Свяціца— імя тваё…

Аповесць пра Ляхавічы ў маналогах ляхавічан:Дзмітрый БУЙКЕВІЧ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Буйкевіч і Аляксандр Курловіч.

У цяні лясоў, схаваная паміж балотаў жыла-была вёсачка Свяціца. І ўсё ў ёй было, як і ў вёсках-суседках: не паспела сонейка прачнуцца і ўсміхнуцца свету, як мае землякі браліся за працу. Тут ва ўсе часы жылі мірныя, дружалюбныя, працавітыя людзі, якія вырошчвалі хлеб і да хлеба, нараджалі і гадавалі дзяцей. Не толькі працай адной жылі свяцічане — умелі і павесяліцца, калі была нагода.

Але раніца 22 чэрвеня 1941 года перакрэсліла тое мірнае жыццё палескай вёскі. Вайна. Гэта вестка, нібы маланка, абляцела наваколле. І ўсё роўна не верылася, што фашысты напалі на Радзіму — толькі-толькі мы адчулі свабоду і сябе гаспадарамі на сваёй зямлі, гаспадарамі свайго лёсу, лёсу дзяцей і ўнукаў. Каму ты была патрэбна, праклятая вайна? Змоўклі вясёлыя песні, сталі хмурнымі твары аднавяскоўцаў. На фронт пайшлі і мясцовыя мужчыны, каб як мага хутчэй разбіць ворага. Многія так і не вярнуліся дамоў, знайшлі вечны спакой у чужой зямлі.
Фронт хутка набліжаўся. Спачатку непадалёку ў Крывошыне стаяў фашысцкі гарнізон, затым карнікі з’явіліся ў Залужжы. А ў Свяціцы за лета 1941 года акупанты так і не аб’явіліся. Але чуткі і расказы відавочцаў пра зверствы захопнікаў парушылі бачны спакой. А вось свае — так мы называлі байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне і сталі партызанамі — не-не ды і наведваліся ў вёску. Свяцічане дзяліліся з народнымі мсціўцамі ежай, адзеннем, абуткам, даставалі для іх усімі праўдамі і няпраўдамі медыкаменты. Так Свяціца стала партызанкай — мужнай, баявой, не скоранай ворагу. Тым больш, што фашысты тут пабывалі ўжо неаднойчы.
Часта, але толькі днём, гітлераўцы на машынах прыязджалі ў вёску, здзекаваліся над людзьмі, рабавалі. Было не толькі страшна, але і агідна, балюча ад таго, што на сваёй роднай зямлі трэба цярпець такія пакуты і абразы.

Вучні Свяціцкай СШ шануюць, памятаюць...

Свяціца… У чым жа твая віна, вёсачка, што фашысты за тысячу кіламетраў прыйшлі, каб пакалечыць цябе, абрабаваць і дашчэнту спаліць? Як аказалася, усё да цынізму проста. У фашысцкім логаве — стаўцы Гітлера — былі распрацаваны шматлікія нацысцкія карныя аперацыі накшталт «Зімовага чараўніцтва», якую планавалі правесці ў беларуска-літоўскім паграніччы ў лютым-сакавіку 1943 года. Усяго ў гэтай зоне за паўтара месяца было спалена 430 населеных пунктаў, многія з якіх з людзьмі. А яшчэ былі «Гарнунг», «Цёплы вецер», «Альтона», «Баклан»… Гэта па іх — загінулых жыхарах спаленых вёсак, у тым ліку і Свяціцы — праз дзесяцігоддзі звіняць званы Хатыні. Яны — старонкі той жудаснай вайны, абвінаваўчы прыгавор фашызму.
Першы раз карнікі хацелі спаліць Свяціцу менавіта ў студзені-лютым 1943 года. Вось што ўспамінала мясцовая жыхарка Таццяна Андрэеўна Русакевіч: (з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»): «Партызаны папярэдзілі, што фашысты збіраюцца спаліць вёску, кажуць, што Свяціца — бандыцкае гняздо. У тую страшную ноч мы не спалі і калі пачулі крык дзевера Міхаіла: «Немцы!», хуценька кінуліся з хаты наўцёкі. А ў мяне трое дзяцей, самы малодшы Ромка — яшчэ грудны, прывязала яго ў хустцы да грудзей, так і насіла. Толькі мы на вазах кінуліся да лесу, як насустрач таксама на вазах — людзі ў белым адзенні. Адразу падумалі, што партызаны прыехалі нам на дапамогу. Аказалася — карнікі. Пачалася стральба, яны стралялі па дзецях, жанчынах, не шкадуючы нікога. Мы пападалі ў снег. Немцы падышлі, тыкалі стрэльбамі, патрабавалі, каб мы падымаліся. Сястру маю тады забілі, а мяне паранілі ў галаву. Прывезлі разам з дзецьмі ў зруб, які стаяў на ўскрайку. Пачалі распытваць, дзе партызаны. Я не ведаю. І сапраўды не ведала. Хлеб спячы, адзенне падрамантаваць — дапамагала, а дзе знаходзяцца — не ведала. Білі фашысты мяне тады моцна. Дзеткі, Маша і Мішка, туляцца да мяне, плачуць. Прымусілі каты разбуцца, стаю босая, але холаду ўжо не адчувала ад страху. Сынок Мішка ўсё нейкай анучай спрабаваў мне ногі абкруціць, плакаў: «Табе ж, мамка, холадна». Затым разам з іншымі прыгналі ў хату да Рамана Курловіча, зноў білі, потым паставілі да сцяны васьмёра дарослых і пяцёра дзетак, насупраць каля дзвярэй — немец з кулямётам. Раптам у хату «ўляцеў» іх афіцэр і забараніў расстрэльваць. Людзі потым казалі, што нібыта латышы нас тады ад смерці выратавалі. Вярнуліся мы ў вёску. Пахавалі забітых, а самі паўцякалі ў лес: вырашылі больш з лёсам у гульні не гуляць«.
Тады большасць свяцічан, у тым ліку і наша сям’я, перабралася ў навакольны лес. З хваёвых галін зрабілі буданы, так і жылі… Зіма 1943 года была вельмі сцюдзёнай — маразы, завеі. Цёплага адзення амаль не засталося — у чым выбеглі з хаты, у тым і хадзілі. Смялейшыя і маладзейшыя іншы раз бегалі ў вёску, каб хоць бульбы з капцоў дастаць. Сам такім чынам неаднойчы ў Свяціцу наведваўся. Канешне, рызыкаваў. А што зробіш, трэба было нейкім чынам выжываць. Але, нягледзячы ні на што, Свяціца жыла, няхай не ў вёсцы — у лесе, у нечалавечых умовах — але жыла! І зноў чым магла дапамагала партызанам, а яны ёй.
Вось што ўспамінала Таццяна Піліпаўна Курловіч, якой на той час было 10 гадоў (з кнігі «Памяць»): «Ляжым у будане каля вогнішча адзін ля аднаго, шчыльненька так. Мароз аж трашчыць… Меншыя есці просяць, а мы маўчым, церпім. Мая сястрычка Нінка, якой паўтара годзіка было, ноччу ручкі высуне з-пад радзюжкі, а мароз іх і прыхопіць, на раніцу бачым, што на ручках скура палопалася і кроў цячэ. Мама вельмі галадала — усё нам, дзецям, аддавала, нас у яе шасцёра было… Старэйшы брат у вёску бегаў, але што адтуль асабліва можна было прынесці?».
А тым часам трагедыя Свяціцы набліжалася да жудаснай развязкі. 11 сакавіка 1943 года. Гэта дата стане чорным днём не толькі для тых, хто тады жыў тут, але і для іх нашчадкаў. Для ўсіх нас — землякоў. І з года ў год нямыя сведкі — лясы і бары — складаюць сваім гаманлівым шапаценнем то ўзвышаныя балады, то былінныя аповеды пра той вогненны дзень. Да вызвалення Беларусі заставалася яшчэ больш года…
11 сакавіка 1943 года многія з лесу, у тым ліку і я, пайшлі ў Свяціцу, каб зноў хоць што-небудзь узяць з прадуктаў. Многія да вёскі так і не дайшлі, карнікі іх лавілі, расстрэльвалі, палілі ў хатах, пабудовах разам з усёй вёскай. З успамінаў Таццяны Курловіч (з кнігі «Памяць»): «Убачылі, што немцы ідуць на наш востраў, разбягаліся хто куды. Фашысты лавілі, моцна білі матчыну сястру Вольгу, якая была цяжарнай, падкідвалі нагамі. Мы кінуліся бегчы глыбей у лес. У мамы зусім не было сіл, яна ледзьве паўзла. Брацік Юлік, якому было 8 гадоў, поўз апошнім і рукою снег замятаў, каб вылюдкі нас не знайшлі. Так і ўратаваліся. Добра, што не было сабак. Вярнуліся пасля ў вёску — усё начыста спалена, і наша гаспадарка таксама. Як жыць?..»
Некаторых свяцічан азвярэлыя фашысты пахапалі і спалілі ў суседнім Залужжы ў гэты ж дзень — жывымі ў агонь… Ганна Буйкевіч, Іван Буйкевіч, Канстанцін Буйкевіч, Кацярына Буйкевіч, Вольга Курловіч, Марыя Курловіч, Рыгор Курловіч, Піліп Курловіч… Яны згарэлі ў агні вайны. У той страшны дзень ад вёскі засталіся коміны, вуголле і могілкі. Літаральна праз некалькі дзён лёс маёй Свяціцы паўтарыла Хатынь…
Але тыя, хто застаўся ў жывых, не скарыліся, не зламаліся, выжывалі як маглі. На месцы спаленай вёскі выкапалі зямлянкі, а вёска засталася партызанскай.
Пасля вызвалення ад акупацыі свяцічане разам адраджалі вёску. Пасля Перамогі сюды вярталіся нашы франтавікі, і слёзы былі на вачах мужных салдат, якія прайшлі пекла вайны, ад убачанага і пачутага ад жывых сведкаў свяціцкай трагедыі. У першы пасляваенны год у дашчэнту спаленую Свяціцу па размеркаванні прыехала разам з сяброўкай і мая будучая жонка Соф’я. Дарэчы, першы зроблены ў вёсцы зруб адвялі менавіта пад школу, а яго гаспадары жылі ў выкапанай зямлянцы. Значна пазней пабудавалі вялікую школу, у якой, напрыклад, у 70-80-я гады мінулага стагоддзя вучылася да 400 вучняў. Тады і быў створаны знакаміты школьны музей партызанскай славы, ля вытокаў якога стаялі Вера і Уладзімір Шыловічы.
Мяне прызвалі ў дзеючую армію летам 44-га пасля вызвалення раёна, ваяваў у пяхоце, каля Познані быў моцна паранены. З вайны вярнуўся з узнагародамі, сярод якіх ордэн Айчыннай вайны І ступені.
А Свяціца дзень за днём будавалася, прыгажэла, у 1949 быў арганізаваны калгас — жыццё наладжвалася і, на шчасце, вось ужо 68 гадоў — мірнае.
Сёлета 11 сакавіка ў Свяціцкай сярэдняй школе прайшла ўрачыста-жалобная акцыя, прымеркаваная да 70-й гадавіны таго трагічна-вогненнага дня, калі наша вёска была дашчэнту спалена фашыстамі. На экране адзін за адным змяняліся кадры фотаздымкаў, успаміны сведкаў, школьнікі чыталі вершы, спявалі патрыятычныя песні, быў праведзены конкурс сачыненняў. Запамінальнай была і экскурсія ў школьны музей партызанскай славы, у якім шмат экспазіцый прысвечана трагічнай даце. Сапраўды, ніхто не забыты і нішто не забыта.

Адступае з гадамі гора. Але мы не можам, не маем права забыць тое, што здарылася ўжо больш за 70 гадоў назад у Хатыні, Дальве, Свяціцы… Амаль не засталося руінаў Вялікай Айчыннай. Ля брацкіх магілаў і мемарыялаў растуць дрэвы. Навокал віруе мірнае жыццё. Нашчадкі герояў ведаюць пра жахі вайны са старонак кніг і архіўных дакументаў, кінафільмаў і расказаў удзельнікаў тых падзей. Але па-ранейшаму звіняць званы Хатыні. Яны нагадваюць зноў і зноў пра тое, як вялікі народ заваяваў Вялікую Перамогу.
Запісала Галіна КАНЬКО.

Рэдакцыя ўдзячна Свяціцкай СШ за прадастаўленыя фотаздымкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *