувенірамі. Дарэчы, сустрэчы адбылася ў межак акцыі “Канікулы без дыму і агня”.
Святлана БУШЧЫК, старшы выхавальнік  аздараўляльнага лагера з дзённым знаходжаннем “Светлячок” СШ №1.