Пра тэхнічнае здароўе машыны. На прамой лініі «ЛВ» працаваў начальнік дыягнастычнай станцыі № 241 УП «Белтэхагляд»

Каб не дапусціць удзелу ў дарожным руху няспраўных транспартных сродкаў, кожны ўладальнік павінен забяспечыць праходжанне тэхнічнага агляду аўтамабіля. Як запісацца для праходжання тэхагляду, каб не стаяць у чарзе, і дзе аплаціць паслугу, якія дзейнічаюць патрабаванні да тэхнічнага стану транспартнага сродку – на гэтыя і многія іншыя пытанні землякоў падчас прамой лініі «ЛВ» адказаў начальнік дыягнастычнай станцыі № 241 УП «Белтэхагляд» Юрый Цітко.

– Юрый Сцяпанавіч, па якім графіку працуе дыягнастычная станцыя?
Таццяна, Ляхавічы.

– Дыягнастычная станцыя № 241 УП «Белтэхагляд» знаходзіцца ў Ляхавічах на вуліцы Працоўнай, 3.
Мы працуем з 8 да 17 гадзін. З 12 да 12.45 гадзін – абед. У суботу станцыя працуе з 8 да 15.45 гадзін. Выхадныя дні – нядзеля, панядзелак.
Нагадаю, што кошт тэхагляду для бензінавых аўтамабіляў складае
30 рублёў 30 капеек, для дызельных – 31 рубель. 8 рублёў 70 капеек (0,3 базавай велічыні) каштуе выдача дазволу на ўдзел у дарожным руху.

– Як вадзіцеля з невялікім стажам мяне цікавіць, на што перш за ўсё неабходна звярнуць увагу пры падрыхтоўцы транспартнага сродку да тэхагляду? А яшчэ пракансультуйце, які існуе алгарытм праходжання тэхагляду.
Аляксей, Ляхавічы.

– Перад дыягностыкай аўтамабіль абавязкова трэба прывесці ў парадак. Па-першае, добра памыць. Па-другое, праверыць цэласнасць кузава (агледзець машыну на адсутнасць скразной карозіі), стан святлогукавых прыбораў (фары, паваротнікі, гукавы сігнал), работу дворнікаў і шклоабмывальніка, спраўнасць тармазной сістэмы і ручнога тормаза. Варта ўпэўніцца, што не працякаюць масла і іншыя тэхнічныя вадкасці, у адваротным выпадку давядзецца прыехаць на станцыю паўторна пасля ліквідацыі працёку.
І яшчэ. Даліце вадкасць у бачок шклоабмывальніка – без вадкасці праверыць сістэму ачысткі шкла не атрымаецца.
Немалаважны момант – наяўнасць вогнетушыцеля, знака аварыйнага прыпынку і аўтамабільнай медыцынскай аптэчкі, укамплектаванай згодна з зацверджаным пералікам.
Калі прыехалі на станцыю, неабходна пакласці на пярэдняе сядзенне аптэчку, вогнетушыцель і знак. Далей падаём у акенца неабходныя дакументы. Пасля гэтых маніпуляцый інжынеры право-
дзяць праверку тэхнічнага стану транспартнага сродку.

– Купіў аўтамабіль, у якога пройдзены тэхагляд. Ці можна пры змене гаспадара аўто перанесці адзнаку аб тэхаглядзе?
Аляксей, Ляхавіцкі раён.

– Так. Паслуга гэта платная і складае 10 рублёў 20 капеек.

– У мяне такое пытанне. Калі з-за знешняга выгляду ці нейкіх тэхнічных праблем не прайшоў тэхагляд, ці дае дыягнастычная карта дазвол на ўдзел у дарожным руху?
Іван Андрэевіч, Ляхавіцкі раён.

– Адназначна не. Дыягнастычная карта не дае права на ўдзел у дарожным руху, нават калі аўтамабіль спраўны. Згодна з парадкам правядзення тэхагляду, калі ўстаноўлена, што транспартны сродак не адпавядае патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, ён павінен паўторна прайсці дзяржтэхагляд не пазней за 20 дзён пасля даты правя-
дзення гэтай працэдуры. Гэты тэрмін даецца на ўхіленне выяўленых падчас правядзення кантрольна-дыягнастычных работ недахопаў і прадстаўленне транспартнага сродку на паўторную праверку. У гэтым выпадку дыягнастычная карта спрашчае працэдуру паўторнага тэхагляду.
Калі 20 дзён мінулі, то працэдура ажыццяўляецца ў агульным парадку.

– Нагадайце, калі ласка, якія дакументы патрабуюцца для прахо-
джання тэхагляду?
Уладзімір, Ляхавічы.

– Неабходны пасведчанне вадзіцеля на кіраванне транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі, тэхпашпарт аўтамабіля, страхавы поліс абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці транспартных сродкаў і квітанцыя з аплатай паслуг дыягнастычнай станцыі.
Дарэчы, з нядаўняга часу для зручнасці нашых кліентаў на станцыі ўстаноўлены тэрмінал бескантактавай аплаты. І зараз усе разлікі можна ажыццявіць на месцы банкаўскай карткай.
Калі ў аўтамабілі ўстаноўлена газавае абсталяванне, дадаткова трэба мець акт аб аглядзе газавага балона.
Раней неабходна было перад праходжаннем тэхагляду аплаціць дарожны збор. Цяпер гэта выплата адвязана ад тэхнічнага агляду.

На лабавым шкле маёй машыны невялікая трэшчынка. Можа яна паўплываць на атрыманне дазволу на ўдзел у дарожным руху?

– Завочна нічога не адкажу. Усё вызначаецца візуальна на месцы. Але згодна з парадкам правядзення і праверкі тэхнічнага стану транспартных сродкаў, не дапускаецца наяўнасць на лабавым шкле з боку вадзіцеля расколін або іншых пашкоджанняў, якія знаходзяцца ў зоне дзеяння шклоачышчальніка.


– Сябар падказаў, што для праходжання тэхагляду можна папярэдне запісацца праз інтэрнэт. Ці праўда гэта?
Валерый, Ляхавічы.

– Так. Зараз дзеля эканоміі часу для праходжання тэхагляду можна запісацца анлайн на афіцыйным сайце «Белтэхагляду» па адрасе gto.by. На сайце неабходна выбраць патрэбную вам дыягнастычную станцыю – ДС. Наша змешчана пад нумарам 241. Далей выбіраеце катэгорыю транспартнага сродку і націскаеце кнопку «запісацца». З’явіцца адпаведная табліца, дзе пазначаны свабодныя для запісу дні, і выбіраеце зручны для вас час. Таксама неабходна пазначыць кантактныя даныя ўладальніка машыны, яе дзяржаўны нумар і марку. Звярну ўвагу на такую акалічнасць. Нават калі сабралася чарга жадаючых прайсці тэхагляд, па запісе вы трапіце ў пазначаны час. Варта толькі прыехаць крыху загадзя і папярэдзіць супрацоўніка ў акенцы прыёму і выдачы дакументаў.
Калектыў дыягнастычнай станцыі № 241 стараецца працаваць зладжана, так, каб нашым кліентам было зручна, і яны не марнавалі ўласны час у чарзе.
Дарэчы, аўтаўладальнік можа прайсці дзяржаўны тэхнічны агляд транспартнага сродку незалежна ад яго месца рэгістрацыі на любой дыягнастычнай станцыі Рэспублікі Беларусь.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Якія санкцыі прадугледжаны, калі адсутнічае адзнака аб праходжанні тэхагляду?

– Тэхнічны агляд транспартнага сродку – гэта не ўласнае жаданне аўтаўладальніка. Працэдура абавязковая, прадугледжаная заканадаўствам у дачыненні да ўсіх аўтаўладальнікаў, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху.
Пратэрмінаваны ці няпройдзены тэхагляд азначае, што транспартны сродак не мае допуску да ўдзелу ў дарожным
руху. На першы раз супрацоўнікі міліцыі могуць абмежавацца папярэджаннем. Памер штрафу складае 1 – 3 базавыя велічыні, пры паўторным парушэнні пакаранне становіцца больш жорсткім.

На прамой лініі працавала
Наталля ПЕРАПЕЧКА.