Недзіцячыя клопаты Малышоў. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: МАЛЫШЫ

Першыя згадванні пра вёску Малышы Крывошынскага сельсавета датуюцца 1789 годам. Тады яна была ўласнасцю каталіцкай царквы і знаходзілася ў Навагрудскім ваяводстве. За сваю больш чым двухсотгадовую гісторыю вёсачка перажыла шмат падзей. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Нясвіжскага і Слуцкага паветаў. У свой час тут гаспадарылі шляхцічы Рдултоўскія і Навіцкія.

У Вялікую Айчынную вайну з 1941-га па 1944 год Малышы разам з іншымі вёскамі раёна апынуліся  пад фашысцкай акупацыяй. Пра тое, як раней жылі, працавалі і адпачывалі ў Малышах, карэспандэнту «ЛВ» расказалі мясцовыя жыхары.

Гаспадынька Паліна

Уладзімір Мішкевіч з унучкай Палінай.

У першым доме нас сустракае маленькая гаспадынька. Паліна прыехала ў госці да дзядулі і бабулі, актыўна дапамагае па гаспадарцы – ачышчае бульбу ад парасткаў. Тут жа дзядуля Уладзімір Мішкевіч.

Нарадзіўся ён у вёсцы Заліпенне. За жонкай Валянцінай пераехаў у Малышы ў дом цесця і цешчы. У сям’і нарадзіліся сын і дачка.

Працаваў Уладзімір у Крывошыне ў майстэрнях, жонка спачатку ў аптэцы, а пасля санітаркай у мясцовай бальніцы. Разам Уладзімір і Валянціна Вайцешыкі ўжо 40 гадоў, дачакаліся траіх  унукаў.

Паліна з бацькамі жыве ў Крывошыне, таму добра ведае, як упраўляцца па гаспадарцы.

– Дзядуля, глядзі! Кураняты ўцяклі!

І дзяўчынка пачынае збіраць жоўтыя ціўкаючыя камячкі і акуратна саджаць іх назад у загончык.

– Раней у нас у вёсцы жылі больш за сто чалавек. У кожным доме трымалі па некалькі кароў. Уяўляеце, які статак быў? А яшчэ свінні, куры, козы, качкі… Трэба было нарыхтоўваць сена, вырошчваць бульбу, палоць агароды. Работы, асабліва летам,  хапала. А восенню па грыбы ездзілі, збіралі ўраджай, рабілі нарыхтоўкі на зіму, – успамінае пенсіянер.

Свае працоўныя будні сям’я імкнецца разбаўляць яркімі фарбамі. Здалёк прыцягваюць увагу распісаныя сцены летняй кухні: на жоўтым фоне – вялікія чырвоныя кветкі. Любата!

Стараста Вячаслаў Уладзіміравіч

Двор сям’і Равякаў сустракае ідэальным парадкам і чысцінёй. Ужо шмат гадоў тут жыве пара Вячаслава Уладзіміравіча і Веры Іванаўны. Гаспадар дома лічыцца старастам вёскі, заўсёды ў курсе падзей, падкажа і дапаможа.

Вячаслаў Равяка нарадзіўся на хутары каля лесу недалёка ад вёскі. Дзіцячых успамінаў пра вайну засталося зусім няшмат, некаторыя з расказаў бацькоў.

– Мама расказвала, калі пачыналі страляць немцы, людзі адразу ўцякалі ў лес. Часам даводзілася хавацца там днямі. А яшчэ немцы прыходзілі па вечарах: рабавалі, выносілі з дамоў усё. Расказвала, як гарэлі Шчэрбава, Завінне… Як было страшна … – успамінае пенсіянер.

Тры класы скончыў у мясцовай школе, а потым перайшоў вучыцца ў Крывошын.

– Вы, калі ў вёску заязджалі, бачылі на павароце ліпы? Каля іх калісьці стаяла школа. Яе перарабілі з былога панскага маёнтка. Раней умовы не такія былі. Пра электрычнасць нават не чулі, асвятлялі ўсё газавымі лямпамі. І ручак шарыкавых не было, з сабой чарніліцы насілі. Пакладзеш усё ў сумку з тканіны,а не ўсочыш – чарніла залье кнігі, – гаворыць Вячаслаў Уладзіміравіч.

Вера Равяка.

Са сваёй жонкай Верай Іванаўнай быў знаёмы яшчэ з дзяцінства, разам хадзілі ў школу, ездзілі працаваць у калгас.

– Неяк у перапынак паехалі з астатняй моладдзю катацца на лодцы. Гляджу, якая прыгожая дзяўчына. А гэта Вера. Тады паглядзеў на яе па-іншаму, – смяецца вясковец.

Жылося моладзі ў той час весела. Збіраліся ў каго-небудзь дома, арганізоўвалі танцы. У вёсцы пабудавалі клуб, бібліятэку, прывозілі кіно.

У армію Вячаслава забралі ўжо жанатым чалавекам. Падчас службы пабываў у Крандштаце, Вілейцы. Сорак гадоў мужчына працаваў санітарам у псіхіятрычнай бальніцы. Жонка там жа – сястрой-гаспадыняй.

Усё жыццё трымалі гаспадарку, вырошчвалі агародніну. Такія парадак і арганізаванасць у двары сустрэнеш не на кожным участку і ў моладзі. Асаблівая аддушына гаспадыні – кветнік каля дома.
А які водар бэзу сустракае гасцей!

Вячаслаў Равяка.

Адзін з нямногіх Вячаслаў Уладзіміравіч дагэтуль трымае каня.

– Гэта цяпер шмат агрэгатаў і тэхнікі. А раней конь быў незаменным памочнікам у гаспадарцы, – гаворыць пенсіянер.

Рэцэпт шчасця для сябе сям’я склала самы просты: любоў,  узаемаразуменне і сумленная праца на зямлі.

Са сталіцы ў Малышы

Малышоўскі краявід.

Энергічнасці і жыццялюбству Алены Казакевіч пазайздросцяць многія. Да таго ж яна, як сама прызнаецца, ніколі не баялася перамен і заўсёды адкрыта ўсяму новаму. Чатыры гады назад сям’я без шкадавання змяніла сталічнае жыццё на ўтульны домік і гаспадарку ў Малышах. Алена і яе муж Сяргей з Дзяржынска. Яна па адукацыі інжынер-тэхнолаг тэкстыльнай вытворчасці,  муж – будаўнік. Жылі і працавалі ў Мінску.

– Калі прынялі рашэнне пераехаць у Малышы, многія здзіўляліся: як можна прамяняць сталіцу на жыццё ў невялікай вёсачцы? А што ў Мінску? Жывеш па аднастайным распарадку: дом – праца – канапа. А ў вёсцы ўвесь дзень у працы, сонца, чыстае паветра, свае натурпрадукты. Калі трэба ў горад – так у мяне правы ёсць і машына, – гаворыць Алена.

Дом сям’і Казакевічаў застаўся ад Аленінай бабулі. Сюды яна прыязджала летам на канікулы, дапамагала па гаспадарцы. Калі пераехалі, зрабілі касметычны рамонт, правялі неабходныя камунікацыі.

Гаспадарку пачалі з адной каровы. Зараз у статку шэсць дойных кароў, чатыры цялушкі, бычок, а таксама куры і свінні. Гаспадыня з задавальненнем праводзіць экскурсію па сваім прысядзібным участку: вось у цяпліцы – памідоры, побач – агарод са свежай зелянінай, крыху далей – садок. Для сваіх дзяцей абсталявалі гульнявую пляцоўку. На лузе недалёка ад дома мірна адпачывае статак.

– Мае кароўкі, – паказвае гаспадыня.

Столькі зроблена, а колькі яшчэ планаў! У бліжэйшы час сям’я хоча паспрабаваць сябе ў сыраварстве, купіць для работы новы трактар… Алена пра гэта расказвае з такім запалам і натхненнем, што разумееш: у іх усё абавязкова атрымаецца.

– Так, жыццё ў вёсцы адрозніваецца ад гарадскога: ты ўвесь час у руху, пастаянна чым-небудзь займаешся. Бо вынік заўсёды залежыць ад цябе, ад тваіх старання і працавітасці, – гаворыць Алена Казакевіч.

Лета. Вёска. Рамонкі

Аляксандр і Ніна Вайцешыкі.

Улетку Малышы патанаюць у кветках. Півоні, язмін, бэз, касачы… А які водар! Клумбы мясцовых гаспадынь дзівяць сваёй разнастайнасцю. У Ніны Вайцешык кветнік таксама заглядзенне. Прыгажосць жанчына наводзіць не толькі на прысядзібным участку, але і за яго межамі.

– Вельмі люблю кветкі. Яркія фарбы заўсёды падымаюць настрой, упрыгожваюць любую тэрыторыю. Зрабіла кветнік перад плотам: няхай рамонкі радуюць і тых, хто прыехаў у нашу вёску, – гаворыць пенсіянерка.

Нарадзілася яна тут, у Малышах. Чатыры класы скончыла ў мясцовай школе, потым пайшла вучыцца ў Крывошын.

– Раней у вёсцы былі клуб, магазін, бібліятэка. Але, акрамя забаў, летам было і шмат работы. Палолі буракі, лён. Зараз, калі пачынаю ўспамінаць, колькі працы перараблялі за лета, не верыцца, што такое вытрымлівалі, – успамінае Ніна Вайцешык.

Са сваім будучым мужам пазнаёмілася ў Галаўнінцах, дзе працавала ў калгасе бухгалтарам. Маладая сям’я пераехала ў дом бацькоў Ніны Пятроўны, нарадзіліся трое дзяцей.

У вёсцы жыццё цячэ спакойна і мерна. У цёплыя летнія вечары можна выйсці пасядзець на лавачцы, панастальгаваць па былых часах.

– Вельмі шкада, што ў нас застаецца ўсё менш людзей. Вось дом пусты, наступны, – паказвае пенсіянерка. – Раней летам моладзь ладзіла вячоркі на лаўках, ігралі на гармоніку, танцавалі, весяліліся. А зараз – цішыня.

Дом з матыльком

Аляксандра Аўсей з сынам Леанідам.

Дом пенсіянеркі Аляксандры Аўсей бачны здалёк: яркі аранжава-жоўты фасад упрыгожвае матылёк. Прысядзібны ўчастак заслугоўвае асобнай увагі: усюды кветкі, туі, агарод ідэальна выпалаты. Як прызнаецца гаспадыня, уся прыгажосць – заслуга дзяцей, якія зараз ва ўсім ёй дапамагаюць. Аднак і яна, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост (нашай гераіні 83 гады), стараецца больш рухацца.

Нарадзілася Аляксандра Аляксандраўна ў вёсцы Нетчын. Яшчэ дзіцем заспела вайну.

– Памятаю, як мы малыя ад немцаў хаваліся на печы, як уздрыгвалі ад аўтаматных чэргаў, што страшным рэхам разносіліся па акрузе. А яшчэ да нас у дом прыносілі параненых партызанаў, – і зараз голас пенсіянеркі дрыжыць ад успамінаў.

Бацька загінуў на вайне, і маці давялося адной падымаць траіх дзяцей.

У 1958 годзе Аляксандра пайшла замуж і пераехала ў Малышы. У сям’і нарадзіліся чацвёра дзяцей. Завялі вялікую гаспадарку: коз, каня, кароў, курачак. Пенсіянерка 30 гадоў працавала санітаркай, яе муж – у лясніцтве.

Зараз у бацькоўскай хаце гасцюе сын Леанід. Ён працуе ў Баранавічах, графік зручны – два цераз два. Свае выхадныя стараецца праводзіць на бацькаўшчыне.

– Хоць ужо доўгі час жыву ў горадзе, заўсёды цягне сюды, у вёску. Як тут добра спіцца, якое свежае паветра, прырода. Бацькі заўсёды прывівалі любоў да працы, вучылі апрацоўваць зямлю, даглядаць гаспадарку. Да таго ж цяпер трэба яшчэ больш дапамагаць маме, – гаворыць Леанід Мікалаевіч.

Багатая Аляксандра Аляксандраўна на ўнукаў і праўнукаў. Увогуле іх у яе ўжо 24. А што яшчэ для шчасця трэба?

Вікторыя і яе Зорка

Вікторыя Равяка.

Вікторыю Равяка ў вёсцы ведаюць усё. А ўсё таму, што працуе сацыяльным работнікам, і для пажылых аднавяскоўцаў яна незаменны памочнік. У Малышы ўслед за мужам пераехала восем гадоў назад з вёскі Волькі. Купілі тут дом, завялі гаспадарку: карову, быка, свіней, гусей, курэй, трусоў, а яшчэ двух катоў і чатырох сабак. Дарэчы, верныя ахоўнікі Барбос і Тобік ні на крок не адстаюць ад гаспадыні і апавяшчаюць гучным брэхам, што побач чужынцы.

– Муж – добрая душа. Не можа прайсці міма бяздомных шчанюкоў. Прывозіць дадому, так у нас і разрастаецца гаспадарка, – смяецца Вікторыя.

Але і сама жанчына вельмі любіць жывёл і сваё вясковае жыццё. Калі ёсць вольны час, абавязкова завітае на пашу, дзе пасецца любіміца – карова Зорка. І жывёла цягнецца да гаспадыні, абліжа яе руку сваім шурпатым языком.

– Люблю вёску, люблю людзей, якія ў ёй жывуць: простых, ветлівых, гасцінных. Прырода, чыстае паветра, прыгожыя світанкі і захады. Так, тут і работы хапае круглы год. Але дыхаецца лёгка і хочацца перарабіць шмат-шмат спраў, – гаворыць вяскоўка.

Вуліца ў вёсцы Малышы.

Развітваемся з вёскай Малышы з поўнай упэўненасцю – назву ёй далі па якасцях характару яе жыхароў. Разам з працавітасцю, сумленнасцю і любоўю да радзімы яны такія ж адкрытыя, бескарыслівыя і аптымістычныя, як дзеці.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.