«Лідар» сустракае сяброў

Цікава, весела, насычана пралятаюць дні ў аздараўленчым профільным лагеры «Лідар», які раскінуўся на базе Молчадскай санаторнай школы-інтэрната.

Тут сабраліся 80 рабят з усёй Брэстчыны – самыя актыўныя прадстаўнікі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, актывісты школьнага самакіравання, пераможцы раённых і абласных прадметных алімпіяд, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, прызёры спартыўных спаборніцтваў.
Адпачывае ў «Лідары» і ляхавічанін – навучэнец цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі 16-гадовы Павел Піваварчук.
– Цяжка было вызначыцца з выбарам. У нас займаецца нямала таленавітых, ініцыятыўных і крэатыўных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дастойна прадстаўляюць раён на шматлікіх конкурсах, фестывалях, «запальваюць» у лагерах адпачынку. На гэты раз пашчасціла менавіта Паўлу, і ён заслугоўвае такі давер. Юнак надзвычай актыўны, энергічны, творчы і мэтанакіраваны. Ён прызёр абласнога конкурсу юных журналістаў, удзельнічаў у раённым этапе акцыі «Я гэты край Радзімаю заву», займаўся ў аб’яднанні па інтарэсах «Забаўнік». А яшчэ Павел з задавальненнем прымае ўдзел у разнастайных мерапрыемствах, што ладзяцца ў ЦДАДіМ, – адзначае намеснік дырэктара цэнтра Ганна Буйко.
Змена ў «Лідары» кароткая – усяго дзевяць дзён, але колькі ўсяго незабыўнага і цікавага праходзіць у гэтыя чэрвеньскія дні.
– Тут цудоўна! Столькі ўсяго паспяваем за дзень. Атрад дружны, рабяты з розных раёнаў вобласці. Кожны фантануе ідэямі. Рады, што давялося пабываць у «Лідары», – дзеліцца ўражаннямі Павел Піваварчук.
Галіна КАНЬКО.