«Ляхавіцкі веснік»— пераможца абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый гарадскіх і раённых газет па выніках мінулага года

Іванаўская старонка журналісцкага фэста. Можна сказаць так, і гэта будзе праўдзіва: старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар запрасіў журналістаў у Іванава.

Удакладнім: на гэты раз у Іванава, таму што цырымонія ўзнагароджання пераможцаў штогадовага спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, гарадскіх і раённых газет, тэлебачання і радыё, прафесіянальных журналістаў Брэстчыны праводзілася неаднойчы ў абласным цэнтры, у Тамашоўцы Брэсцкага раёна, на Пружаншчыне, у Кобрыне, Белавежскай пушчы… Слаўная геаграфія, якая мае на ўвазе знаёмства з роднай Брэстчынай, адкрыццё яе куточкаў, як гавораць, з блізкай адлегласці, праз сардэчнае ўспрыманне і захапленне. Што і на гэты раз адчувалася ў поўнай меры ў Іванаве.
Пачаўся журналісцкі фэст цырымоніяй узнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва. Канстанцін Сумар падзякаваў журналістам за творчую працу, падкрэсліў іх дачыненне да развіцця народна-гаспадарчага комплексу Брэстчыны. Гаварыў аб выніках работы ў гэтым годзе, тэндэнцыях і арыенцірах, галоўных напрамках развіцця, спыняўся на праблемах, акцэнтаваў увагу на пытаннях мадэрнізацыі, ходу корманарыхтовак, развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, прамысловасці, будаўніцтва. Па выніках першага квартала года ёсць пэўная станоўчая дынаміка росту ўсіх асноўных паказчыкаў мадэрнізацыі. Мы паспяхова нарошчваем экспарт тавараў. Па аб’ёмах паставак на экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ўтрымліваем першае месца ў рэспубліцы.
Пульс Брэстчыны рытмічны і напоўнены. Мы жывём, мы развіваемся, удасканальваемся, мы — у шляху стваральным. І ў гэтым шляху асаблівая роля належыць СМІ. Канстанцін Сумар нагадаў пра адказнасць журналістаў перад грамадствам, пра вартасць друкаванага радка, пра аб’ектыўнасць і ўменне бачыць, заўважаць, адзначаць тое станоўчае, чым поўніцца жыццё краіны, вобласці, раёна, а таксама праблемы, якія належыць вырашаць; пра канструктыўную крытыку і ролю СМІ ў выхаванні падрастаючага пакалення.
На прыкладзе Іванаўскага раёна відавочна, як многа робіць дзяржава для развіцця рэгіёнаў. Не хлебам адзіным жыве чалавек — ісціна вядомая і ёмістая. Ведаць і шанаваць свае карані — без гэтага немагчыма. Іванаўшчына дала свету шмат таленавітых людзей, гістарычных асоб, шануе памяць пра іх. Мы пабывалі ў музейным комплексе славутага Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы — экскурсія, бы ўрок гісторыі, праведзены таленавітым педагогам. А вось ужо дзень сённяшні — адзіная і ў СНД, і ў Беларусі Іванаўская школа бондарства. Народнае рамяство, яго сакрэты ў сучасным выкананні — гэта цуд!

Гасцінна сустракалі гасцей на іванаўскай зямлі.

Прыемна ўразіла і развіццё агратурызму ў Іванаўскім раёне. Аграсядзібы «Заранка» і «Лясная» — астраўкі камфорту, спакою і станоўчых эмоцый, у тым ліку ад прыгожай прыроды і рукастваральных зручнасцяў для адпачываючых. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што турызм заявіў пра сябе ў прадпрымальніцтве вобласці як галіна з добрымі перспектывамі. Прадпрымальніцтва на Брэстчыне развіваецца. Развіваецца і агратурызм — 222 аграсядзібы ў вобласці аказваюць свае паслугі, найбольш іх у Камянецкім, Брэсцкім, Кобрынскім, Баранавіцкім раёнах. Дзяржава падтрымлівае прадпрымальнікаў, якія займаюцца агратурызмам. Для развіцця сельскага турызму Белаграпрамбанкам выдадзена 62 ільготныя крэдыты на 3,1 млрд. рублёў. Ну, а ілюстрацыяй у тэму былі канкрэтныя адрасы ў Іванаўскім раёне. Суцэльнае захапленне — калі коратка пра ўражанні.
А яшчэ ўсе ўдзельнікі журналісцкага фестывалю пабывалі на месцы былога падпольнага сельскага Савета, які дзейнічаў у 1943-1944 гадах у вёсцы Калена, і ўсклалі кветкі да помніка ў гонар яго, сустрэліся з удзельнікам і відавочцам тых даўніх гераічных падзей.
…Але вернемся да фестывальнай нагоды. Усё пачыналася з цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў, якім Канстанцін Сумар уручыў дыпломы. У намінацыі сярод гарадскіх і раённых газет пераможцамі сталі «Ляхавіцкі веснік» і іванаўская «Чырвоная звязда», сярод абласных і аб’яднаных — «Заря». Дыпломамі адзначаны журналісты ў персанальных намінацыях, шэраг рэдакцый — спецыяльнымі дыпломамі. Акрамя дыпломаў пераможцы атрымалі грашовыя прэміі.
Шаноўныя сябры нашай газеты!
Сёлета «Ляхавіцкаму весніку» споўніцца 70 гадоў. Сённяшні калектыў раёнкі прысвячае перамогу ў абласным спаборніцтве нашым дарагім землякам і сваім калегам, якія стваралі газету, пачынаючы з першага яе нумара. Не бывае сёння без учора, а заўтра — без сёння.
Мы ж пастараемся заўсёды выконваць свой адказны абавязак — быць сумленнымі, аб’ектыўнымі і творчымі. Як сказаў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, звяртаючыся да журналістаў: вы пішаце летапіс, вы пішаце гісторыю, вы пішаце дзеля яе шанавання і дзеля далейшага развіцця.
У журналісцкім фестывалі прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун, супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама на чале з Аляксандрам Цыральчуком, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч, старшыня абкама прафсаюза работнікаў культуры Галіна Крынец.
Усё адбылося ў мінулы чацвер. Дзякуй за свята, якое адначасова было і працягам журналісцкай працы: сёння вы чытаеце гэтыя радкі.
Вольга БАРАДЗІНА.

2 thoughts on “«Ляхавіцкі веснік»— пераможца абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый гарадскіх і раённых газет па выніках мінулага года

  • 09/06/2013 в 14:43
    Permalink

    Браво, «Ляхавіцкі веснік»! Заслуженная , а главное достойная победа среди лучших газет области! Так держать!.

  • 09/06/2013 в 20:34
    Permalink

    Поздравляю коллектив редакции! Восхищаюсь руководителем. Как опытный капитан намеченным курсом О.П. Бородина привела коллектив к очередной победе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *