Энергія не залежыць ад узросту. Абласны фестываль «Мы – адзіныя!» аб’яднаў людзей шаноўнага ўзросту з чатырох раёнаў

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

«Узрост – памылка, калі душой малады чалавек» – радкі з верша, які натхнёна гучаў на абласным фестывалі выканальніцкага мастацтва «Мы – адзіныя!», што адбыўся на Ляхавіччыне. Праект, разлічаны на наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, стартаваў на «Гарохавай дачы», што прапісана на базе Дома сацыяльных паслуг у аграгарадку Русінавічы. Ляхавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрасіў гасцей з Баранавіцкага, Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў.

Колькі ж запалу, талентаў і энергіі ў тых, хто па пашпарце пенсіянер, а па актыўнасці піянер. Аддзяленні прадставілі адметныя візітоўкі, у пра-
граме якіх – песні, вершы, танцы на патрыятычную і не толькі тэму. Дружныя апладысменты суправаджалі кожнае выступленне. Атрымалася гасцінна, цёпла, крэатыўна і вельмі святочна. А яшчэ патрыятычна. «Няхай наш агульны дом – сінявокая Беларусь – будзе крыніцай міру, дабра і адзінства. Беражыце сваю Радзіму – любі-
мую не аддаюць», – такія пажаданні і наказы адрасавалі гледачам удзельнікі фестывалю – падапечныя аддзяленняў дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН. Яны падзяліліся з карэспандэнтам «ЛВ» сваімі ўражаннямі.

Ала КАРАСІК, пасёлак Жамчужны, Баранавіцкі раён:
– Атмасфера свята феерычная! Вельмі ўсё спадабалася. Люблю спяваць, асабліва для іншых – гэта вялікае задавальненне. Нашы аддзяленні размешчаны па суседстве, у нас шмат агульнага і цікавага. Таму хацелася б як мага часцей сустракацца і дзяліцца вопытам.

Вольга ТУЦЬКО, пасёлак Жамчужны, Баранавіцкі раён:
– Такія сустрэчы, як глыток паветра і бадзёрасці. Разам цікава і натхняльна. Калі спяваеш, бачыш радасныя вочы гледачоў – нібы маладзееш.

Валянціна КРЫУША, г. Івацэвічы:
– Класна, што прыдумалі такі фестываль. Усе такія вясёлыя і жыццярадасныя. Цудоўна, што можна паглядзець на творчасць іншых і сябе паказаць, пашырыць кола сяброў.

Галіна КАХАВЕЦ, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Ганцавіцкага ТЦСАН:
– З наведвальнікамі Ляхавіцкага аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян знаёмы завочна: бачылі іх па тэлебачанні і чыталі пра іх у інтэрнэце. Даўно хацелі пазнаёміцца
бліжэй. Сустрэлі нас гасцінна і весела. Атрымалі такі зарад бадзёрасці, што хопіць надоўга. Вельмі ўдзячны арганізатарам. Памаладзелі, здаецца, гадоў на дваццаць…

Паліна САУЦІНА, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Івацэвіцкага ТЦСАН:
– Уражанні самыя яркія. Арганізатары змаглі стварыць утульную і свя-
точную атмасферу – тое, што трэба людзям паважанага ўзросту. Спадабалася, што мерапрыемства прайшло на прыродзе ў такіх прыго-
жых мясцінах – на «Гарохавай дачы».

Выступленні нашых землякоў, што наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН, заўсёды запамінальныя і адметныя. Умеюць настроіць і на сур’ёзную хвалю, і стварыць такі настрой, што хочацца падпяваць і танцаваць.
– Фестываль на «Гарохавай дачы» дае старт летняму сезону. Сёлета сустрэча прымеркавана да Года народнага адзінства. Вельмі прыемна, што на наша запрашэнне адгукнуліся калегі з іншых раёнаў. Разам і справы лепш ідуць, і адпачынак у радасць. А яшчэ гэта своеасаблівы стымул для ўсіх людзей паважанага ўзросту, якія пры падрыхтоўцы да такіх сустрэч адкрываюць у сабе новыя здольнасці і якасці. Вельмі ўдзячны за дапамогу да фестывалю і падтрымку супрацоўнікам Русінавіцкіх СДК і фізкультурна-аздараўленчага комплексу, – адзначае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.