Віншуем нашу Беларусь!

Родная. Любімая. Незалежная. Самая прыгожая.
З Днём Рэспублікі сваю краіну гэтымі днямі віншуюць і нашы землякі.
Сярод галоўных пажаданняў – міру, згоды і народнага адзінства.

Мікалай ТАРЛЮК, дырэктар ААТ «Нача», старшыня раённага філіяла Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза:
– З кожным годам усё больш нагоды ганарыцца нашай цудоўнай прыгожай Радзімай, яе працавітым і добразычлівым народам. Калі чуеш пра чарговае дасягненне – у працы, навуцы, культуры, спорце, адчуваеш непамерную радасць за краіну, за людзей, якія яе славяць. Сіла беларусаў у адзінстве – спраў, думак, памкненняў, у жаданні зрабіць Беларусь яшчэ больш моцнай, каб у нас і нашчадкаў было дастойнае сёння і надзейнае заўтра. І толькі разам, аб’яднаўшы намаганні, мы можам супрацьстаяць разнастайным санкцыям, якія, у першую чаргу, б’юць па чалавеку працы і накіраваны супраць усяго нашага міралюбівага народа.
Зараз аграрыі рыхтуюцца да адказнейшай сельскагаспадарчай кампаніі – жніва, чарговага кроку да забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Работнікі нашага сельгаспрадпрыемства прыкладуць усе намаганні, каб дастойна правесці ўборачную.

Людміла БУЦЬКО, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:
– Дзень Рэспублікі для мяне асабіста – свята важкае і значнае. Гэта свята беларускай дзяржаўнасці і вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дата, якая злучае мінулае з днём сённяшнім і аб’ядноўвае пакаленні, сімвалізуе гераізм нашых дзядоў і прадзедаў. Час паказвае, што незалежнасць трэба цаніць і берагчы. Цаной вялікіх страт была заваявана Перамога. Трэба пра гэта памятаць і часцей нагадваць моладзі.
Радасна, што ў Беларусі ўкараняюцца інавацыйныя тэхналогіі, робяцца важкія адкрыцці і дасягненні. Гэта мір, гэта развіццё і наш дабрабыт. Для дзяцей створана разгалінаваная сістэма адукацыі, ёсць усе ўмовы для развіцця здольнасцяў. Галоўнае – яны жывуць у мірнай краіне. Сёння прафсаюз на варце інтарэсаў працаўнікоў, на кантролі трымаецца і ўзровень зарплаты. У цяжкі эпідэміялагічны час у цэнтры ўвагі – аздараўленне. Надбаўкі па кантракце ў сістэме адукацыі ўстаноўлены ў памеры не менш за 10 працэнтаў. Прафсаюз імкнецца да змяншэння колькасці кантрактаў тэрмінам на год.
Каб людзі глядзелі ў заўтра ўпэўнена, у асноўным  кантракты заключаюцца на тры і пяць гадоў.
Вельмі негатыўна я і мае калегі адносімся да нядаўна ўведзеных санкцый Еўрапейскага саюза. Разумеем, што яны адаб’юцца на эканоміцы краіны, адпаведна, і на ўсіх нас і нашых сем’ях. Мы за тое, каб нашы работнікі своечасова і ў поўным аб’ёме атрымлівалі зарплату, ветэраны – пенсіі, а мнагадзетныя сем’і – неабходную дзяржаўную дапамогу. Нашы ўстановы адукацыі фінансуюцца з бюджэту, за бюджэтныя сродкі ствараюцца належныя ўмовы для навучання і выхавання рабят.
Мы за захаванне сацыяльных і працоўных правоў работнікаў, за ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Валянціна РУСАКЕВІЧ, дырэктар СДЮШАР:
– Набліжаецца галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстасцях, што будуць ладзіцца ў Ляхавічах, як заўжды, прымуць удзел і нашы выхаванцы. Яны з году ў год услаўляюць Ляхавіччыну, Брэстчыну, Беларусь на разнастайных спартыўных стартах. Адчуваеш ні з чым не параўнальныя эмоцыі, калі на міжнародных спаборніцтвах у гонар перамогі беларускага спартсмена ўздымаецца наш Дзяржаўны флаг і гучыць гімн Радзімы. Спадзяюся, што і на Алімпійскіх гульнях, якія хутка пачнуцца ў Японіі, такіх шчымлівых імгненняў будзе нямала.
І зусім незразумела палітыка тых, хто выступае як за эканамічныя санкцыі, так і за тое, каб не дапусціць беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў ці прымусіць іх выступаць пад нейтральным сцягам. А тое, што некаторыя міжнародныя спартыўныя федэрацыі адмянілі правядзенне спаборніцтваў у Беларусі, дзе выдатная спартыўная база і станоўчы вопыт правядзення такога кшталту мерапрыемстваў, толькі ўдарыла па галоўнай ідэі спорту, які павінен быць па-за палітыкай.

Ірына ПРАНЕВІЧ, выпускніца Жарабковіцкай СШ  імя М. Г. Мінкевіча:
– Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь для мяне, выпускніцы школы, – магчымасць распараджацца сваім лёсам па ўласным сцэнарыі. Люблю сваю малую  радзіму – Жарабковічы, ганаруся, што жыву ў Беларусі. Мару стаць добрым педагогам і вучыць дзяцей, як мая мама.
На ўроках гісторыі і грамадазнаўства шмат разважалі пра тое, якім павінен быць сапраўдны грамадзянін краіны. Лічу, што сёння, як ніколі, запатрабаваны людзі добрасумленныя і адказныя, якія сваёй плённай працай садзейнічаюць росквіту краіны і для каго патрыятызм – паняцце вельмі важнае.