Пажарная сітуацыя. Пажар у шматкватэрніку ў Ляхавічах

Раніцай 14 чэрвеня ў РАНС паступіла паведамленне пра пажар у кватэры на першым паверсе шматпавярховага дома на вуліцы Будаўнікоў у Ляхавічах. Калі выратавальнікі прыбылі на месца здарэння, быў задымлены пад’езд. Дзеці 2016 і 2006 гадоў нараджэння, якія ў момант узгарання знаходзіліся ў кватэры, памяшканне пакінулі самастойна. Супрацоўнікі РАНС эвакуіравалі жыльцоў з кватэр верхніх паверхаў.
Устаноўлена, што ў адным з пакояў загарэлася канапа. Дома знаходзіліся двое непаўналетніх, маці незадоўга да здарэння адлучылася па справах. Выратавальнікі аператыўна патушылі пажар. Агонь пашкодзіў маёмасць і ўнутраную аддзелку ў адным з пакояў кватэры. Людзі не пацярпелі.
Прычыны пажару высвятляюцца.
Каб не стаць ахвярай агню, варта праверыць спраўнасць у доме электраправодкі і электрапрыбораў. Пажаранебяспечныя прадметы павінны захоўвацца ў недаступных для дзяцей месцах.
Таццяна КАЛГУШКІНА,  інспектар РАНС.