Працягваецца касавіца ў Ляхавіцкім раёне

Нарэшце раніца выдалася без дажджу. Лёгкі ветрык і сонца імгненна падсушылі расу — пара пачынаць работу. Механізатар Аляксандр Маслаў па-гаспадарску абгледзеў свой прэс-абмотчык і пачаў прасаваць сабраную ў пракосы падвяленую траву. Метраў 5 — не больш — і прыпынак: разумная машына абмотвае тугі рулон спецыяльнай поліэтыленавай плёнкай — гатова!
— Такія рулоны выдатна захоўваюцца, зялёная маса не траціць сваіх пажыўных рэчываў, вельмі добра паядаецца жывёлай, — расказвае галоўны аграном СВК «Шлях новы» Аляксандр Рамейка. — Летась мы нарыхтавалі 4 тысячы тон такога каштоўнага корму. Эфект ад скормлівання — прыбаўка ў надоях малака, таму сёлета вырашылі павялічыць нарыхтоўку рулоннага корму да 6 тысяч тон…
Аляксандр у якасці галоўнага агранома працуе 2-гі год (да гэтага яшчэ 4 гады — радавым спецыялістам), вельмі зацікаўлена і адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, да дробязяў ведае тэхналогію.
— Касавіца сёлета складаная, перашкаджаюць дажджы, але гэта не падстава сядзець і чакаць, — разважае Аляксандр Рамейка. — Самае важнае — не даць перастаяць травам, бо пасля не атрымаеш тых кармавых адзінак, на якія разлічваеш. Мы ўжо скасілі ўвесь травастой, прызначаны для першага укосу, — 1800 гектараў. Палавіну плошчаў убралі. Закладваем сянаж з прымяненнем кансервантаў, 2 траншэі ўжо закрыты, усяго плануем нарыхтаваць яго 14,5 тысячы тон. Умудрыліся нават насушыць тон 100 сена. Каб не падгніла трава ў пракосах (сёлета яны цяжкія, багатыя), кожны дзень, нават калі і дождж ідзе, на сенажацях працуюць 3 трактары з граблямі і варушылка. Зразумела, штодзень паглядаем на неба, слухаем прагнозы, спадзяёмся, што дажджы нарэшце скончацца. А калі выдаецца сонечная гадзіна, стараемся выкарыстаць яе як мага эфектыўней. Сёння выпускаем яшчэ адзін прэс-абмотчык, штодзень занятыя на нарыхтоўцы кармоў КВК-800 і ”Ягуар”…
Аляксандр яшчэ доўга расказваў пра эфектыўную работу прэс-абмотчыка і пажыўныя якасці корму ў рулонах, пра тое, як рыхтавалі механізатараў Аляксандра Маслава і Аляксандра Проньку для работы на машынах, аснашчаных камп’ютарамі, і якія цудоўныя з іх атрымаліся спецыялісты.
— Ужо цяпер магу сказаць, што з уборкай траў першага ўкосу мы справімся паспяхова, — зазначыў галоўны аграном.
Вось і яшчэ адно пацвярджэнне народнай мудрасці пра тое, што ў прыроды няма дрэннай пагоды…
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Івана КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *