Мы славім подзвіг нашага народа

Фота БЕЛТА

Ля сцен Брэсцкай крэпасці літаральна ў першыя гадзіны Вялікай Айчыннай вайны сарваўся нацысцкі бліцкрыг. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі   Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўскладання вянкоў у Брэсцкай крэпасці, прымеркаванай да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня прыняў удзел у памятных мерапрыемствах у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», прысвечаных 80-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

«Сябры і непрыяцелі СССР да пачатку ліпеня меркавалі, колькі яшчэ краіна пратрымаецца – два тыдні, тры, можа, месяц? А берлінскія стратэгі ўжо запланавалі фашысцкі парад на Краснай плошчы ў Маскве. Але тут, ля сцен беларускай брэсцкай цытадэлі, літаральна ў першыя гадзіны вайны нацысцкі бліцкрыг сарваўся… Сарваўся, калі ў апошнія хвіліны свайго кароткага жыцця воін напісаў на сцяне:
«Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма!» – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Памяць герояў вайны ўдзельнікі цырымоніі ўшанавалі мінутай маўчання.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што на рэалізацыю «каляровага бліцкрыгу» ў Беларусі былі кінуты велізарныя фінансавыя рэсурсы. За апошні год мы зведалі на сабе дзеянне самых сучасных тэхналогій гібрыднай вайны.
«Тое, што калектыўны Захад прадаўжае марыць пра новы «кідок на Усход», сусветнае панаванне і захоп багатых рэсурсаў на ўсход ад Беларусі, мы гэта цудоўна  бачым», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Інфармацыйнае цкаванне чаканых вынікаў не прынесла. Цяпер мы трымаем эканамічны ўдар. Хацелася б ведаць, што далей? Інтэрвенцыя? – звярнуўся беларускі лідар да заходніх палітыкаў. – Забудзьце, супакойцеся. Дорага яна вам абыдзецца. Выглянцаваныя твары з высокіх трыбун па той бок мяжы нахабна лгуць з падачы збеглых аб тым, што беларускі народ сам вымольвае санкцыі ў адносінах да сябе. Нібыта беларусы гатовы пакутаваць дзеля нейкай эфемернай «светлай будучыні», якую прынясуць ім гэтыя добрыя дзядзькі на кончыках сваіх штыкоў. Ды прыйдзіце вы ў сябе нарэшце, ачумелыя і аблудныя!».
Кіраўнік дзяржавы ў час выступлення закрануў дзейнасць НАТА, адзначыўшы, што не трэба заспакойваць Беларусь гісторыямі пра абарончыя вучэнні і міралюбнасць альянсу.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы зробяць усё, каб абараніць сваю зямлю і мір у рэгіёне. «Нашы сыны, якія тут стаяць пад сцягамі пераможцаў, зробяць усё для таго, каб вы жылі спакойным жыццём на сваёй зямлі. Вы – украінцы, беларусы і рускія, палякі, яўрэі, татары. Усе, хто жыве тут, на гэтай зямлі. Гэта ваша зямля. Вас нідзе не чакаюць, і не верце гэтым абяцанням, што вас там прымуць з распасцёртымі рукамі. Гэта ваша зямля, беражыце, беларусы, яе, шануйце. Таму што яна належыць не толькі нам. Яна належыць нашым дзецям і ўнукам», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што рэгіён, як і 80 гадоў таму, знаходзіцца на мяжы глабальнага канфлікту. «Я звяртаюся перш за ўсё і чарговы раз да народаў, да народаў нашых суседніх краін – палякаў, літоўцаў, латышоў, украінцаў. Прыйдзіце ў сябе, пакуль не позна. Разбярыцеся вы з гэтымі палітыкамі, ашалелымі і страціўшымі рэальнасць. Паглядзіце, які прыгожы свет, і ў гэтым свеце мы заўсёды нармальна жылі, па-суседску, дзялілі кавалак хлеба, ездзілі адзін да аднаго. Давайце спынімся ля гэтай апошняй мяжы: заўтра будзе позна», – заклікаў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што свет сёння не замыкаецца толькі на Еўрапейскім саюзе. «На планеце дастаткова адказных краін і цэлых рэгіёнаў, з якімі мы прадоўжым цесна супрацоўнічаць. За намі праўда, і мы наследнікі вялікага пакалення, якое падарыла нам жыццё, свабоду і незалежнасць», – падкрэсліў Прэзідэнт.
«Сёння мы славім подзвіг нашага народа, ушаноўваем ветэранаў і смуткуем аб загінулых, схіляем галовы перад героямі і бязвіннымі ахвярамі вайны. Помніце: гэта памяць свяшчэнная і непарушная, і пакуль яна ёсць у нас, мы будзем жыць, жыць заўсёды дастойна, не на каленях. Так ёсць, так павінна быць і так будзе заўсёды!» – рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Дэлегацыя Ляхавіцкага раёна ўвечары 22 чэрвеня пабывала ў Брэсцкай крэпасці. Разам з тысячамі жыхароў Брэстчыны, Беларусі, гасцямі з іншых краін нашы землякі сталі ўдзельнікамі памятных мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Юрый ЦЮЛЯНКОЎ, галоўны інжынер ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»:
– Кожны раз, калі бываю ў Брэсцкай крэпасці – нервы, бы нацягнутая струна. Гэта месца болю за загінулых ваеннаслужачых і мірных людзей, гонару за мужнасць і гераізм дзядоў і прадзедаў, якія не скарыліся ворагу. Тут пачыналася Перамога.
Вельмі ганаруся, што ў складзе дэлегацыі раёна давялося менавіта ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прыехаць сюды зноў. Ведаю, што людзі пераадольваюць тысячы кіламетраў, каб апынуцца ў гэтым гістарычным месцы, а пасля расказаць пра свае адчуванні родным.
Вельмі пранікнёна гучалі словы Прэзідэнта, калі ён заклікаў свой народ памятаць тых, хто загінуў у гады вайны. Выступленне Кіраўніка дзяржавы было эмацыянальным і зразумелым кожнаму: «Помніце: гэта памяць свяшчэнная і непарушная, і пакуль яна ёсць у нас, мы
будзем жыць, жыць заўсёды дастойна, не на каленях».
Вельмі спадабаўся канцэрт,
наогул, атмасфера патрыятызму і такога маштабнага жадання міру, шчасця і незалежнасці.

Віктар КОКТЫШ, старшы  фельчар аддзялення хуткай дапамогі райбальніцы:
– Эмоцыі пасля наведвання Брэсцкай крэпасці зашкальваюць. Гэта быў дзень памяці і смутку, гонару і годнасці за беларускі народ. Мы памятаем і нізка кланяемся салдатам Перамогі. Сведчанне  таму – незлічоная колькасць  людзей, якія 22 чэрвеня прыехалі з усёй Брэстчыны і Беларусі ў гэта гістарычнае месца, якое сімвалізуе стойкасць і мужнасць. А колькі кветак паўсюль! Атмасфера панавала такая, што здавалася, быццам сабраліся сябры, што даўно не бачыліся: дружалюбная, гасцінная, прасякнутая гонарам за нашу Беларусь. Праўду кажуць, што песня жыць дапамагае. Канцэрт-рэквіем натхніў, яшчэ раз прадэманстраваў, што беларусы і расіяне не проста народы-суседзі – у іх шмат агульнага, таго, што аб’ядноўвае і збліжае.