Пакет камфортных пакупак. У першую суботу ліпеня прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі спажыўкааперацыі Ляхавіцкага раёна

У Ляхавіцкай райспажыўкааперацыі ведаюць, як зрабіць так, каб пакупнік, аднойчы завітаўшы ў магазін, кафэ, да аўталаўкі, вярнуўся за таварам яшчэ і яшчэ. Галоўныя інструменты, як адзначае старшыня праўлення мясцовага райпо Васілій Некрашэвіч, – якасць, цанавая даступнасць, багаты асартымент. Адным словам, усё для таго, каб ляхавічане атрымлівалі ад абслугоўвання камфорт і толькі станоўчыя эмоцыі.

Сёння гандлёвая сетка райпо забяспечвае неабходнымі прадуктамі і прамысловымі таварамі вялікія і малыя населеныя пункты на карце Ляхавіччыны. Калі перавесці ў лічбу, атрымаецца  9 гарадскіх магазінаў, 53 – у сельскай мясцовасці, курсіруюць па раённых дарогах шэсць аўталавак.
«Родны кут», «ProЗапас», «Траторыя», «Еда&Кофе», «Ластаўка»… – ужо брэндзіраваныя назвы, што працуюць пад эгідай райспажыўкааперацыі.
Сярод шматлікай прапановы многія выбіраюць менавіта Белкаапсаюз – давяраюць айчыннаму брэнду. Трымае рэйтынг у гэтым плане і харчовы магазін «ProЗапас», які ўтульна размясціўся па адрасе: вуліца Леніна, 45 у райцэнтры.
Ветлівасць і далікатнасць у абслугоў-ванні – візітная картка гандлёвай кропкі. Прадуманае і вельмі зручнае размяшчэнне дазваляе хутка зарыентавацца і знайсці неабходны тавар. А яркія банеры падкажуць выгадны варыянт для куплі. У «ProЗапасе» пакупнікам прадстаўлены асартымент тавараў са скідкай пры куплі ад трох адзінак. Ёсць і акцыйны пакет тавараў.
– Тавараабарот добры. Ляхавічане не мінаюць магазін, давяраюць выбар менавіта нашай прадукцыі. Асабліва запатрабаваны каўбасныя вырабы, кан-дытарка. Хлебабулачная прадукцыя ўласнай вытворчасці – увогуле любіміца пакупнікоў, разлятаецца на ўра. Стараемся, каб і тавар быў разнастайны, сезон пачаўся – фруктаў і агародніны ўдосталь. Таксама толькі паспяваем папаўняць, тым больш кошт вельмі прывабны, – адзначае загадчыца гандлёвага аб’екта Наталля Кісель.
І хоць Наталля Юр’еўна не мясцовая, але тут свая. Працуе з моманту адкрыцця. Наогул, калектыў тут невялікі, але згуртаваны. І для маладой супрацоўніцы Вольгі Чабак «ProЗапас» стаў першым працоўным месцам. Тут праходзіла вучэбную практыку, засталася адпрацоўваць, а нядаўна вырашыла прадоўжыць у магазіне засвойваць прафесійныя навыкі.
Аператар Уладзімір Шумскі, прадаўцы Жанна Машэй, Кацярына Канцэлярчык, Алена Бурбіцкая стараюцца, каб абслугоўванне было на самым высокім узроўні.
Сёння спажыўкааперацыя абслугоўвае каля 24 тысяч чалавек, з іх большасць – вяскоўцы. А калектыў Ляхавіцкага райпо –  285 чалавек. І напярэдадні прафесійнага свята віншуем кожнага з гэтай нагоды.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Шаноўныя работнікі спажывецкай кааперацыі, нашы дарагія ветэраны! Напярэдадні прафесійнага свята прыміце сардэчныя віншаванні і ўдзячнасць за нялёгкую, але вельмі патрэбную працу. Дзякуючы вашым штодзённым намаганням, неабходны землякам тавар дастаўляецца нават у самыя аддаленыя маланаселеныя вёскі раёна, штораніцу ў магазіны трапляе свежы хлеб, запатрабаваны гандлёвыя аб’екты райпо і кропкі грамадскага харчавання.
Жадаем плённай працы, дабрабыту і дастатку ў кожным доме, здароўя і аптымізму.

Праўленне і прафкам Ляхавіцкага райпо.