Утаймавальнікі промняў. Гэта і пра медыкаў, якія працуюць у рэнтгенаўскім аддзяленні Ляхавіцкай ЦРБ

Бачыць наскрозь многія органы чалавека. Менавіта такім кароткім вызначэннем можна ахарактарызаваць работу медыкаў, якія займаюцца прамянёвай дыягностыкай. Сучаснае абсталяванне – рэнтгенаўскае, ультрагукавое, магнітна-рэзананснае, камп’ютарнае – дазваляе выявіць самыя мінімальныя змяненні ў органах і тканках. Але ніякія апараты без вопытных спецыялістаў не паставяць самастойна дыягназы і не выдадуць заключэнне.

Яны прыручылі промні – гэта і пра медыкаў, якія працуюць у рэнтгенаўскім аддзяленні Ляхавіцкай ЦРБ. Лічы, падраздзяленні кругласутачнага рэжыму: днём сюды прыходзяць па накіраванні ўрача пацыенты, вечарам і нават ноччу рэнтген-лабаранты па чарзе нясуць дзяжурства дома і гатовы ў любую хвіліну па выкліку ехаць, каб зрабіць неабходны здымак хвораму з экстраннай паталогіяй. Ды і ўрачы заўжды гатовы аказаць кваліфікаваную кансультацыю.
Спектр аказваемых па-слуг даволі шырокі. Гэта і даследаванні касцёва-сустаўнай сістэмы, грудной і брушной поласці, страўнікава-кішачнага
тракта, у стаматалогіі, ЛОР-практыцы, мочапалавой сістэме і іншыя.
– За апошні час дыягнастычная медыцына зрабіла маштабныя крокі наперад. Тычыцца гэта і рэнтгенадаследаванняў. Напрыклад, той жа «Пульмаскан», які Ляхавіцкая ЦРБ атрымала калісьці першай у вобласці, – з навейшага пакалення лічбавых флюарографаў. Ён пры-
значаны для правядзення прафілактычных і дыягнастычных абследаванняў органаў грудной клеткі. Высокая якасць фотаздымкаў дазваляе выяўляць паталогію на ранняй стадыі. Усяго ў ЦРБ шэсць сучасных рэнтген-апаратаў, сярод іх і перасоўны, які прыязджае ў самыя аддаленыя вёскі раёна. Ёсць і спецыяльны, які выкарыстоўваецца ва ўмовах рэанімацыі ці падчас правядзення аперацый, калі патрабуецца рэнтгенаўскае суправа-джэнне, – адзначае загадчык аддзялення Сяргей Памазанскі.
Дарэчы, за год праводзіцца больш за 30 – 35 тысяч разнастайных прафі-
лактычных і дыягнастычных абследаванняў. Падчас пандэмій карана-
віруса абследаванні грудной клеткі ў разы перавысілі ранейшыя паказчыкі. COVID-19 дасканала і ў поўнай меры паказаў прафесіяналізм і самаахвярнасць урачоў і рэнтген-лабарантаў. Яны, як і калегі, упершыню сутыкнуліся з такой незразумелай, непрадказальнай інфекцыяй. І разам, аб’яднаўшы веды, вопыт, намаганні, вучыліся яе вылучаць, адрозніваць ад іншых лёгачных захворванняў.
– Падчас першай хвалі COVID-19 было асабліва трывожна. Але разумелі, што ні ў якім разе нельга панікаваць – гэта толькі нашкодзіць і нам, медыкам, і пацыентам.Таму стараліся як мага больш уважліва, дакладней расшыфроўваць кожны здымак. Ведалі, ад заключэння залежыць хуткасць далейшых урачэбных рашэнняў, а, магчыма, і жыццё пацыента, – узгадвае Сяргей Памазанскі і дадае: – Хачу падзякаваць усім і кожнаму за самааддачу, ніхто і ні разу не выказаў незадаволенасці ад маштабу работы. Да кожнага пацыента праяўлялася асаблівая ўвага. Ганаруся сваім калектывам, які ў надзвычайных умовах паказаў, што здольны на многае.
Канешне, медыкаў забяспечылі сродкамі індывідуальнай абароны. Але ж непасрэдна рэнтгенолагі – адны з тых, хто знаходзіцца на перадавой барацьбы з каранавірусам. За змену рэнтген грудной клеткі рабілі 40 – 50 пацыентам. Уяўляеце, якая нагрузка! Пры гэтым ніхто не адмяняў і іншыя хваробы, траўмы, дзе без прамянёвай дыягностыкі не абысціся.
– Канешне, быць медыкам складана. Ты ў адказе за здароўе і жыццё пацыентаў. А іх ніколі не бывае мала. Важна ўдасканальвацца ў прафесіі, у медыцыне без развіцця нельга, – адзначае вопытны ўрач і кваліфікаваны дыягност Сяргей Памазанскі.
Дарэчы, акрамя прафесійных абавязкаў, у яго нямала і дадатковых.
У прыватнасці, адказнасць за супрацоўнікаў аддзялення, абсталяванне, вырашэнне разнастайных сітуацый, плюс да ўсяго шматлікія справаздачы. І на ўсё знаходзіцца час, быццам у яго сутках не
24 гадзіны, а значна больш.
Актыўны Сяргей Уладзіміравіч не толькі ў рабоце. Адпачынак перад тэлевізарам – гэта не пра яго. Вандроўкі па Беларусі – вось што натхняе. І як глыток свежага паветра – любая магчымасць пабываць у бацькоўскім доме, на сваёй малой радзіме – у Ліпску. Калегі даверылі менавіта яму прадстаўляць і абараняць свае інтарэсы – абралі старшынёй прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы.
Рэнтгенолаг – асаблівая медыцынская прафесія. Такія спецыялісты не лечаць, не аперыруюць, не выпісваюць лякарствы. Але без іх не абыходзіцца ні хірург, ні траўматолаг і г. д. Працаваць у такой спецыфічнай прафесіі могуць толькі высакакласныя спецыялісты. Асы ў прафесіі – гэта пра рэнген-лабарантаў Анатолія Пляшко, Лілію Палхоўскую, Наталлю Пуцілаву, Наталлю Ракашэвіч, Алену Шрубейка, Алёну Гецман. А больш за чатыры дзесяцігоддзі працуе ў ЦРБ рэнтгенолаг Канстанцін Дзядзюля. За чысціню, парадак і настрой адказваюць санітаркі Таццяна Радкевіч і Аксана Смаль.
– Мне пашанцавала па жыцці як з кіраўнікамі, настаўнікамі, так і з калегамі. Бо толькі ў дружным калектыве можна дасягнуць добрых вынікаў у рабоце, на якую ідзеш з задавальненнем і ўсведамленнем, што ты дапамагаеш людзям справіцца з хваробай і быць здаровым, – адзначае Сяргей Памазанскі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.